Першая нядзеля Вялікага посту, Год А (01.03.2020)

Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”». 

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”». Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Але Езус сказаў яму: «Адыдзі, сатана! Бо напісана: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы”».

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.

(Мц 4, 1–11)

«Сыйдзі з крыжа!»

Сённяшні евангельскі фрагмент — гэта апісанне сцэны, калі Пана Езуса тройчы спакушаў злы дух. Памятайма, што наш Збаўца неаднойчы падвяргаўся спакушэнню. Напрыклад, Яго спакушаў Апостал Пётр. Езус гаварыў, што мусіць ісці ў Ерузалем, дзе Яму трэба будзе шмат цярпець і быць укрыжаваным, а Пётр адышоў з Ім убок і дакараў Яго: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца» (Мц 16, 21–22). Калі Езус вісеў на крыжы, ён чуў з вуснаў прысутных на Галгоце: «Сыйдзі з крыжа!». 

Гэтыя спакусы маюць адну агульную рысу — ўздзеянне злога духа палягае на пагарджанні крыжам. Спакушаючы Езуса ў пустэльні, д’ябал таксама прапануе яму тры кароткія дарогі — тры лёгкія спосабы пазбегнуць цярпення, крыжа. Першы спосаб уцячы ад крыжа — перамяніць камень у хлеб. Злы дух заахвочвае: «Езу, паддайся інстынкту голада, які адуваеш, дазволь і людзям паддавацца натуральным інстынктам голаду і сексуальнага задавальнення, тады людзі дакладна стануць Тваімі. Не паказвай ім крыжа (не заклікай да умеркаванасці і чысціні сэрца), бо тады яны не пойдуць за Табою». 

Спакушаючы Хрыста другім спосабам, больш «тэхнічнага» характару, д’ябал гаворыць Хрысту, што людзі вельмі любяць цуды і надзвычайныя з’явы, ад якіх ажно дух займае ў грудзях, і таму трэба ўвесь час даваць ім новыя цуды: «Кінься, Езу, з вышыні ўніз, паляці проста на Месяц, дзейнічаць супраць законаў прыроды, тады яны пойдуць за Табою, але не паказвай людзям крыжа (даверу да Бога), бо гэтак яны за Табою не пойдуць». 

Трэцяя спакуса — палітычная. Д’ябал хоча пераканаць Езуса, што панаванне над светам і над будучыняй свету — гэта справа палітыкі, і таму заахвочвае Хрыста выйсці на палітычную сцэну краіны, а ён, д’ябал, які пануе над усімі валадарствамі свету, тады дапаможа Езусу атрымаць перамогу: «Забудзься, Езус, пра Муку і Крыжовую ахвяру (служэнне людзям у праўдзе і любові)». 

Д’ябал тройчы спакушаў Хрыста, каб адвесці Яго ад крыжа, а гэта значыць, што гэтак жа ён спакушае сёння Касцёл. Забыцца пра самавырачэнне і самаахвярнасць — значыць адмовіцца любіць крыж і яго таямніцы. Сёння гэтыя спакусы набылі форму спажывальніцтва (маёмасць), геданізму (прыемнасць), канфармізму (кампраміс са злом) і рэлятывізму (адыход ад праўдаў веры і маралі). Гэтыя цячэнні вельмі шырока распаўсюдзіліся амаль ва ўсіх грамадствах. Як казаў некалі а. Ян Гура ОР, светам кіруюць секс, грошы і ўлада. 

Мы ўсе схільныя паддавацца спакусам, а Езус вучыць нас цвёрда іх адкідаць. Няхай нам у гэтым дапаможа час Вялікага посту. Наш шлях — наследаванне Езуса праз яднанне з Ім у малітве (сакрамэнтах), посце і любові да бліжняга. Такім чынам мы становімся вернымі сведкамі Евангелля. 


 Айцец Раман Шульц ОР

(Некаторыя думкі разважання зачэрпнутыя
з кнігі біскупа Фултана Дж. Шына «Аднаўленне і паяднанне»,
Verbinum, 2018, с. 119).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней