«Сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя…»

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, Год А (22.03.2020)

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек грэшнік». Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш».

(Мц 17, 1–9)

«Сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя…»

Ва ўсе часы нараджаліся дзеці з тымі ці іншымі фізічнымі адхіленнямі, якія не маглі самі сябе забяспечыць і, калі дажывалі да сталага ўзросту, вялі пераважна жабрацкае жыццё. Нейкім чынам паляпшэнню лёсу такіх людзей паспрыяла хрысціянства, бо яно не толькі заклікае быць міласэрнымі да хворых і ўбогіх, дапамагаючы ім у тым ліку матэрыяльна, але і надае сэнс фізічным цярпенням, ад якіх цалкам вызваліць чалавека не могуць ні самыя перадавыя сацыяльныя праекты, ні развіццё медыцыны. У сённяшнім дэхрысціянізаваным свеце рэшткі хрысціянскага менталітэту яшчэ выяўляюцца ва ўвазе да праблемаў людзей з прыроджанымі або набытымі калецтвамі, калі збіраюцца сродкі на іх лячэнне і ствараюцца ўмовы для іх большай сацыялізацыі… У той жа час стала ледзь не нормаю забойства нерароджаных дзяцей, нават цалкам здаровых, а ў шэрагу краінаў прымаюцца законы аб дабравольным самагубстве — так званай эўтаназіі… З аднаго боку, чалавечае жыццё прадстаўляецца як найвышэйшая каштоўнасць, бо нават пакаранне смерцю вялікіх злачынцаў лічыцца негуманным, а з іншага — жыццё бязвінных і безабаронных чалавечых істотаў прыносіцца ў ахвяру эгаізму блізкіх, здавалася б, людзей…

Сучаснае грамадства настолькі аддалілася ад вечных каштоўнасцяў, што яго можна параўнаць да чалавека сляпога з нараджэння, які не бачыць святла Божых праўдаў і прабывае ў цемры бязбожных уяўляенняў пра сэнс і мэту чалавечага жыцця на зямлі. Нават у касцёльных колах, на жаль, часцей гаворыцца аб паляпшэнні жыццёвых умоваў у часовым свеце, чым аб падрыхтоўцы да вечнага жыцця ў Божым Валадарстве, а без гэтага зямное існаванне чалавека апускаецца да ўзроўню жывёльнага (дарэчы, для жывёлы часам ствараюцца больш годныя ўмовы, чым могуць сабе дазволіць многія бяднейшыя прадстаўнікі чалавечага роду — ізноў парадокс). 

Думаю, адной з прычынаў такіх абсурдных сітуацый з’яўляецца тое, што нават большасць саміх хрысціянаў адышла ад належнага ўшанавання Даўцы жыцця, на месца Якога мы ставім зямны дабрабыт, камфорт, выгоды… Распаўсюджванне каранавіруса выклікае шмат неспакою, клопату і боязі суветнага эканамічнага крызісу — а гэта значыць зніжэнне ўзроўню жыцця. Але ці шмат хто бачыць у гэтай пандэміі чарговы Божы знак, які заклікае нас да навяртання, да перагляду сваіх каштоўнасцяў, поглядаў… Пад уплывам страху часам можна памыліцца ў сваіх разважаннях. Напрыклад, не варта думаць, што прыняцце Камуніі на рукі абараняе ад заражэння. Больш верагодна, што гэта адбудзецца, калі вернік (а кожны прынамсі пару разоў па дарозе ў касцёл дакрануўся да нестэрыльных паверхняў: дзвярных ручак, напрыклад) бярэ бруднымі рукамі Гостыю і кладзе ў рот, чым тады, калі святар двойчы памытымі рукамі — перад св. Імшой і падчас яе — кладзе яе ў вусны верніку, які кленчыць перад накрытай белым абрусам балюстрадай. Нездарма гэты традыцыйны спосаб з’явіўся і пашырыўся ў свеце, які часта пакутаваў ад разнастайных эпідэмій. Можа, час зноў вяртацца да яго там, дзе ён фактычна знік? Бо нават тады, калі свтар выпадкова дакранецца да вуснаў патэнцыйнага носьбіта віруса, яму нашмат прасцей выцерці пальцы спіртавой сурвэткай, якую можна трымаць пры цыборыі, чым патрабаваць гэтага ад усіх сабраных у святыні: значная частка людзей рабіць так не будзе. 

Кожная бяда: ці то асабістая, ці то паўсюдная, як пандэмія, акрамя безумоўнага зла можа мець і станоўчыя вынікі, гэтак жа, як пакутная крыжовая смерць Збаўцы прынесла нам славу вечнага жыцця. Бяда можа адкрыць чалавецтву вочы, калі яно будзе не толькі слушна рабіць усё магчымае для вызвалення ад часовага зла, але і з пакораю маліцца: «Ад заразы, голаду і вайны выбаў нас, Пане», — не баючыся паўтараць за Езусам у Аліўным Садзе: «Ойча, <...> але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Тады нам адкрыюцца таямніцы, як не паддацца духоўнаму знічшэнню і ўвайсці ў хвалу вечнага жыцця разам з уваскрослым Хрыстом. 


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней