«Радасць любові, якая жыве ў сем’ях, – гэта і радасць Касцёла»

У беларускім перакладзе выйшла папская адгартацыя «Amoris Laetitia» («Радасць любові»). Яе прэзентацыя адбылася 15 верасня ў мінскай архікатэдры. Выданне было прадстаўлена Арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.


Шматлікія дыскусіі ў СМІ, заканадаўчыя праекты, развіццё грамадскай думкі наконт сужэнства і яго формаў вымагаюць таго, каб хрысціянства таксама выказала сваю пазіцыю, каб мы паглыбілі сваё разуменне саюзу паміж мужчынам і жанчынаю. Адгартацыя вызначаецца шматгранным падыходам і глыбінёю ў разважаннях Настаўніцкага Інстытута Касцёла пра сужэнства і сям’ю.

Важнаю прычынаю крызісу сям’і Папа называе індывідуалізм, калі ўласныя жаданні «ўзводзяцца ў абсалют»: «Напружанні, выкліканыя гіпербалізаванай індывідуалістычнай культурай валодання, і прыемнасці нараджаюць у межах сем’яў сітуацыю нецярпімасці і агрэсіі». Разважаючы пра праблемы сучасных сужэнстваў, папа Францішак адначасова дадае: «Не будзем трапляць у пастку знясілення ў самаабарончых нараканнях, замест таго, каб абуджаць місійную крэатыўнасць. У кожнай сітуацыі „Касцёл заўважае патрэбу сказаць слова праўды і надзеі“» (AL, 33).

СЕКСУАЛЬНАСЦЬ У СУЖЭНСТВЕ

Разважаючы пра сужэнствы, папа Францішак надае важнае значэнне палкасці, эмацыйнасці, «гарачыні» кахання паміж мужчынам і жанчынаю: «Павінна быць прычына таго, што любоў без задавальнення і страсці становіцца недастатковай, каб сімвалізаваць еднасць чалавечага сэрца з Богам: „Усе містыкі сцвярджалі, што звышпрыродную і нябесную любоў найбольш, чым сяброўства, сыноўскія пачуцці або ахвярнае служэнне, сімвалізуе сужэнская любоў. Прычына заключаецца менавіта ў яе ўсеахопнасці“. Дык чаму ж не сказаць пра пачуцці і сексуальнасць у сужэнстве?» (AL, 142) У той жа час у адгартацыи гаворыцца, што неабходна выхоўваць у сабе сексуальнасць: «Перабольшанне, адсутнасць кантролю, апантанасць адным толькі відам задавальненняў — усё гэта вядзе да аслаблення і знішчае само задавальненне, прычыняючы шкоду сям’і» (AL, 148).

«РАЗВЕЯЦЬ КРЫЗІСЫ, ТРЫВОГІ І ЦЯЖКАСЦІ»

Святы Айцец заклікае да душпастырскай самакрытыкі, да пазітыўнай падтрымкі людзей, якія маюць цяжкасці ў сужэнстве. Сінод заклікае з любоўю ставіцца да разведзеных асобаў, якія жывуць у новых саюзах: «гэтыя сітуацыі „патрабуюць уважлівага распазнавання і суправаджэння іх з вялікай павагай <...> Клопат пра такіх асобаў не аслабляе веру хрысціянскай супольнасці і яе сведчання аб непарыўнасці сужэнства, але наадварот — праз гэты клопат яна выяўляе сваю любоў“» (AL, 243).

Г. зв. складаныя сітуацыі, якія закранаюцца ў адгартацыі, узнікаюць у сужэнствах паміж католікамі і іншымі ахрышчанымі, паміж асобамі іншых рэлігій, у сем’ях, дзе ёсць асобы з гомасексуальнымі схільнасцямі: «кожная асоба, незалежна ад сваёй сексуальнай схільнасці, павінна шанавацца з увагі на сваю годнасць і прымацца з пашанаю і клопатам, каб пазбегнуць „розных праяў несправядлівай дыскрымінацыі“» (Al, 250). У святле годнасці сям’і Сінод настойвае, што «адносна праектаў, якія ўраўноўваюць гомасексуальныя саюзы з сужэнствам, няма ніякіх падстаў для параўноўвання ці правядзення аналогіі, нават далёкай, паміж гомасексуальнымі саюзамі і Божым планам наконт сужэнства і сям’і» (Al, 251).

СПАДАРОЖНІЧАЦЬ, РАСПАЗНАВАЦЬ

У разважаннях Сіноду выклікае захапленне паглыблены і індывідуальны падыход да сужэнстваў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Напрыклад, кажучы пра грамадзянскі шлюб, папа Францішак заўважае, што не заўсёды людзі выбіраюць такую форму сужыцця з-за перадузятасці або непрыняцця сужэнскага саюзу. Прычынаю гэтаму можа служыць беднасць, чаканне бяспечнага існавання. Айцы Сіноду заўважаюць: «Калі саюз дасягае значнай стабільнасці праз пасрэдніцтва грамадскай сувязі, адзначаецца глыбокім пачуццём, адказнасцю за патомства, здольнасцю перамагаць перашкоды, то ён можа разглядацца як нагода, якую трэба падтрымліваць і якая прывядзе да сакрамэнту сужэнства» (Al, 293). Такі аптымістычны падыход перарастае ў заклік да душпастыраў, якія павінны не «толькі прапагандаваць хрысціянскае сужэнства, але таксама мець пастырскае распазнаванне сітуацыі ўсіх тых, хто ўжо не жыве ў гэтай рэчаіснасці», каб «распачаць пастырскі дыялог з такімі асобамі, каб пазнаць элементы іх жыцця, якія могуць прывесці да большага адкрыцця на Евангелле сужэнства ва ўсёй яго паўнаце» (Al, 293).

«НЕСТАНДАРТНЫЯ» СІТУАЦЫІ

Завяршаючы адгартацыю, папа Францішак настойліва заклікае не асуджаць тых, хто  апынуўся ў «нестандартнай» сітуацыі, напрыклад, у разводзе, новым шлюбе: «ключом пастырскага суправаджэння з’яўляецца логіка інтэграцыі, каб яны не толькі ведалі, што належаць да цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл, але каб маглі мець радасны і плённы досвед гэтага. Яны ахрышчаны, з’яўляюцца братамі і сёстрамі, Дух Святы разлівае ў іх дары і харызмы дзеля агульнага дабра» (Al, 299). Папа Францішак не хоча змяняць нормаў кананічнага права ў дачыненні да гэтых асоб, а заклікае да індывідуальнага падыходу. Паколькі «ступень адказнасці неаднолькавая ў кожным выпадку, то наступствы або вынікі дадзенай нормы неабавязкова павінны быць аднолькавымі» (Al, 300).

Папа Францішак неаднаразова паўтарае, што Касцёл павінен паказваць міласэрны твар Айца, быць чулым да вернікаў: «Касцёл — не мытня, а бацькоўскі дом, дзе ёсць месца для кожнага з яго нялёгкім жыццём» (AL, 310).


Воля Качалка

Адгартацыя цытуецца паводле выдання: Паслясінадальная апостальская адгартацыя Amoris laetitia Святога Айца Францішка / Пер. на бел. мову. – Мінск : «Про Хрысто», 2016. – 232 с.


Набыць выданне можна ў кнігарні «Духоўная кніга» (Мінск, Багдановіча, 25) і ў парафіяльных кіёсках.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней