Асвячэнне капліцы Радзівілаў

9 лютага мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу Маці Божай Ларэтанскай у палацы Радзівілаў у Нясвіжы.

Яшчэ ў 1758 г. капліца была асвячоная біскупам Жамойцкім Антоніем Даміні-кам Тышкевічам, і на гэтай падзеі прысутнічалі знакамітыя госці з усёй Рэчы Паспалітай. Пасля таго, як у 1812 г. Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, расійскія ўлады канфіскавалі палац, а ў памяшканні капліцы
размясцілі сталярную майстэрню.

У 1878 г. пачалося аднаўленне палаца і капліцы. З тых часоў капліца зноў дзейнічала. У 1920-я гады князь Альбрэхт Радзівіл заключыў дамову з нясвіжскай парафіяй Божага Цела, каб у капліцы перыядычна цэлебравалася Імша. Але праз некаторы час святыня зноў страціла сваё прызначэнне: пасля Другой сусветнай вайны ў палацы Радзівілаў працаваў санаторый, а на месцы капліцы былі лячэбныя памяшканні. Капліца набыла першапачатковы выгляд толькі ў 2011 г., пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ. Па фатаграфіях канца XIX — пач. XX ст. былі адноўлены ерузалемскія крыжы на сценах, змешчаныя Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам у памяць пра тое, што Радзівіл Сіротка здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю і стаў рыцарам Ордэну Святога Гробу Пана Ерузалемскага, чыёй эмблемай з’яўляецца гэты крыж.

У капліцы захоўваецца копія абраза Маці Божай Ларэтанскай.

У святой Імшы, падчас якой адбылося асвячэнне капліцы, удзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі роду Радзівілаў і шматлікія вернікі.

Усіх прысутных прывітаў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў, які падкрэсліў, што музей з’яўляецца найбольш буйным цэнтрам нашай культуры. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі на аснове евангельскага чытання, у якім апавядалася пра Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі, нагадаў пра адну з найбольш каштоўных святых рэліквій хрысціянства — домік з Назарэта, дзе адбылася падзея Звеставання. Паводле легенды, у 1291 г. ён быў перанесены анёламі на тэрыторыю сучаснай Харватыі, а потым грэчаская сям’я Дэ Анджэліс перавезла яго ў Ларэта. Так гэты домік быў захаваны ад знішчэння.

Мітрапаліт нагадаў словы благаслаўлёнага Яна Паўла II, які казаў, што святы домік у Ларэта, як першы марыйны санктуарый міжнароднага значэння, «на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца сапраўдным марыйным сэрцам хрысціянства». Арцыпастыр падкрэсліў, што, хаця арыгінальны святы домік з Назарэта знаходзіцца ў Італіі, мы ў Нясвіжы маем свой святы ларэтанскі домік — ім з’яўляецца прысвечаная Маці Божай Ларэтанскай капліца палаца Радзівілаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што ў Маці Божай Ларэтанскай, чый тытул носіць капліца, вернікі маюць сваю нябесную заступніцу.

Хаця капліца знаходзіцца на тэрыторыі музея, у ёй часам будуць праводзіцца набажэнствы. Турысты таксама змогуць тут памаліцца — так святыня будзе ўносіць свой уклад у духоўнае адраджэнне.

Апошнюю святую Імшу ў палацавай капліцы ў 1939 г. цэлебраваў кс. Гжэгаж Каласоўскі. Скончыўшы семінарыю ў Пінску, ён 8 красавіка 1939 г. прыняў святарскае пасвячэнне, а 25 красавіка быў прызначаны вікарыем у Нясвіжы. Тут святар служыў 52 гады — да самай сваёй смерці ў 1991 годзе.

Напрыканцы літургіі быў агучаны дэкрэт на лацінскай і беларускай мовах, прысвечаны гэтай урачыстасці. Дэкрэт падпісалі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. Пётр Шарко, дырэктар музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў, прадстаўнікі ўлады і ўсе прысутныя святары. Да прысутных звярнуўся і Мацей Радзівіл, які паходзіць з бакавой лініі роду і
часта наведвае Беларусь. Ён сказаў, што для яго капліца як месца сустрэчы з Богам з’яўляецца найпрыгажэйшай часткай музея-запаведніка «Нясвіж»...



Кс. Юрый Марціновіч,
Анастасія Грышан.
Фота кс. Юрыя Марціновіча.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней