XXIV выстава-кірмаш каталіцкіх выдаўцоў, якая праходзіла 12–15 красавіка ў Каралеўскім замку ў Варшаве, сабрала пад Аркамі Кубіцкага ажно 160 польскіх і замежных выдавецтваў. Некаторым з іх нават не хапіла месца ў замкавым памяшканні, і таму іх стэнды размясціліся побач, у адмыслова абсталяваных намётах. Калі казаць коратка, было тут па-сапраўднаму шматлюдна і шматкніжна.
Ужо традыцыйна ў гэтым вялікім свяце каталіцкай кнігі прымала ўдзел і выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Про Хрысто», якое на сваім стэндзе прэзентавала і некалькі новых выданняў — густоўна аформленыя двухмоўныя кнігі паэзіі кс. Яна Твардоўскага «Перакажыце гэта далей» і «паэткі ў Імя Божае» Габрыэлі Пузыні «Струмень любові», ды дакументальную кнігу-эсэ «Адкрыў таямніцу свайго жыцця» пра цярпенне ў жыцці і пісьмовай спадчыне слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, якую напісаў былы канцлер Пінскай дыяцэзіі кс. Станіслаў Паўліна. Ксёндз Станіслаў цяпер працуе ў Варшаве і таму штодня прыходзіў да нас на выставу, каб прэзентаваць сваю кнігу. Дзякуючы яму асоба біскупа Лазінскага і кніга пра яго займелі сярод наведнікаў шмат новых прыхільнікаў і чытачоў.
Аліна Новікава, кс. Станіслаў Паўліна fDP,
Крыстына Лялько і Алег Глекаў
Вядома, цяпер удзел у такіх выдавецкіх фэстах — гэта не толькі свята сустрэчаў з аўтарамі, выдаўцамі і чытачамі, але і своеасаблівы нялёгкі экзамен на жыццяздольнасць друкаванай кнігі ва ўмовах усё больш жорсткай канкурэнцыі, якую ёй стварае чытво ў віртуальнай прасторы. Напэўна таму з такою радасцю ўспрымаліся выдаўцамі чэргі да некаторых стэндаў, каля якіх папулярныя аўтары падпісвалі свае кнігі. Па-добраму ўразіла вялікае мноства людзей са стосамі кніг у руках каля стэнда выдавецтва «Esprit», дзе прэзентаваліся кнігі пра італьянскага святара і містыка Даліндо Руатолё, асоба і малітоўныя практыкі якога становяцца ўсё больш вядомымі і запатрабаванымі ў каталіцкім свеце…
Кшыштаф Зануссі з томікам вершаў
кс. Яна Твардоўскага «Перакажыце гэта далей»
Вялікую чытацкую зацікаўленасць выклікаў таксама адзін з найбольш прэстыжных манументальных праектаў апошняга часу — трохтомавае выданне «Сікстынская капліца» (La Cappella Sistina), падрыхтаванае італьянскім выдавецтвам «Scripta Maneant» — ганаровым госцем сёлетняй выставы, і Аб’яднаннем Ватыканскіх музеяў. Тэкст для гэтага ўнікальнага альбома вагою ў 27 кг напісаў вядомы гісторык мастацтва і шматгадовы куратар Ватыканскіх музеяў Антоніо Паолючы. Упершыню ў гісторыі Сікстынскай капліцы з’явіўся праект, дзякуючы якому можна ўбачыць творы слынных італьянскіх мастакоў XV ст. (Мікеланджэла, Бацічэллі, Перуджына і інш.) у такім фармаце і такой якасці, не наведваючы Ватыкана. На жаль, вялікі кошт і малы наклад (1999 экз., з іх толькі 50 было выдзелена для Польшчы) гэтага фаліянта адразу зрабілі яго рарытэтам, даступным вельмі нямногім прыхільнікам мастацтва.
Затое кнігу-альбом пра нашага земляка, спаведніка св. сястры Фаўстыны Кавальскай благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку можна было не толькі пагартаць, але й набыць з аўтографам аўтараў, вядомых польскіх публіцыстаў Гжэгажа Гурнага і Яна Расіконя, каб, прывёзшы дадому, заглыбіцца ў няпростыя рэаліі жыцця і ахвярнага служэння выдатнага святара і пашыральніка культу Божай Міласэрнасці.
Ян Расіконь, біскуп Генрык Цярэшка, пастулатар беатыфікацыйнага працэсу
кс. М. Сапоцькі, і Гжэгаж Гурны падчас прэзентацыі кнігі-альбому «Ufający»
Чытацкім попытам карысталіся таксама кнігі папулярнага ў нас на Беларусі дамініканіна а. Адама Шустака.
Асабіста мяне парадавалі і зацікавілі новыя выданні нашых даўніх аўтараў, выдатных польскіх тэолагаў і паэтаў, святароў Ежы Шыміка і Яна Соханя.
Прыемнаю неспадзяванкаю стала таксама сустрэча з сусветнавядомым польскім рэжысёрам, прадзюсарам і сцэнарыстам Кшыштафам Зануссі, які прэзентаваў на стэндзе суседняга з нашым «Про Хрысто» выдавецтва RTCK сваю новую кнігу пра адно з самых складаных мастацтваў у свеце — мастацтва жыць. Аўтограф майстра стаў для мяне, хіба, адною з найбольш нечаканых памяткаў пра сёлетнюю варшаўскую выставу…
«Добрае віно» — так назваў сваю кнігу паэзіі ксёндз-прафесар Ежы Шымік са спасылкаю на Евангелле паводле св. Яна і св. Мацвея. Хочацца верыць, што добрая кніга, сапраўды, як добрае віно, ніколі не страціць ні сваёй каштоўнасці, ні чытацкай запатрабаванасці.
Крыстына Лялько
Фота Алега Глекава і Міколы Новікава