Выбірайце любоў!

Айцец Антанэлло зноў прыязджае ў Масты! Гэтая навіна на пачатку кастрычніка найбольш узрадавала, напэўна ж, тых, хто чатыры гады таму ўжо ўдзельнічаў у яго рэкалекцыях. І вось — новая сустрэча!..


Божы шаленец

Айцец дамініканін Адам Шустак, чыімі разважаннямі поўняцца сучасныя каталіцкія старонкі ў інтэрнэце, назваў айца Антанэлло Кадэду Божым шаленцам. Высокая адзнака! У ёй — любоў і захапленне, а магчыма, і жаданне служыць Богу з гэткім жа адданнем. Нядаўна прачытала ў святога Грыгорыя Вялікага: «У свеце шмат святароў, але на жніве Пана вельмі рэдка відаць працаўніка». Ма­быць, айцец Антанэлло — адзін з іх, рэдкіх… Гэта пра яго і ягонага сябра, айца Энрыке Порту, усё той жа Адам Шустак сказаў, што яны вынялі яго ранейшае сэрца і ўзамен далі новае — радаснае, да краёў напоўненае любоўю да Бога і жаданнем дзяліцца той любоўю з іншымі.

Айцец Анта­нэ­лло нарадзіўся ў Сардыніі (Італія). Жыве і служыць Богу ў Бра­зіліі. У 2000 годзе ён ра­зам з айцом Энрыке Порту заснаваў асацыяцыю «Запавет Міласэрнасці» («Alianca de Misericordia»), якая цяпер ужо дзейнічае ў розных краінах свету. Несці любоў Хрыста абяздоленым, тым, хто часта не мае даху над галавой і кавалка хлеба на абед, хто згубіўся ды зняверыўся ў гэтым жыцці, — галоўная харызма місіянераў, якія распачалі сваю справу ў трушчобах Сан-Паўла. Апроч таго, айцец Антанэлло шмат ездзіць па свеце, право­дзіць шмат рэкалекцый, у якіх удзельнічаюць і святары, і манахі, а таксама свецкія вернікі. Праз яго служэнне Пан Бог шмат каго атуліў сваёю міласэрнасцю, з’явіў сваю прысутнасць і ласку.

Такое радыкальнае служэнне і жыццё патрабуе шмат сілаў. Дзе браць іх?

Евангелле — гэта наш час

«Евангелле — не гісторыя, не тое, што адбывалася з людзьмі 2000 гадоў таму. Праз сваё Евангелле Езус гаворыць з намі сёння, калі толькі мы хочам удзельнічаць у гэтай размове», —
казаў айцец Антанэлло на пачатку рэкалекцый у Мастах. І гэтай думкай прасякнута ўсё служэнне айца.

А мне прыгадалася, як на мінулых рэкалекцыях у гэтым жа касцёле айцец Антанэлло пераконваў, прасіў слухачоў штодня чытаць Божае слова, насычацца і жыць ім. Ці пачулі яго тады слухачы? Не ведаю. Апытання ж не рабілі. Ды толькі штосьці ня­шмат было тых, хто прыйшоў на гэты раз у касцёл з Бібліяй, хоць арганізатары і прасілі пра гэта загадзя. Ды айцец Антанэлло не стамляўся пераконваць: «У кожнага павінна быць свая ўласная Біблія! Чытайце яе кожны дзень! Кожную сваю раніцу пачынайце з Божага слова, чытайце ня­шмат, няхай сабе некалькі сказаў, але чытайце! Медытуйце над Божым словам, удумвайцеся ў яго, запісвайце свае думкі. Няхай сабе некалькі словаў запішыце ў свой сшытак і потым на працягу дня згадвайце гэтыя словы — няхай яны будуць напамінам для вас на працягу дня, каб увечары вы маглі паставіць самі сабе адзнаку: як вы пражылі гэты дзень, ці ў суладдзі з Божым словам для вас? Распачніце такую практыку чытання Божага слова з дня ў дзень, і праз нейкі час вы заўважыце, як штосьці зменіцца ў вас. Абавязкова зменіцца! Магчыма, вы тады перажывяце радасць, падобную да той, якую перажылі Апосталы ў Вячэрніку альбо вучні Езуса, якія сустрэлі Яго па дарозе ў Эмаўс. Вы распазнаеце Яго! Толькі не лянуйцеся дзеля гэтай сустрэчы працаваць!»

Ні кроплі не сумняваюся, што сам айцец Антанэлло перажыў такую сустрэчу з Езусам не адзін раз, бо напрацаваўся дзеля тае сустрэчы ўдосталь. Таму й абвяшчае цяпер Езуса ўваскрослага з моцай і радасцю.

Радасны хрысціянін

Усім сваім служэннем рэкалекцыяніст пераконваў нас, як важна хрысціяніну не паддавацца смутку, не губляць радасці жыцця: «Хрысціяніну важна мець заўсёды радасць у сэрцы, бо сумнае сэрца хворае, сумны чалавек — хворы духоўна. У нас ёсць вялізная прычына быць радаснымі, бо мы збаўленыя Хрыстом для вечнасці! Падумайце толькі — для вечнасці!»

Сам айцец Антанэлло ў часе рэкалекцый проста выпраменьвае радасць, і не паддацца ёй амаль немагчыма. Ён увесь час жартуе, і слухачы раз-пораз узрываюцца смехам. Ён абвя­шчае Божае слова і ходзіць з мікрафонам па касцёле. Ягоны голас раздаецца то ў адным, то ў другім куце, ён любіць дакрануцца да чалавека, прыабняць яго або лёгенька стукнуць па галаве: «Ці запамятаў? Ці зразумеў?». І табе сапраўды вельмі хочацца ўсё запамятаць і ўсё зразумець, каб самому таксама потым выпраменьваць хрысціянскую радасць. Бо пачулі ж: «Сумны чалавек — хворы духоўна». А нам так хочацца быць здаровымі!..

Малітва аздараўлення

Усе мы прагнем быць фізічна і духоўна здаровымі. Ды, на жаль, не заўсёды і не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Часцей бывае наадварот. Таму й прагнем аздараўлення, шукаем яго. І чакаем гэтай малітвы як паратунку ад нашых бедаў, хваробаў ды праблемаў.

За айцом Антанэлло плыве слава, што ў часе ягонага служэння адбываецца шмат аздараўленняў. А нам жа так часта здаецца, што калі б толькі нам не дакучалі нашыя хваробы, мы зрабілі б так шмат у жыцці! Мы былі б тады і лепшыя, і больш міласэрныя да іншых, і менш сварлівыя, і маліліся б мы тады нашмат больш, і Божае слова чыталі б часцей… Ды толькі на практыцы яно неяк усё па-іншаму атрымліваецца. На практыцы з намі часта адбываецца, як у той показцы пра мужчыну, які шмат нашкодзіў у жыцці, нібы той кот памаўзлівы, што пасля адной такой прыгоды і зваліўся з балкона. Дык пакуль падаў на зямлю, прасіў Пана Бога выратаваць яго, абяцаў, што калі ўратуецца, то больш да чужых жанчын заляцацца нізавоштачкі не будзе, жонку сваю пачне шанаваць, гарэлкай не будзе больш злоўжываць… А зваліўся той мужчына на клумбу, паляжаў, падняўся, абтрос штаны дый прабурчэў: «Хвіліны не ляцеў з балкона, а такога ўсяго рознага панагаварыў!.. Што да чаго?!».

Калі па шчырасці, то вельмі часта падобныя мы бываем да гэткага вось зуха... Ну але гэта так, кароткае адступленне… Магчыма, з натхнення айца Анта­нэлло, які так любіць жартаваць ды розныя гісторыі распавядаць.

Словам, мы прагнем здароўя. І дзякуй Богу, што ёсць такія служыцелі, на чыю малітву Бог адказвае чынам аздараўлення — і духоўнага, і фізічнага. У той суботні вечар у Мастах Пан Бог таксама дакрануўся да некаторых з ласкай ацалення хворых суставаў, пазваночніка, органаў слыху і нюху… Усіх нас парадавала духоўнае аздараўленне адной сужэнскай пары, якая знахо­дзілася ўжо на мяжы расстання. Менавіта ў часе рэкалекцый яны зразумелі, што больш не хочуць гэтага. Айцец Антанэлло папрасіў іх замацаваць гэтае рашэнне сужэнскім пацалункам, а мы ўсе падтрымалі яго воплескамі.

Абвяшчаць Добрую Навіну

Напэўна ж, удзельнікі рэкалекцый з часам яшчэ засведчаць тое, як Пан Бог у гэтыя дні дакрануўся да іх сваёй любоўю ды міласэрнасцю. Пробашч парафіі Віктар Ханько вельмі прасіў напісаць яму потым пра гэта. Праўда, нашы людзі не надта ахвотныя на сведчанні — мы быццам баімся чагосьці, быццам усё яшчэ не можам да канца паверыць у ласкавы Божы дотык. А між тым, Евангелле абвяшчаецца тады, калі мы ахвотна дзелімся з іншымі ўсім, што Пан Бог учыніў у нашым жыцці. Не тым дзелімся, пра што прачыталі ў кніжках, а тым, што самі зведалі. Наш абавязак — абвяшчаць Добрую Навіну, а не затойваць яе толькі для сябе.

На рэкалекцыях у Мастах сустрэла шмат знаёмых — з Мінска, Гародні, з іншых гарадоў ды вёсак. І гэта таксама своеасаблівы плён рэкалекцый — сустрэць аднадумцаў, падзяліцца з імі тым, што перажываеш, пачуць, як жывуць яны. Адна знаёмая з Гарадзеншчыны, дарэчы, радасна так падзялілася, як у свой час яна таксама атрымала аздараўленне ад Пана Бога. Адбылося гэта не ў Мастах, а на рэкалекцыях у Оршы. Так што Пана Бога мы маем шанец сустрэць усюды, абы толькі сэрцы нашыя раскрываліся перад Ім. Ды яшчэ каб гатовыя былі мы прымаць ад Яго не толькі тое, чаго мы самі прагнем, але абавязкова тое, чаго хоча ад нас Ён. Будзь воля Твая…

Не бойцеся любові

Яшчэ адзін наш важны абавязак — служыць іншым. Словам, падтрымкай, учынкам. Езус сам прыйшоў у гэты свет дзеля таго, каб служыць. Мы таксама маем гэты абавязак, калі не на словах, а па сваёй сутнасці прагнем быць хрысціянамі.

— Не бойцеся любові! Выбірайце любоў! Бо што сапраўды каштоўнае і што застанецца пасля нас на гэтым свеце? — пытаўся напрыканцы рэкалекцый айцец Антанэлло ў сваіх слухачоў і сам адказваў ім: — Любоў! Таму не бойцеся любові. Выбірайце любоў! Адкрывайце свае рукі, каб благаслаўляць імі іншых. Не трымайце свае рукі закрытымі, бо закрытыя рукі — гэта рукі для сатаны. Мы ж належым Богу! Таму не бойцеся, не бойцеся любові!

Пішу гэтыя радкі, і раптам згадаўся, быццам загучаў у паветры спеў, які часта гучыць на набажэнствах у нашай Росіцы:

Не бойцеся жыць для Любові.
Для той Любові варта жыць!..

Ну і яшчэ адно, пра што проста не магу не сказаць: вялікі дзякуй арганізатарам гэтых рэкалекцый! Асаблівы дзякуй ад нас, іншагародніх. За гасціннасць, за ўвесь клопат, які вы ўзялі на сябе ў гэтыя дні. Дзякуй таксама ўсім гаспадарам, якія сардэчна прынялі нас на начлег. Цёплыя размовы з вамі за вечаровым кубкам гарбаты ў вашых гасцінных дамах мы забралі з сабой ды ўспамінаем цяпер з удзячнасцю і цеплынёй.


Ірына Жарнасек
Фота Іны Аўсянік

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней