8 лютага адбыўся круглы стол пад назваю «Роля кнігі ў фармаванні культуралагічнага, духоўна-маральнага развіцця грамадства», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у межах ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. На гэтае мерапрыемства было таксама запрошана і каталіцкае выдавецтва «Pro Christo», якое прэзентавала тры стэнды сваіх выданняў, на якіх былі прадстаўленыя катэхетычныя, тэалагічныя, перыядычныя выданні і дзіцячая літаратура. Прадстаўлялі свае кнігі таксама праваслаўныя выдаўцы, экспанаваліся і тэматычныя стэнды з літаратурай, якую рэалізуе сетка крамаў «Белкніга».
Мерапрыемства праходзіла ў мінскай праваслаўнай царкве Усіх Святых у прысутнасці шматлікіх журналістаў і гасцей, задзейнічаных у кнігавыдавецкай справе. У круглым стале ўдзельнічалі: дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, пратаіерэй Фёдар Поўны, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, дырэктар Істытута літаратуразнаўства Акадэміі Навук Іван Саверчанка, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі і іншыя.
Як гэта часта бывае, на круглым стале гучалі абмеркаванні не толькі па заяўленай тэме. Падымалася пытанне таксама духоўнага стану нашага грамадства, ролі хрысціянства ў культурным жыцці краіны, праблемы нацыянальнай самасвядомасці. Многія спікеры звярталі ўвагу на небяспеку для кнігі ва ўмовах хуткага тэхналагічнага развіцця, прычым гаворка вялася не пра пераход кнігі ў электронную прастору, але наогул пра яе жыццяздольнасць.
На жаль, падчас выступленняў амаль не гаварылася пра шляхі вырашэння праблемы нізкай культуры чытання ў нашым грамадстве. Хацелася пачуць пра эфектыўнае распаўсюджванне кніжнай прадукцыі, пра аналіз чытацкай аўдыторыі, пра рэкламу кнігі.
Вельмі парадавала, што менавіта біскуп Юрый Касабуцкі ў сваёй прамове звярнуў увагу на тое, што дзеячы кнігавыдавецкай справы, дзеячы асветы павінны самі дбаць пра фармаванне чытацкай культуры беларусаў, пра фармаванне цікавасці ў людзей да сур'ёзнай літаратуры.
Будзем спадзявацца, што такога фармату круглыя сталы, дыскусіі, мерапрыемствы на тэму культуры чытання будуць пашырацца ў нашым грамадстве і дапамогуць умацаванню пазіцый добрай кнігі ў нашай краіне.
Вольга Качалка
Фота Аляксандры Шчыглінскай, catholic.by