Дарагія чытачы, у гэтым лютаўска-сакавіцкім нумары запрашаем вас больш даведацца пра адзін з важных спосабаў хрысціянскай малітвы — пра кантэмпляцыю. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вызначае кантэмпляцыйную малітву як «сузіранне Бога ў цішыні і любові». Але дзе і як у нашай мітуслівай, перапоўненай шумам рэчаіснасці знайсці тую сапраўдную цішыню, якую тэолагі называюць «найстарэйшаю малітваю свету»? «Сёння цішыня — гэта раскоша, бо шум апанаваў свет...» — піша польскі езуіт а. Ян Коніор. Сапраўды, складана бывае адшукаць не толькі зацішнае, поўнае спакою месца для малітвы, для сузірання Бога, але яшчэ складаней і цяжэй знайсці ў сабе і гэты ўнутраны спакой, і гэтую цішу.
Айцец Марцін Лэйрд OSA, які напісаў грунтоўны дапаможнік па хрысціянскай практыцы кантэмпляцыі з паэтычнаю назваю «У краіну цішы», вельмі дакладна акрэсліў знаёмы большасці з нас стан, калі мы спрабуем суцішыцца на пачатку малітвы. Ён піша: «... думка ўцякае ад нас, як цягнік, на які мы спазніліся. Наша цела можа фізічна знаходзіцца ў месцы малітвы, але розум звычайна прабывае дзесьці далёка. Напрыклад, у супермаркеце, на пляжах Маёркі, або наноў перажывае якуюсьці спрэчку, баіцца будучыні, шкадуе мінулага, словам, знаходзіцца ўсюды, толькі не тут і цяпер — у прастаце цяперашняй хвіліны».
Айцы пустыні раілі ў такіх выпадках устрымлівацца ад дыялогу з дакучлівымі думкамі, гнаць іх ад сябе, як дэманаў, і настойліва паўтараць словы малітвы або Святога Пісання. Гэта можа быць, напрыклад, кароткая малітва: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мною!» або проста адно слова: «Езус», або, асабліва ў перыяд Вялікага посту, які неўзабаве пачнецца, наша засяроджанасць на Крыжы Збаўцы і на словах Святога Пісання: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37)...
Калі аднойчы святы Ян Марыя Віянэй запытаў у свайго парафіяніна, звыклага селяніна, які штодня прыходзіў на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, аб чым той размаўляе з Езусам, селянін адказаў: «Ён глядзіць на мяне, а я — на Яго». І гэтаю кароткаю фразаю вельмі дакладна перадаў сутнасць кантэмпляцыйнай малітвы.
«Унутраная цішыня і ціхасць вашага жыцця з’яўляюцца ўмоваю жыцця са Мною, ці, як вы кажаце, кантэмпляцыі», — такія словы Езуса запісала містычка са Шчэціна Аліцыя Лянчэўская, урывак з духоўнага дзённіка якой мы друкуем у гэтым нумары.
Час ад часу я перачытваю кнігу выдатнага хрысціянскага пісьменніка Томаса Мэртана ў перакладзе на рускую мову «Семена созерцания», у якой ён апісвае свой духоўны досвед манаха-пустэльніка як «адзіны шлях да сузірання», да Бога. Зразумела, у кожнага гэты досвед свой, глыбока асабісты, гэтаксама як і шлях, але часам такія «зернейкі» чужога, ужо пройдзенага шляху вельмі дапамагаюць акрэсліцца, вызначыцца нашаму ўласнаму...
Польская паэтка і перакладчыца, духоўная дачка кс. Яна Твардоўскага Анна Каменская, якой ён прысвяціў адзін са сваіх найбольш вядомых і найчасцей цытаваных вершаў «Спяшаймася любіць людзей...», у «Малітве Ёва» пісала:
Навучы мяне, Пане, малітве,
сатканай з тугі...
Навучы мяне маўчанню
хмары, дажджу, травы;
маўчанню вечара й ночы,
маўчанню дабрыні і ўдзячнасці...
Навучы мяне, Пане,
свайму глыбокаму маўчанню...
Такому маўчанню, калі ў цішыні прамаўляе толькі сэрца, напоўненае Табою, мой Божа...
Крыстына Лялько