Слова рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 4-га нумара часопіса «Ave Maria», прысвечанага малітве праслаўлення.
«Праслаўленне не канстатуе фактаў, яно аздараўляе і змяняе рэчаіснасць, бо запрашае заўважыць яе Аўтара». Гэтыя словы а. Яўгена Голуба з ягонага артыкула, змешчанага ў чацвёртым нумары нашага часопіса, які мы прысвяцілі малітве праслаўлення, можна было б паставіць эпіграфам да ўсяго нумара. Сапраўды, «для праслаўлення Бога не трэба спецыяльных месцаў і часу, яно здольнае ўратаваць чалавека, які давярае, з кожнага полымя». Гэтак, як ратавала св. сястру Фаўстыну Кавальскую, якая бязмежна давярала Богу і ўсім сваім жыццём, а найперш сваім цярпеннем, пакораю і даверам праслаўляла Створцу і Яго міласэрнасць:
Будзь праслаўлены, міласэрны наш Божа,
Усемагутны наш Створца і Пане,
Пашану Табе аддаем у глыбокай пакоры,
Патанаючы ў Боства Твайго акіяне…
(«Дзённік», 1744).
Можна бясконца згадваць прыгожыя, узнёслыя словы сястры Фаўстыны, якія зліваюцца ў адзіны гімн праслаўлення найважнейшай уласцівасці Бога — Ягонай міласэрнасці. Падчас падрыхтоўкі да свята Божай Міласэрнасці добра было б хоць бы некаторыя з іх далучаць (у якасці разважанняў) да малітвы «Вяночка…» і навэнны, якая распачалася ў Касцёле ў Вялікую пятніцу…
Дарагія чытачы, у гэты трывожны час няпэўнасці і адчування асаблівай крохкасці нашага зямнога жыцця, калі ўвесь свет ахапіла эпідэмія грознага каранавірусу, а некаторыя краіны ўжо і пандэмія, мы пішам аб праслаўленні Бога. Зразумела, гэтая тэма была вызначана раней, але мы не сталі яе мяняць, і цяпер яна здаецца нам сімвалічнаю, бо гэты час небяспекі выпрабоўвае таксама і нашу веру, і наш давер да Бога. Наколькі пераканана і ўпэўнена мы цяпер прамаўляем, звяртаючыся да Збаўцы, «Езу, давяраю Табе»? Ці хапае нам сілы на малітву праслаўлення?..
Страх перад небяспекаю ўпершыню за ўсю гісторыю Касцёла пазачыняў каталіцкія святыні ў Італіі, у самым цэнтры каталіцтва; упершыню таксама зачыніў свае дзверы Марыйны санктуарый у Люрдзе, дзе вернікі заўжды шукалі і знаходзілі аздараўленне; да слёз кранае гісторыя кс. Джузэпэ Карбары, пробашча парафіі святых Квірыка і Юліты ў Раб’яна, на ўскраіне Мілана, які запоўніў пустыя лаўкі святыні фотаздымкамі сваіх парафіянаў, каб падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі бачыць іх абліччы…
Так важна цяпер, калі разгубленасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні скоўваюць многіх з нас, паралізуючы звыклае жыццё, не дапусціць, каб небяспечны вірус закрануў сваёю смяротнаю інфекцыяй і нашыя душы, так важна не страціць давер да Бога і Яго міласэрнасці.
Святы Ян Павел ІІ, які ў 2002 г. прысвяціў свет Божай міласэрнасці, у сваёй кнізе-тэстамэнце «Памяць і самасвядомасць» пісаў: «Кожнае людское цярпенне, кожны боль, кожная слабасць тояць у сабе абяцанне вызвалення, абяцанне радасці». Таму — майма надзею!
У светлае свята Хрыстовай Пасхі мне хочацца прыгадаць словы яшчэ адной выдатнай асобы ў нашым Касцёле — святой маці Тэрэзы з Калькуты, якая праслаўляла Збаўцу, не толькі дзелячы цярпенні з тымі, каго яна з сёстрамі даглядала, але і сваім уласным цярпеннем. Словы яе гучаць як аптымістычны і ўсім нам сёння неабходны наказ: «Радасць ад любові Езуса сыходзіць з радасці ўдзелу ў Яго цярпеннях. Таму не дазваляйце, каб ахапілі вас перажыванні і смутак, толькі верце ў радасць Уваскрасення. У жыцці кожнага з нас, гэтак як у жыцці Езуса, павінна настаць уваскрасенне, павінна заззяць радасць Вялікадня».
Няхай жа так і будзе! Са святам вас, дарагія, з Вялікаднем!
Крыстына Лялько