У Чырвоным касцёле невядомыя людзі зламалі і замянілі замкі ў службовых памяшканнях

31 жніўня ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) невядомыя людзі замянілі замкі ў дзвярах службовых памяшканнях, - паведамляе Catholic.by.


Па інфармацыі, атрыманай ад пробашча мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, у касцёле былі зламаныя чатыры замкі ў дзвярах службовых памяшканняў. Зламаныя замкі былі заменены на іншыя.

Пробашча парафіі і яго супрацоўнікаў ніхто пра гэта не папярэджваў. Ім таксама не было паведамлена, хто здзейсніў замену замкоў і з якой мэтай.

Супрацоўнікам касцёла быў перададзены толькі адзін камплект ключоў ад памяшканняў, у дзвярах якіх былі заменены замкі. Хто яшчэ мае ад іх ключы, і якім чынам у гэтай незразумелай сітуацыі будзе гарантавана бяспека ў гістарычным будынку ў самым цэнтры беларускай сталіцы застаецца невядомым. Каб пазбегнуць пранікнення пабочных асоб, па рашэнні пробашча дзверы былі апячатаны ярлыкамі з парафіяльнымі пячаткамі.

Нагадаем, што ў апошні час адна з найбольшых каталіцкіх парафій Мінска сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі і незразумелымі сітуацыямі. У ліпені рэлігійная супольнасць, якая за свой кошт утрымлівае Чырвоны касцёл, атрымала паведамленне аб запазычанасці ў памеры каля 160 тыс. рублёў. У гэтай справе Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адпаведнай заявай, у якой даводзілася неабгрунтаванасць і несправядлівасць падобных прэтэнзій.

23 жніўня ў касцёле раптоўна знікла электрычнасць, а 26 жніўня супрацоўнікі сілавых структур на пэўны час заблакавалі ўсе ўваходы ў святыню, дзе знаходзіліся вернікі і наведвальнікі, на што касцёльныя ўлады адразу заявілі рашучы пратэст.

Тым не менш святыя Імшы і іншыя набажэнствы ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены адбываюцца ў адпаведнасці з раскладам.

У нядзелю 30 жніўня а 17-й гадзіне вернікі парафіі разам са сваім пробашчам ксяндзом Уладзіславам Завальнюком духоўна далучыліся да малітвы за Беларусь, да якой заклікаў праваслаўны епіскап Веніямін, прызначаны Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.


Паводле: Catholic.by

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней