30 сакавіка адзначае юбілей спадарыня Крыстына Лялько — галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», дзякуючы чыёй працы фармаваўся беларускі голас нашага Касцёла.
Перакладчыца, з дапамогаю якой па-беларуску загаварылі папа Ян Павел ІІ, паэт Ян Твардоўскі, св. Фаўстына Кавальская... Пісьменніцца са сваім моцным і непаўторным голасам. Мы цешымся працы пад Вашым кіраўніцтвам, спадарыня Крыстына, творчаму імпульсу, які Вы даеце нам, наладжваючы рух складанага рэдакцыйнага механізму. Мы, маладзейшыя супрацоўнікі, асабліва ўдзячныя за Вашую мудрую апеку ў працы, дзякуючы якой у нас вырастаюць уласныя творчыя крылы.
У руках жаночых пяшчота і сіла,
На кроснах ткуцца жывыя словы.
Душа беларуская шчодра ўзрасціла
У столькіх душах любоў да мовы.
З жаночага сэрца, сэрца паэта
Любоў да роднай сваёй старонкі,
Любоў да Хрыста, да Яго сусвету
Струменіць у сэрцах ракою звонкай.
Жадаем Вам яшчэ шмат гадоў натхнёнай працы і плёну, каб у Вас ніколі не згасаў агеньчык творчага пачатку, які чыніць чалавека Божым адбіткам! Няхай Вамі апякуецца і вядзе Вас жыццёвым шляхам Маці Божая Фацімская, чыёй апецы Вы аддалі часопіс «Ave Maria»!
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера»,
выдавецтва «Про Хрысто»