Слова рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 4-га нумара 2021 г. часопіса «Ave Maria», прысвечанага Уваскрасенню.
А што значыць — жыць Уваскрасеннем? Адным з адказаў на гэтае пытанне, напэўна, будзе надрукаваная на старонках часопіса «Дарога святла», па якой можна сімвалічна прайсці за Уваскрослым Хрыстом, адкрываючы падчас малітвы Яго жывую прысутнасць, Яго міласэрнасць, падтрымку і моц, якія даюць упэўненасць, што ніякія «знікомыя князі гэтага свету» не маюць над намі сапраўднай улады…
Жыць Уваскрасеннем — гэта, несумненна, жыць радасцю. Нават тады, калі гэтую радасць спрабуюць затуманіць смутак перажытых крыўдаў, несправядлівасці і прыніжэння. «Радуйцеся заўсёды ў Пану, — заклікае нас апостал Павел. — Яшчэ раз кажу: Радуйцеся!» (Флп 4, 4).
Жыць Увакрасеннем — гэта значыць не траціць надзеі, знаходзіць у сабе сілы ўздымацца на яе крылах нават тады, калі гэтыя крылы раптам падрэзалі расчараванне, няўдача ці здрада, бо не ў часовым і не ў зямным, а ў вечным — наша хрысціянская надзея.
Жыць Уваскрасеннем — гэта значыць жыць любоўю. Нават тады, калі любоў часам бывае з прысмакам горычы, бо «любоў усё зносіць», бо калі я не маю любові, «то я — нішто» (гл. 1 Кар 13, 2). «Уваскрасенне і вечнае жыццё ў Божай хвале — гэта вяршыня Божай любові да чалавека, і яны неадрыўныя ад ахвяры Езуса за нас», — сцвярджае айцец Віктар Жук у цікавым і глыбокім інтэрв’ю, змешчаным у гэтым нумары.
Жыць Уваскрасеннем — гэта верыць у перамогу жыцця над смерцю. Нават тады, калі смерць, здаецца, падпільноўвае на кожным кроку і пануе ў гэтым свеце. Верыць, бо Уваскрослы перамог смерць, бо я «ўсё магу ў Тым, Хто мяне ўзмацняе» (Флп 4, 13).
Ксёндз Ян Твардоўскі пісаў, што «Свята Уваскрасення Пана — гэта свята веры, надзеі і любові: веры, якая становіцца спатканнем; надзеі, якая становіцца спаўненнем; любові, якая становіцца шчасцем».
Шаноўныя чытачы, няхай усё гэта будзе ў вашым жыцці, няхай вашыя сэрцы перапаўняе ўсёпераможная, сапраўдная пасхальная радасць!
З Вялікаднем вас! Хрыстус уваскрос! Аллелюя!
Крыстына Лялько