Каб перажыць цуд…

Слова галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько з нагоды выхаду 6-га нумару 2022 г. часопіса «Ave Maria».

А што трэба для таго, каб перажыць цуд? Томас Мэртан, напрыклад, раіць, што трэба «выйсці з сябе з усім тым, чым ты ёсць і што ёсць нічым; адкінуць сваю мізэрнасць з удзячнасцю за тое, што Бог ёсць Тым, Каторы ёсць…» Вельмі радыкальная, але ў многім слушная парада, бо прагнучы цудаў, мы так часта іх не заўважаем; засяроджаныя на сваёй штодзённасці, успрымаем усё цудоўнае і незвычайнае, што Бог для нас стварыў, як будзённае, звыклае і апрыёры нам прыналежнае. І гэта, на жаль, датычыць таксама і рэлігійнага жыцця. Таму, дарагія чытачы, у чэрвеньскім нумары нашага часопіса мы вырашылі звярнуць вашу ўвагу на адзін з найважнейшых і найвялікшых цудаў, які Пан Бог падрыхтаваў для нас, — на Эўхарыстыю, на «вялікую таямніцу веры», якая з’яўляецца «крыніцаю і разам з тым вяршыняю ўсяго хрысціянскага жыцця».

Святы Ян Павел ІІ у прадмове да энцыклікі «Ecclesia de Eucharistia» падкрэсліваў, што гэтым дакументам ён прагне абудзіць «эўхарыстычнае здзіўленне», гэта значыць, прагне як бы «абтрэсці» з нашых душаў уедлівы «пыл» будзённасці і звыкласці ўспрымання Эўхарыстыі, якая, па яго словах, «яднае неба з зямлёю»…

Ёсць у «Дзённіку» святой Фаўстыны Кавальскай невялікі (няпоўных дзесяць старонак) раздзел «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі».  Ён завяршае «Дзённік», як бы абрамляе, увенчвае яго ўзнёслымі гімнамі-зваротамі сястры Фаўстыны да Езуса Эўхарыстычнага. Апосталка Божай Міласэрнасці кожны раз старанна рыхтуе сваю душу да прыняцця святой Камуніі, да сустрэчы са сваім Абраннікам. Яна піша: «Сёння я рыхтуюся да Твайго прыйсця як абранніца — да прыходу свайго Абранніка. Вялікі Пан, мой Абраннік. Нават нябёсы не могуць Яго ахапіць. <…> Яму спяваюць хоры, перад Ім падаюць троны, перад Яго ззяннем гасне сонца. І, аднак жа, гэты вялікі Пан — мой Абраннік. Сэрца маё, выйдзі з гэтага глыбокага роздуму над тым, як Яго праслаўляюць іншыя, бо ў цябе на гэта няма часу, таму што Ён набліжаецца і ўжо стаіць каля Тваіх дзвярэй» (Дз., 1805).

Падчас кожнай святой Імшы Езус стаіць таксама і каля дзвярэй нашых сэрцаў… Як жа нам, сённяшнім мітуслівым мінакам, кожнаму на сваім жыццёвым шляху, на сваёй дарозе ў Эмаўс, пазбыцца абрыдлай «маруднасці» сэрцаў і «стрыманасці» вачэй, каб магчы «пазнаць» Яго і ўжо ніколі з Ім не размінацца? Каб пры кожнай эўхарыстычнай сустрэчы з хваляваннем і ўдзячнасцю перажываць найвялікшы цуд, дадзены нам Богам ужо ў гэтым, зямным жыцці.


Крыстына Лялько

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней