5 сакавіка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася сустрэча з аўтарамі і складальнікамі кнігі “Мяне заўсёды ратавала вера…” – арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Алінай Новікавай і Крыстынай Лялько.
Гэта кніга ўспамінаў пра незвычайную асобу першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка, кніга-сведчанне тых, хто добра ведаў кардынала, хто з ім працаваў, хто меў шчасце з ім кантактаваць і быць сведкам яго жывой непахіснай веры, яго адданасці Хрысту і Касцёлу.
Сустрэча была арганізавана да Дня святога Казіміра, які Каталіцкі Касцёл адзначае 4 сакавіка. Успамін святога Казіміра з’яўляецца нагодай, каб яшчэ раз узнесці Богу падзяку за вялікага пастыра, які стаў неацэнным дарам для ўсяго Касцёла.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які напісаў уступнае слова да кнігі, падзяліўся на прэзентацыі сваімі ўспамінамі. Прапануем некаторыя ўрыўкі з яго прамовы:
“Кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды выказваў свой клопат пра тое, якім Касцёл будзе заўтра. Ён жыў не толькі сённяшнім днём, а таксама будучым Касцёла, і гэта было вельмі важна.
У 1988 годзе ён адзначаў 50-годдзе свайго святарскага пасведчання, я атрымаў запрашэнне на ўрачыстасці і ўпершыню паехаў у Пінск. Мяне ўразіла, што прыехаў біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук. Тады я ўпершыню пабачыў блізка біскупа і падумаў, што калі да святара прыехаў біскуп, то гэта не просты святар. Тады адбылася значная падзея: біскуп Ендрушук прызначыў Свёнтка генеральным вікарыем часткі Пінскай дыяцэзіі. На мяне гэта зрабіла вельмі вялікае ўражанне.
У тым жа годзе па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь: Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. У Пінску адбывалася набажэнства. Свёнтэк перадаў кардыналу рукапісны малітоўнік і сказаў, што так мы пераказвалі веру маладому пакаленню. Свёнтэк папрасіў перадаць гэты малітоўнік папе Яну Паўлу ІІ. Гэта было вельмі важнае сведчанне.
Калі я стаў біскупам, мы цесна супрацоўнічалі. У 1991 годзе трэба было наладжваць іерархічныя структуры. Першы апостальскі нунцый арцыбіскуп Франчэска Каласона патэлефанаваў мне з Масквы і папрасіў паведаміць ксяндзу прэлату Казіміру Свёнтку, што папа Ян Павел II прызначае яго Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Але я ніяк не мог з ім спаткацца. Гэта адбылося ў Жытоміры на біскупскай кансэкрацыі ксяндза Яна Пурвінскага. Пасля Імшы ў катэдры я сказаў яму пра рашэнне Папы. Ксёндз Свёнтэк адказаў, што яму ўжо ідзе 77 год, а ва ўзросце 75-ці біскуп павінен прасіць Папу аб вызваленні ад абавязкаў, на што я адказаў, што час можна распачаць лічыць нанова. Свёнтэк папрасіў быць яго кансэкратам. Перад арцыбіскупам стаяла складаная заданне: адбудова матэрыяльнага Касцёла, а таксама аднаўленне духоўнага Касцёла.
У кожнага біскупа павінна быць катэдра, але ў Мінску гэта быў Дом спорту. Памятаю, 25 ліпеня 1989 года, у дзень прызначэння біскупам, я прыехаў з Гродна ў Мінск і пайшоў у катэдру. Пры ўваходзе дзяжурная сказала, што заходзіць можна толькі спартсменам. Я яе ўгаварыў, сказаў, што хачу трэнеравацца, і яна прапусціла. Казімір Свёнтэк сярод вялікай колькасці заданняў пастанавіў два найбольш важных. Першае – вярнуць вернікам і адбудаваць катэдру. Ён жыў гэтым. Падчас візіта да Яна Паўла ІІ у Рым ён прывёз вялікі альбом пра адноўленую катэдру і адчувалася, што для яго гэта было вялікім гонарам і перамогай: у горадзе, дзе пяць дзесяцігоддзяў не было касцёла, была адноўлена катэдра. Другім прыарытэтам было аднаўленне дзейнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Важнай справай быў таксама пачатак перакладу літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла на беларускую мову. Гэта было патрэбна для Касцёла і адначасова ўзбагачала нашу беларускую культуру. І Свёнтэк гэта разумеў. Ён адчуваў пульс жыцця Касцёла, праблемы, выклікі часу і імгненна на іх адказваў. Трэба падзякаваць прысутным Аліне Новікавай і Крыстыне Лялько, што яны пачулі яго заклік і адклікнуліся на яго.
Дзякуем Богу, што даў нашаму Касцёлу такога мужнага сведка веры. Кніга “Мяне заўсёды ратавала вера”, якая сёння прэзентуецца, гэта зборнік сведчанняў розных людзей, якія ведалі Свёнтка. Мы любім абразы і карціны, а таксама ўсіх нас захапляе мазайка. Гэта кніга – мазайка ўспамінаў, якая, спадзяюся, дапаможа чытачам больш глыбока спазнаць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, больш даведацца пра яго як чалавека і касцёльнага іерарха, які на першае месца ў сваім жыцці заўсёды ставіў Бога.”
Сваімі ўспамінамі падзялілася Аліна Новікава, якая пазнаёмілася з Казімірам Свёнткам у 1991 годзе і дзесяцігоддзі працавала побач. Вось некаторыя ўрыўкі з яе выступу:
“У гэтай кнізе пададзены вобраз не толькі святара, а таксама вялікага чалавека. Чытачы кнігі адзначаюць, што чытаюць яе як рэлігійную і адначасова як прыгодніцкую літаратуру.
ХХ стагоддзе вельмі багатае на мучанікаў, якія былі гатовыя аддаць жыццё за веру. Мы вельмі шчаслівыя, што быў ксёндз біскуп Зыгмунт Лазінскі, які заснаваў семінарыю ў Пінску. Выхаванцы семінарыі былі годнымі выпускнікамі, мужнымі і непахіснымі веравызнаўцамі. У іх вычыўся Казімір Свёнтэк.
Ксёндз кардынал меў нястомную энергію. Калі ён стаў арцыбіскупам, то пачаў вучыць італьянскую мову. У Пінскай семінарыі ён вывучаў габрэйскую і лацінскую, ведаў французскую і нямецкую. Аднойчы прыйшоў факс на ангельскай мове, і я думала, што ён не ведае ангельскай і не прачытае тэкст. Але ён прачытаў і ўсё зразумеў. Потым я даведалася, што ён вучыў ангельскую ў лагеры ад асуджаных генералаў.
Калі ў 2010 г. Казімір Свёнтэк быў у шпіталі, то я кожны дзень прыязджала і прывозіла яму пэўныя рэчы. Ён ніколі не падаваў віду, што яму баліць. Дзяжурылі ў шпіталі таксама семінарысты. Ксёндз кардынал адпраўляў святую Імшу, арганізаваўшы на ложку скрынку ад шафы. Пасля клерыкі сведчылі, што гэта быў незвычайны і вельмі ўражлівы час.
Кардынал Свёнтэк быў вельмі чулым чалавекам і спачуваў чужоў бядзе. Заўсёды памятаваў пра асабістыя справы людзей. І цяпер мы адчуваем ягоную падтрымку.”
Крыстына Лялько прыгадала, што дакладна 12 гадоў таму, 5 сакавіка, яна разам са спадарыняй Алінай Новікавай ездзілі віншаваць Казіміра Свёнтка з імянінамі. Падаем некаторымі ўрыўкі з яе прамовы:
” У сам дзень святога Казіміра, 4 сакавіка, да кардынала прыязджала шмат святароў. Наша сустрэча адбывалася на наступны дзень і была больш камернай. Ён прыехаў з Любліна са шпіталя і трымаўся вельмі мужна. Цярпенне як быццам адмаладзіла яго, ён выглядаў бадзёра. Мы размаўлялі і пілі каву “па-кардынальску”, гэта значыць вельмі моцную.
Я памятаю нашую першую сустрэчу і паездку ў Пінск, калі ён нам паказваў сваю бібліятэку. Уражанне пра вельмі багатую бібліятэку засталося на ўсё жыццё. Мы знайшлі агульную мову, размаўляючы пра кнігі. У адну з апошніх нашых сустрэч размова таксама ішла пра кнігі. Кардынал як раз чытаў кнігу пра жыццё святога Францішка. Тады ён сказаў: “Вось хто не змарнаваў час!” Такім быў і наш кардынал, які ўмеў цаніць час.
У кнізе “Мяне заўсёды ратавала вера…” ёсць раздзел “Яго жывы голас”, які ўключае тры інтэрв’ю. Першае было запісана ў 1999 годзе, калі адзначалася 60-годдзе ягонага святарства. Мы размаўлялі з Яго Эмінэнцыяй у невялічкім пакойчыку яго арцыбіскупскай “рэзідэнцыі” ў Мінску, якая месцілася на паддашы катэдральнай плябаніі. Тады я запісала сваё вызначэнне асобы кардынала:
“Першы арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, першы кардынал за ўсю гісторыю каталіцызму ў нашым краі. А перадусім – ахвярны святар, чалавек глыбокай, непахіснай веры і незвычайнага лёсу. Аптыміст з душою рамантыка, улюбёны ў хараство свету, створанага Богам. Вялікі працаўнік і жыццялюб, надзелены рэдкім дарам тонкай іроніі, што дапамагае яму заўсёды заставацца самім сабою. Перакананы абаронца Традыцыі і шчыры паклоннік Марыйнай пабожнасці. Мужны апостал Хрыстовае праўды. У яго лёсе яскрава адлюстраваўся драматычны лёс усяго Касцёла на Беларусі за апошняга больш як паўвеку…”.
Размовы нашы адбываліся вечарамі, пасля працоўнага дня. А апошняя была запісана, калі ён вельмі позна прыехаў з Пінска ў Мінск. Гэтае інтэрв’ю было прымеркавана да ягонага 95-годдзя і 70-годдзя святарства.
Па яго благаслаўленні я пачала перакладаць кнігі, энцыклікі і апостальскія пасланні сёння святога Яна Паўла ІІ. Дзякуючы яму былі заснаваны нашыя часопісы “Ave Maria” і “Наша вера”. Ён быў і аўтарам нашых выданняў. Вельмі шмат добрых спраў рабілася па яго благаслаўленні і яго падтрымцы.
Яго Эмінэнцыя меў выдатнае пачуццё гумару, любіў жартаваць, быў малады душой, рухавы, спяшаўся жыць і працаваць. Кардынал любіў усклікаць: “Божа, які Ты добры! Божа, які Ты вялікі!” Мне таксама хочацца сказаць ягонымі словамі: “Божа, які Ты добры, які Ты вялікі, што дазволіў нам ведаць гэтага Чалавека і быць побач з ім!”
Тэкст і фота: Samaranin.by