Пра Марыю ніколі зашмат. Па старонках ліпеньска-жнівеньскага нумара «Ave Maria»

Хутка плынныя дні ўжо аднеслі ў мінулае грунтоўную падрыхтоўку да сёлетняга Будслаўскага фэсту і ўрачыстае святкаванне 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Аднак плён гэтых падзеяў мы, вернікі, працягваем узрошчваць у сваёй душы далей. Менавіта пра гэта — новы, ліпеньска-жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria», дзе занатаваныя цёплыя словы глыбокай пашаны да Маці Божай, якія прагучалі ў межах гэтага святкавання з вуснаў арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага (урывак з гаміліі «Каб спрыяць перамене свету»), і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча (урывак з рэферата «Марыя — збаўленне свету», прысвечанага юбілею каранацыі абраза). На старонках часопіса таксама апублікавана распараджэнне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага аб правядзенні Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння ўсяго Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Кс. Андрэй Рылка закранае некалькі надзвычай важных аспектаў малітвы ў артыкуле «Чым адрозніваецца моц малітвы перад цудадзейным абразом і перад яго копіяй» разважае, ад чаго залежыць моц малітвы і ў чым асаблівасць канкрэтнага месца знаходжання цудадзейнага абраза.

Пра сваё перажыванне сёлетняга Будслаўскага фэсту распавядаюць Ян Лысы ў артыкуле «Сонца, месяц і вянок з дванаццаці зорак», Іна Бігель ва ўспамінах «Усё мае свой адпаведны час» і Паліна Грыб у сведчанні «Усмешка Маці Божай Будслаўскай — вясёлка між хмарамі». Данута Бічэль і Антаніна Святоха падзяліліся глыбокім паэтычным перажываннем гэтай знакавай падзеі.

«De Maria nimquam satis» («Пра Марыю ніколі зашмат») — узгадаў лацінскае выслоўе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у вышэйназваным рэфераце. Таму цалкам лагічным працягам размовы пра ўшанаванне Маці Божай з’яўляецца разважанне а. Юрыя Кулая OCD «Жэст добрага сына»; артыкул Аліны Новікавай «Табе, Маці, давяраем наш лёс», прысвечаны 260-годдзю касцёла ў Гудагаі і ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай; інтэрв’ю Паліны Грыб з Міхаілам Шульгоўскім «У госці да Валадаркі Азёраў» пра веру сярод маладога пакалення і пра санктуарый Маці Божай у Браславе; аповед Галіны Калевіч «Для Цябе, Маці…» пра Марыю Трапашка, якая піша словы і музыку для духоўных песень, з’яўляецца аўтарам некалькіх зборнікаў; рэпартаж Віктара Ведзеня пра чарговы этап пілігрымкі цудадзейных абразоў Багародзіцы.

Чытачоў таксама чакаюць шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы пра жыццё Касцёла ў Беларусі і культ Маці Божай. На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі».

Ганна Шаўчэнка


Запрашаем вас часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісацца на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы:

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней