Выйшла кніга ксяндза Яна Твардоўскага «Вясёлы дзень для нас настаў або Пра тое, хто такі велікодны баранак» па-беларуску
03.04.2020 | Кнігі

У выдавецтве «Pro Christo» выйшла дзіцячая кніжачка вядомага польскага святара-паэта Яна Твардоўскага ў перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Ірыны Жарнасек з ілюстрацыямі мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч.


Яна адрасавана найперш дзецям і прысвечана велікодным святам, іх «мудраму і радаснаму перажыванню». Проста і шчыра,  і разам з тым вельмі глыбока ксёндз Ян апавядае пра традыцыйныя велікодныя сімвалы, якія з кожным годам набываюць новыя адценні. Са сваім адметным гумарам аўтар запрашае нас радасна ўсміхнуцца, параіўшы, каб мы «святы не перажоўвалі, а перажывалі».

***

Больш за пяцьдзясят гадоў ксёндз Ян Твардоўскі (1915-2006) прамаўляў у касцёле сясцёр візітантак нядзельныя і святочныя казанні, якія прыцягвалі вернікаў з розных раёнаў Варшавы.

Кожнай вясною ён падрыхтоўваў іх да мудрага і радаснага перажывання велікодных святаў. Адно за адным пакаленні дзяцей пазнавалі дарагія для самаго святара святочныя сімвалы: вясёлую вербную «пальмачку» з коцікамі ― асвечаную, калі да яе дакрануліся вада і малітва: «святое» яйка, якое «не ходзіць» у касцёл; велікоднага баранка з чырвонай харугвачкай, які нагадвае жаўнера, што выйграў бітву і цяпер пераможна маршыруе. Дзядулі і бабулі, бацькі і дзеці штогод чулі зычэнне, якое святар любіў паўтараць: «Ешце, дарагія госці, бо схуднелі моцна ў посце».

Запісаныя думкі падаўжаюць жыццё словаў, вымаўленых калісьці з амбоны, а таксама дапамагаюць і сёння глыбей падрыхтавацца да велікодных святаў ды лепш іх перажыць.

З прадмовы Аляксандры Іваноўскай

***

Дарагія чытачы, прапануем вам пазнаёміцца з урыўкам кнігі ксяндза Яна Твардоўскага.

Вялікі кароль на малым аслянятку

У Пальмовую нядзелю мы ўзгадваем пра Пана Езуса, які як вялікі кароль на малым аслянятку ўязджаў у Ерузалем.

Усе радаваліся. Натоўп бег перад Ім, каля Яго і за Ім. Смелыя хлопцы пазалазілі, як каты, на пальмы, зрывалі лісты, што раслі вельмі высока, саскоквалі з пальмаў і кідалі іх Езусу пад ногі. Мабыць, вослік думаў, што ўсё гэта для яго.

Чаму ў Ерузалеме тады сабраўся гэткі вялікі натоўп? Чаму ўсе гукалі і крычалі: «Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны! Гасанна! Радуймася, бо Езус ёсць сярод нас»? Бо Езус вяртаўся з могілак, дзе здзейсніў цуд. Сказаў памерламу Лазару, які ляжаў у магіле: «Выйдзі з гэтай магілы!» Лазар выйшаў. Можа, замружыўся шчасліва, бо ў магіле была цемра, а на дварэ ― святло, бо ў магіле мурашы шпацыравалі, а на дварэ матылькі ляталі? Усе вельмі моцна радаваліся. Здзіўленыя, усцешаныя, яны віталі Езуса ў Ерузалеме і кадалі Яму пальмавыя галінкі пад ногі.

Шчаслівы той, хто любіць Пана Езуса. Шчаслівы той, хто ідзе за Ім.

***

Пытайцеся пра кнігу па тэлефоне: +375 29 660 33 90 (Віталь), а таксама ў парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней