Пра новую кнігу кс. Яна Твардоўскага «Да Маці Божай»

У выдавецтве «Pro Christo» выйшла кніга вершаў вядомага польскага святара і паэта Яна Твардоўскага «Да Маці Божай», у якой сабраныя яго марыйныя вершы, напісаныя ў розныя гады.


У Яна Твардоўскага (1915–2006), польскага каталіцкага святара і паэта, былі дзве настаўніцы веры. Першая — ягоная маці Анэля Твардоўская; другая, калі ён ужо шукаў уласных шляхоў да Бога, — Маці Божая. Маці прывяла яго да Маці. Маці чатырох дзяцей (апрача адзінага сына, у яе былі яшчэ тры дачкі: Галіна, Люцына і Марыя), яна прывяла яго да «Маці для ўсіх». На ўсё жыццё. Ксёндз Ян з дзяцінства думаў пра Маці Божую як сын пра Маці і да апошніх сваіх дзён звяртаўся да Яе з дзіцячым даверам. Ён часта паўтараў, што ў малітвах да Маці Божай ёсць інстынкт дзіцяці — сапраўднае адданне сябе Матчынай абароне . Напэўна таму, яго ўлюбёнымі малітвамі былі Ружанец і Magnificat. Вера ў заступніцтва Маці Божай і захапленне Ёю былі настолькі моцныя, што натуральным чынам Марыя стала для ксяндза Яна Твардоўскага настаўніцаю ў штодзённым жыцці. <…>

У багатай творчай спадчыне святара-паэта перакладчыцу Крыстыну Лялько зацікавіў менавіта гэты адметны кірунак: Марыйная лірыка. Таму яна зрабіла ўласны выбар вершаў і двухмоўнай кнізе дала назву аднаго з іх: «Да Маці Божай». Для беларускіх чытачоў гэта будзе чарговая сустрэча з творчасцю ксяндза Яна Твардоўскага, якую з 2012 года выдавецтва «Pro Christo» прэзентуе ва ўсёй яе разнастайнасці: выбраныя вершы, кнігі для дзяцей, евангельскія разважанні, а таксама тэматычны выбар вершаў і прозы.

Вершы, сабраныя ў кнізе «Да Маці Божай», набліжаюць да нас Марыю не толькі як Маці Бога, але і як Маці для ўсіх нас, вельмі людскую — заклапочаную, запрацаваную, чулую і любячую. Разам з іх аўтарам гэтыя вершы падказваюць, «якім шляхам ісці, каб у нікуды не прыйсці», дапамагаюць думаць пра Яе сэрцам дзякуючы ўласнаму досведу, болю і радасці.

Аляксандра Іваноўская
З прадмовы да кнігі «Да Маці Божай»

Да Маці Божай

Ты для мяне Матуля
бо маці безабаронная
кожнага найлепш абароніць
хоць бы й адным пальцам як усмешкай далоні
звыклым крыжыкам знятым
са свайго цела 

Ты для мяне – Каралева
калі ўва мне пануеш
калі грахі свае вызнаю
плачучы пакрыёма
укленчу – запрашу да сябе
каб тупала на д’ябла ва ўсім маім доме

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней