У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла ў свет кніга ўспамінаў пра незвычайную асобу першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера...» Гэта кніга-сведчанне тых, хто добра ведаў кардынала, хто з ім працаваў, хто меў шчасце з ім кантактаваць і быць сведкам яго жывой непахіснай веры, яго адданасці Хрысту і Касцёлу. Прапануем увазе чытачоў уступнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да кнігі. А таксама запрашаем на прэзентацыю кнігі з удзелам арцыбіскупа 21 кастрычніка ў 18:30 у архікатэдральным касцёле ў Мінску і заахвочваем да малітвы за кардынала!
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, шаноўныя чытачы!
Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу — кнігу ўспамінаў пра святой памяці Яго Эмінэнцыю ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера...». Яго імя як жывога мучаніка часоў атэістычных ганенняў на веру, першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, а таксама першага і шматгадовага Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі залатымі літарамі ўпісанае ў сучасную гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Лёс распарадзіўся так, што я, па даручэнні Прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў былым Савецкім Саюзе, святой памяці арцыбіскупа (пазней кардынала) Франчэско Каласуона, павінен быў паведаміць ксяндзу прэлату Казіміру Свёнтку, што папа Ян Павел II прызначае яго Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі і пытаецца аб яго згодзе.
У той час я паехаў ва Украіну ў Жытомір на біскупскую кансэкрацыю ксяндза Яна Пурвінскага і там нечакана сустрэў ксяндза Свёнтка. Пасля Імшы ў жытомірскай катэдры я сказаў яму пра рашэнне Папы. Ксёндз Свёнтэк адказаў, што яму ўжо ідзе 77 год, а ва ўзросце 75-ці біскуп павінен прасіць Папу аб вызваленні ад абавязкаў, на што я адказаў, што Папа пра гэта добра ведае, і калі прызначае яго, то ў гэтым ёсць неабходнасць, а час можна распачаць лічыць нанова. Тады ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк адказаў, што ў рашэнні Папы бачыць Божую волю і прымае прызначэнне.
Новапрызначаны арцыбіскуп папрасіў мяне кансэкраваць яго ў пінскай катэдры. Я быў сведкам таго, як ён рыхтаваўся да такой важнай у яго жыцці падзеі, якою распачынаў служэнне наступніка Апосталаў у знішчаным рэжымам ваяўнічага атэізму Касцёле, што пачаў паступова адраджацца.
Сваім ахвярным служэннем цягам 20-ці гадоў кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў важкі след у гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Найважнейшымі вехамі яго служэння неабходна лічыць аднаўленне мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і дзейнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, у якой ён сам атрымаў святарскую фармацыю, правядзенне Сінода Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, заснаванне неабходных для дзейнасці Касцёла структураў, у тым ліку такіх важных як выдавецтва і масмедыя, падрыхтоўку і выданне літургічнай і катэхетычнай літаратуры, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці і шмат чаго іншага.
Сустракаючыся і працуючы разам з кардыналам Казімірам Свёнткам, я перадусім быў уражаны клопатам Яго Эмінэнцыі пра Касцёл і яго будучыню. Касцёл яму быў Маці, якая яго нарадзіла для духоўнага жыцця, і якой ён ахвярна служыў да канца сваіх дзён.
У кардынале Свёнтку ўражвала таксама і тое, што ён ніколі не наракаў на цяжкасці, нават на тыя, што спазнаў у вязніцы, будучы асуджаным на вышэйшую меру пакарання — расстрэл. У самых складаных сітуацыях ён давяраў Божаму Провіду, а не «моцным» гэтага свету. Па жыцці яго вяла глыбокая вера ў Бога і апека Найсвяцейшай Панны Марыі. Калі ксяндза Казіміра вызвалялі з лагера, начальнік, пераглядаючы яго дакументы, усклікнуў: «Як ты мог застацца жывым, калі аж два разы быў асуджаны на смерць?». Тады Свёнтэк адказаў: «Так хацеў Бог». А аднойчы кардынал сказаў: «Прабываючы ў лагеры, верыў, што выйду з яго жывым, але што стану кардыналам ― аб гэтым ніколі не асмельваўся нават марыць»...
Кніга «Мяне заўсёды ратавала вера...» ― гэта сведчанні многіх духоўных і свецкіх асобаў, якія дапамогуць нашым сучаснікам і нашчадкам больш глыбока пазнаць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, больш даведацца пра яго як чалавека і касцёльнага іерарха.
Перакананы, што яна стане добрым дапаможнікам і ў вывучэнні гісторыі Касцёла, які, дзякуючы Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, а таксама шматлікім мучанікам і вызнаўцам веры, святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, уваскрасае, як птушка фенікс з попелу.
Выказваю ўдзячнасць ахвярадаўцам і ўсім, хто напісаў свае ўспаміны пра Яго Эмінэнцыю кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама выдавецтву «Про Хрысто» за падрыхтоўку і выданне гэтай кнігі. Іх і ўсіх чытачоў кнігі ад усяго сэрца благаслаўляю.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 4 кастрычніка 2020 г.
Успамін св. Францішка Асізскага
Набыць кнігу можна:
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.