Прапануем чытачам паразважаць на тэму Эўхарыстыі ў містычным досведзе святых і душаў чыстцовых паводле кнігі с. Анны Чайкоўскай WDC «Чысцец у зямным жыцці».
Гэтыя выбраныя цытаты — спроба пазнаёміць чытача з кнігаю с. Анны Чайкоўскай WDC, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе на беларускую мову. «Усё зямное жыццё — гэта шлях вяртання ў Дом Айца — шлях ачышчэння і аздараўлення ад атруты першароднага граху», — сказаў Пан Езус Аліцыі Лянчэўскай падчас аднаго з прыватных аб’яўленняў. Як распазнаць гэты шлях? Што можна лічыць сапраўдным духоўным лекам у працэсе ачышчэння? Аўтарка, якая сама належыць да Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, падрабязна распавядае пра вялікае багацце духоўных сродкаў, што дапамагаюць чалавечай душы знайсці правільныя арыенціры і дасягнуць канчатковай мэты — яднання з Богам у вечнасці.
* * *
Каб наблізіцца да Бога, мы павінны найперш — з пэўнаю дысцыплінаю — прысвячаць Яму час. Хіба Ён не даў нам жыццё і час, які мы маем? <...> Калі я ўзгадвала пра штодзённую святую Імшу, успомніла адну жанчыну з чыстца, якая калісьці мне аб’явілася. Калі я задала ёй сваё традыцыйнае пытанне: «Што я магу для цябе зрабіць?», яна адказала: «Ідзі і скажы маім дзецям, што я буду збаўлена, калі яны ахвяруюць семдзесят пяць Імшаў у маёй інтэнцыі. Я знаходжуся ў чыстцы, бо не паказала ім вартасці штодзённых Імшаў». Я скантактавалася з яе сям’ёю і перадала тое, што наказала маці сваім дзецям. Сям’я не была беднаю, і адзін мужчына з малодшага пакалення заявіў: «Добра, мы заплацім за семдзесят пяць Імшаў, калі ў гэтым справа». «Не, — рашуча адказала я, — гэтага недастаткова, бо маці ўсё яшчэ знаходзіцца ў чыстцы па той прычыне, што не паказала вам вартасці штодзённых Імшаў. Разам ідзіце на семдзесят пяць Імшаў, маючы ў сэрцы вашу добрую маці як адзіную інтэнцыю. Менавіта аб гэтым яна просіць. Крыху панаракаўшы, яны згадзіліся і паклапаціліся пра гэтую справу (Марыя Сімма).
* * *
З любові да душаў Я з’яўляюся вязнем Эўхарыстыі. Застаюся там, каб людзі маглі прыйсці да Мяне з любою бядою і шукаць суцяшэння ў самым чулым сэрцы, у найлепшага Айца і Сябра, які ніколі іх не пакідае. Эўхарыстыя — гэта замысел любові! А тая Любоў, якая знішчае сябе дзеля дабра душаў, не атрымлівае ўзаемнасці!
Я жыву з грэшнікамі, каб стаць іх збаўленнем і жыццём, іх лекарам і адначасова лекам ад усіх хваробаў, якія з’яўляюцца вынікам іх сапсаванай натуры. А ўзамен на гэта яны аддаляюцца, зневажаюць Мяне і пагарджаюць Мною. Ах, бедныя грэшнікі! Не адыходзьце ад Мяне. Днём і ноччу Я чакаю вас у табэрнакулюме. <…> Не бойцеся прыйсці да Мяне. Калі б вы ведалі, як Я люблю вас! <…> Не дайце тысячам дробязяў паглынуць вас і знайдзіце вольную хвіліну, каб наведаць Найсвяцейшы Сакрамэнт і прыняць Вязня Любові! (Словы Езуса да с. Хасэфы Менэндэс.)
* * *
Ёсць душы, якія перажываюць свой чысцец каля падножжа алтара. Яны знаходзяцца тут не за грахі, якія ўчынілі ў касцёле. Тыя грахі, якія датычацца непасрэдна Езуса ў табэрнакулюме, вельмі сурова караюцца ў чыстцы. А душы, якія прабываюць у адарацыі, знаходзяцца тут хутчэй ва ўзнагароду за іх набажэнства да Найсвяцейшага Сакрамэнту і за пашану да месцаў, прысвечаных Богу. Яны церпяць менш, чым тыя, хто прабывае ў самім чыстцы, а Езус, якога яны сузіраюць вачыма душы і веры адначасова, палягчае цярпенні, што яны зносяць сваёю нябачнаю прысутнасцю (с. Марыя ад Крыжа).
* * *
Святая Камунія, прынятая на святой Імшы — спажытак для нас і для іншых (таксама і для душаў чыстцовых).
Адразу пасля святой Камуніі я ўбачыла прыгожага белага Галубка, у якога дзюбка і ножкі былі чырвоныя, як з полымя. Гэты Галубок наблізіўся да святой Гостыі ў маёй душы і пачаў карміцца з вялікім апетытам, хутка дзюбаючы святую Гостыю. Тут жа — не ведаю якім чынам — зляцелася процьма разнастайнага птаства, якое падобна да Галубка жывілася маёю святою Гостыяй. Аднак святая Гостыя зусім не змяншалася, хоць стала спажыткам для тысячы птушак, чаму я вельмі радавалася. <…> Да мяне прыйшло разуменне, што <…> святая Камунія, годна прынятая душою, прыносіць духоўны спажытак не толькі самой душы, але і ўсяму святому Касцёлу, пачынаючы ад Святога Айца ажно да апошняга і найменшага члена Хрыстовага Касцёла. Так выглядае любоў да бліжняга — навучыў мяне Збаўца — каб праз асвячэнне ўласнай душы дапамагаць бліжнім у асвячэнні (с. Рабэрта Зоф’я Бабяк).
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле кнігі с. Анны Чайкоўскай WDC
«Чысцец у зямным жыцці».
Заахвочваем набываць кнігі падчас фэсту ў Будславе 1–2 ліпеня.
Будзем рады бачыць вас у нашых намётах!