Ці траплялі вы ў такую сітуацыю, калі ваш суразмоўца раптам выказваў прыніжальную заўвагу пра каталіцкую веру або задаваў вам няпростае пытанне пра каталіцызм, на якое вы не маглі адказаць? Напэўна, такія сітуацыі здараліся. Асабіста ці праз сацыяльныя сеткі католікам часта даводзіцца абараняць сваю веру ці тлумачыць некаторыя рэлігійныя пытанні. Гэта змушае нас быць гатовымі да адказаў і паляпшаць свае веды пра Каталіцкі Касцёл і яго вучэнне.
Прапануем вам невялікі ўрывак з кнігі «Ці можам мы быць святымі» Фрэнка Дафа, заснавальніка Легіёну Марыі, прысвечаны гэтай праблеме.
Нападкі на Касцёл
Куды б вы ні пайшлі, на вашай працы, у клубах ці нейкіх групах, вы пачуеце, што людзі задаюць пытанні і ўзнімаюць праблемы, якія могуць падарваць асновы Касцёла ці самой веры. Дапамагаючы іншым, не забывайце аб небяспецы для сябе.
Многія з такіх меркаванняў вы зможаце пераканаўча абвергнуць, сыходзячы з уласных ведаў. Іншыя ж могуць здацца вам настолькі важкімі, што напалохаюць вас. Таму карысна разважаць такім чынам: «Якое б пярэчанне ні было, на яго ёсць адказ. Усе гэтыя пытанні ўзнімаліся, і раней і на іх ужо давалі адказы. Вялікія людзі ва ўсе часы імкнуліся знайсці недахопы ў вучэнні Касцёла, але і яны, і іх філасофіі сышлі, а Касцёл працягвае жыць».
Заўсёды памятайце, што праўдзівасць вучэння Каталіцкага Касцёла не залежыць ад вашай здольнасці даказаць яе. Дзесяці жыццяў не хапіла б, каб адказаць па кожным пункце. Сапраўдны доказ — гэта дэкларацыя Касцёла, якая з'яўляецца апорай і асновай праўды.
Таму не дазваляйце, каб тое, што хтосьці сказаў вам, напрыклад, на працы, непакоіла вас. Няхай іх пярэчанні — нават калі яны выклікаюць у вашых галовах цяжкасці — толькі даюць вам магчымасць здзейсніць акт веры: «Я не разумею гэтага, добры Божа, але веру, таму што Касцёл так вучыць, а Касцёл беспамылковы».
Прачытайце абяцанне нашага Пана: «На гэтай скале я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Пасля паслухайце словы лорда Маколея, які не быў прыхільнікам Касцёла, і ўслухайцеся ў тое, як гэта абяцанне гучыць пасля дзевятнаццаці стагоддзяў існавання Касцёла: «Калі мы разважаем пра страшэнныя нападкі, якія перажыў Каталіцкі Касцёл, нам цяжка ўявіць, якім чынам ён можа загінуць»…
* * *
Калі вы не ведаеце адказаў на некаторыя пытанні, то шукайце, пытайцеся, чытайце, рыхтуйцеся да адказаў. Нават калі вы не адважыцеся выказацца адзін-два-тры разы, магчыма, у чацвёрты раз у вас будзе адвага і магчымасць агучыць свае аргументы. Гэта неабавязкова дапаможа вашым суразмоўцам, але дапаможа вам, таму што пад уздзеяннем нападаў або кпінаў з веры і Касцёла вы адкажаце на пытанні, якіх раней сабе не задавалі.
«Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 П 3, 15).
Падрыхтавала Эльвіра Палінеўская.