Грэх, які не будзе прабачаны…

«Спадзявацца празмерна на Божую міласэрнасць — гэта грэх супраць Духа Святога. А як вызначыць мяжу паміж надзеяй як кардынальнай хрысціянскаю цнотаю і празмернасцю сваіх спадзяванняў?»


На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Ці існуюць такія грахі, якія Бог не прабачае чалавеку?

Падобнае пытанне можа ўзнікнуць, калі ў Святым Пісанні мы чытаем словы Езуса пра тое, што ёсць грахі, якія не будуць прабачаныя: «усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе» (Мц 12, 31). Гэтае выказванне Хрыста будзіць трывогу, заклапочанасць і адначасова пабуджае нас да яго выяснення. Як гэтыя словы разумець? Што такое «блюзнерства супраць Духа»?

Жывучы ў ІІІ тысячагоддзі хрысціянства, мы маем вялікае шчасце і камфорт карыстацца назапашаным вопытам папярэднікаў, вынікамі пошукаў незлічонай колькасці святых, мысліцеляў, тэарэтыкаў і практыкаў веры. Вечна жывая Традыцыя Касцёла ўвасобіла ўсю мудрасць Божага Аб’яўлення ў афіцыйнай дактрыне. Каталіцкае веравучэнне прыходзіць нам на дапамогу і ў зразуменні ўзгаданага выказвання Божага Сына пра неадпушчальныя грахі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, ідучы за тэрміналогіяй Езуса, называе іх «грахамі супраць Духа Святога» (гл. Лк 12, 10; Мк 3, 29; ККК, 1864). Традыцыйна называецца шэсць асноўных грахоў. Першае месца ў спісе непрабачальных займае грэх «празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць». Што гэта за грэх? Чаму ён лічыцца найцяжэйшым сярод неадпушчальных? І дзе знаходзяцца межы «дазволенага» спадзявання на Божую міласэрнасць?

Мы жывем у эпоху, калі дзякуючы св. Фаўстыне Кавальскай і благаслаўлёнаму Міхалу Сапоцьку, нашаму земляку, Паўсюдны Касцёл з вялікаю моцаю нанава адкрыў для сябе таямніцу бязмежнай Божай міласэрнасці. На фоне гэтай таямніцы можа выглядаць нейкім непаразуменнем факт існавання чагосьці, перад чым Божая міласэрнасць і любоў здаюцца бяссільнымі. Што ж гэта за сіла, мацнейшая за жаданне Бога прабачыць і выратаваць? Гэта дар вольнага выбару чалавечай асобы. Бог можа ўсё, але не жадае дзейнічаць супраць нашай волі. Ён настолькі любіць чалавека, што шануе кожны яго выбар, нават няправільны і найгоршы, бо ў небе няма месца для нявольнікаў і прымушаных. Неба – гэта валадарства вольных і прагнучых жыць з Богам (ККК, 1730; 1742).

На жаль, мы не з кніг, але з практыкі жыцця ведаем, што існуе нямала людзей, якія не жадаюць прыняць Бога, Яго любоў, прабачэнне, аздараўленне. Такія асобы зазвычай спадзяюцца на сябе, на іншых людзей, на зямныя сілы. Але існуюць людзі, якія знаходзяцца ў яшчэ горшай сітуацыі, чым тыя, хто проста не верыць. Гэта тыя, якія пазналі Бога і Яго міласэрнасць, ведаюць хрысціянскія праўды веры, і ўсё гэта яны намагаюцца выкарыстоўваць, каб патанаць у грахах і адначасова пазбегнуць іх вечных наступстваў у пекле. Яны імкнуцца падмануць Бога: «буду грашыць, а Ён і так прабачыць». Гэта тыя, хто лічыць Бога загнаным у пастку Яго бязмежнай любові: «Усёмагутны і так зробіць усё, каб я быў збаўлены». Усведамленне бязмежнасці Божай Любові і бяздоння Яго міласэрнасці становіцца фатальнай спакусаю для тых, каму грэх і ўпартасць настолькі салодкія, што яны лічаць, што змогуць перахітрыць і выкарыстаць Бога (гл. Мц 4,7). 

Па сутнасці грэх празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць — гэта пэўная пазіцыя чалавека, які не шкадуе за свае грахі, не мае жадання нешта выпраўляць і адначасова чакае ад Бога, каб Ён прыняў яго ў неба, нягледзячы на неачышчаны пякельны бруд ягонага жыцця (гл. Зых 17, 1–2; 32, 1–10). Святыя айцы і дактары Касцёла, такія як св. Аўгустын ці св. Тамаш Аквінскі, бачылі ў гэтым граху двайны самападман чалавека: памылковую самаацэнку і непавагу да Божай справядлівасці (гл. св. Т. Аквінскі, Summa Theol., II–II q, 130 a, 2 ad 1).

Неадэкватная самаацэнка, якую чалавечая асоба не жадае выпраўляць, можа настолькі сказіць погляд на рэчаіснасць, што губляюцца межы паміж дабром і злом, праўдаю і фальшам, рэальнасцю і фантазіяй. Да гэтай катэгорыі належаць людзі, якія не зважаюць ні на якія аўтарытэты, нікога не слухаюць, не выносяць крытыкі. Яны пагружаюцца ў свет самазахаплення, ім здаецца, што ўсё круціцца вакол іх, што няма найважнейшых за іх і што ім дазволена ўсё. Калі і верыць такі чалавек у Бога, то як у слабака, які закахаўся ў людзей і ляжыць ля іх ног, каб задавольваць іх капрызы. Калі такія людзі і дапускаюць думку пра магчымасць Божага суду, то лічаць, што паспеюць спачатку напоўніцу насалодзіцца грахом на зямлі, а пасля, у момант смерці (ці старасці, ці на пенсіі, ці калі скончацца грошы, ці калі зменіцца сітуацыя і да т.п.) адмовяцца ад мінулага і пачнуць падрыхтоўку да больш салодкага і вечнага задавальнення жыццём у Небе. Гэта катастрафічнае засляпенне сваім «я». І чым больш яно (у рэальнасці) разбураецца, тым мацней крычыць (і фантазіруе) аб уласнай велічы (гл. св. Ян Павел ІІ, Dominum et Vivificantem, 46).

Другое аблічча граху празмернага спадзявання на міласэрнасць Пана — гэта прытупленне пачуцця справядлівасці аж да яго адмаўлення. Такія асобы звычайна гатовыя шмат гаварыць пра Божую любоў і нічога — пра Божую справядлівасць. Яны не вераць у справядлівасць і не жадаюць думаць пра яе. Ім падабаецца ставіць справядлівасць пад сумнеў, крытыкаваць яе, асуджаць і параўноўваць з прымітыўнасцю і фарысействам. Гэта дэманічная пазіцыя цынічнага скептыка ў пытаннях праўды (справядлівасці) і апантанага абаронцы права на «любоў без правіл», якая магчымая толькі ў адной беспамылковай версіі — ягонага «я» (гл. Бэнэдыкт XVI, Deus Carita est, 30). Нездарма св. Аўгустын называў грэх любоўю да сябе, даведзенай аж да пагарды Богам (гл. св. Аўгустын, De civitate Dei, 14, 28). Бо пагарджае і адкідвае Яго прабачэнне той, хто не адчувае патрэбы ў прабачэнні. А каб быць прабачаным, трэба спачатку прызнаць сваю вінаватасць.

Як бачым, кожны грэх супраць Духа Святога, а асабліва грэх празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць, — гэта замкнёнасць чалавека на дар Божай ласкі (Мк 3, 29). Як жа пазбегнуць гэтага граху? У першую чаргу неабходна не забываць, што галоўная ўмова прыняцця дару Божай міласэрнасці і кожнай ласкі Пана – адкрытае сэрца (Рым 10, 5–13; Мц 15, 19–20), бо ў замкнёную душу Божая ласка не ўваходзіць. Бог ніколі не выломвае дзверы нашага сэрца, але далікатна стукаецца, чакаючы, каб мы адчынілі і Яго запрасілі (Ап 3, 20). Каб адчуць патрэбу ў дары, неабходна спачатку стаць патрабуючым, прызнаць уласную абмежаванасць, саманедастатковасць, патрэбу ў Збавіцелі, без якога загінеш. Усведамленне праўды пра тое, што да такога стану мізэрнасці і грахоўнага самаакалечвання нас прывёў не хтосьці, а мы самі праз уласную пыху і саманадзейнасць (гл. Рым 3, 21–31), нараджае ў нас натуральную і разумную патрэбу шукаць памочніка і ратаўніка, які мог бы нам дапамагчы. Але калі раней мы Яго ведалі і адкінулі, то вяртанне да Яго пачынаецца з просьбы аб літасці, прабачэнні і міласэрнасці (гл. Мц 18, 21). Ці ж не ў Езусе мы знаходзім таго адзінага, любячага аж да Ахвяры Крыжа Брата-Збавіцеля і міласэрнага Айца, і сапраўдны Дух любові, па якім тужыць нашае прагнучае сапраўднай любові сэрца? (гл. Ян 16, 18; 1 Цім 2, 3–6).

Мяжа надзеі на Божую міласэрнасць — гэта нашае жаданне зрабіць усё, што мы можам, ведаючы, што зможам не ўсё. Таму спадзяемся на незаслужаны дар вольнага ў сваёй волі Пана, цалкавіта пакладаючыся на Яго (гл. Пс 145, 8–9). Асмельваемся давяраць і спадзявацца, бо ведаем і адчуваем бязмежнасць Яго мудрай і справядлівай любові, якая ўдзяляецца тым, хто зрабіў найважнейшы крок у сваім жыцці: адчыніў Яму насцеж дзверы свайго жыцця (гл. св. Ян Павел ІІ, гамілія, 22.10.1978).


Ксёндз Андрэй Рылка

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней