Паміж самаабаронаю і забойствам

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Той, хто абараняе сваё жыццё, не вінаваты ў забойстве, нават калі ён вымушаны нанесці агрэсару смяротны ўдар». І затым цытуецца ўрывак з «Сумы тэалогіі» св. Тамаша Аквінскага: «Калі чалавек, абараняючы сваё жыццё, дзейнічае больш агрэсіўна, чым трэба, яго дзеянні супрацьзаконныя. Калі ж ён рэагуе ўмерана, то самаабарона яго законная. <…> Чалавек абавязаны абараняць сваё жыццё больш, чым жыццё іншых».

Скажыце, калі ласка, дзе праходзіць мяжа паміж «умеранаю» і «няўмеранаю» самаабаронаю? У момант смяротнай небяспекі чалавек часта не можа аб’ектыўна ацаніць сітуацыю. Наколькі вялікую маральную адказнасць ён нясе ў гэтым выпадку?


На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Жыццё чалавека з’яўляецца святой і непарушнай каштоўнасцю, дадзенаю Богам (гл. Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 81 (далей: EV)). І толькі Бог з’яўляецца яго Панам. Касцёл у сваім вучэнні пастаянна падкрэслівае фундаментальны характар гэтай каштоўнасці (EV, 39, 55), бо калі няма жыцця, няма падмурку для ўсіх іншых прынцыпаў і каштоўнасцяў. Каб чалавек мог штосьці рабіць, спачатку ён павінен жыць. Таму жыццё ў вачах хрысціяніна – гэта фундаментальная святасць, якую неабходна берагчы, бараніць і развіваць (гл. EV, 87).

Аднак узнікаюць такія выпадкі, калі чалавек становіцца перад выбарам: «або маё жыццё, або ягонае». Асабліва драматычным гэты выбар становіцца ў сітуацыі супраціўлення нападу забойцы. Часам у такіх выпадках неабходна зрабіць адназначны выбар: забіць нападніка або дазволіць забіць сябе.

Касцёл усведамляе, што, жывучы ў грэшным свеце, хрысціянам даводзіцца сутыкацца з падобнаю праблемаю і выбарам, і дае адказ на пытанне пра межы самаабароны. У дакументах каталіцкага вучэння гэты прынцып мае розныя назвы: прынцып «слушнай абароны», «абавязковай абароны», або «апраўданай абароны». Падрабязна ён апісаны ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (гл. ККК, 2263–2265). Прадстаўленая там навука абапіраецца на спадчыну біблійных і тэалагічных даследаванняў св. Аўгустына і св. Тамаша Аквінскага. Распрацаванае гэтымі вялікімі настаўнікамі Касцёла вучэнне гаворыць пра тое, што чалавек у мэтах самаабароны мае права на забойства агрэсара, калі гэта адзіная магчымасць ратавання жыцця. Але гэтае права не мае і не можа мець абсалютнага характару (гл. KKK, 2263), бо фундаментальным прынцыпам хрысціяніна застаецца Божая запаведзь «не забівай» (гл. Зых 20, 13; Дрг 5, 15).

Як пагадзіць запаведзь аб незабіванні з відавочнай патрэбаю бараніць жыццё, а тым больш, калі прыходзіцца бараніцца аж да смерці праціўніка? Як хрысціяніну выйсці з сітуацыі канфлікту каштоўнасцяў і прынцыпаў: бараніць (сваё) права на жыццё і не нашкодзіць іншай асобе (не забіць яе)? А калі трэба зрабіць безальтэрнатыўны выбар: або ты, або цябе? Як паступіць па-хрысціянску?

Дактрына Касцёла, асвечаная і прадуманая безліччу вялікіх і геніяльных святых і вучоных, тлумачыць, што Божая запаведзь «не забівай» мае абсалютны характар толькі адносна нявіннай асобы (гл. ККК, 2258). У сваю чаргу агрэсар (нападнік і знішчальнік жыцця) праз сам акт забівання ставіць сябе па-за межамі нявіннасці і маральнага дабра. Ён становіцца крыніцаю зла і смерці. На маральна-прававым узроўні такая сітуацыя ўжо паказвае велізарную розніцу паміж нападнікам і ахвяраю (гл. Быц 4, 14–15). Першы прыдумвае сабе права на забіванне нявіннага, а другі дзейнічае паводле права на абарону. Хрысціянская перспектыва дзеяння ўскладняецца прынцыпам любові да бліжняга, які ў дадзеным выпадку можна сфармуляваць як абавязак не крыўдзіць іншую асобу (гл. Мц 5, 21–22; Мц 5, 38–48; Лк 6, 27–35; EV 9, 41).

Асноўнае маральнае пытанне хрысціяніна ў кантэксце самаабароны будзе такім: ці можна, абараняючы ўласнае жыццё, забіць агрэсара? Адказ будзе адначасова просты і складаны: кожны чалавек мае права на абарону ўласнага жыцця, але не любым коштам. Жыццё чалавека з’яўляецца неаспрэчнай каштоўнасцю (гл. EV, 48). Кожная асоба мае абавязак любіць (і бараніць) саму сябе гэтаксама, як і кожную іншую асобу. Забіццё агрэсара будзе, кажучы моваю маральнай тэалогіі, вынікам прадбачаным, але не пажаданым, бо адзіным апраўданнем такога дзеяння можа быць яго крайняя неабходнасць у абароне і ніколі – праяўленне насілля (гл. EV, 56, 57).

Адзіным выключэннем з гэтага прынцыпу можа быць выпадак гэтак званай гераічнай любові, калі адна асоба дабравольна ахвяруе сябе з любові і жадання выратаваць іншую асобу (гл. Мц 5, 38–48; гл. EV, 86). Зыходзячы з гэтага, Касцёл навучае, што кожны мае права на абарону перад несправядлівай атакаю, але гэтае права не мае абсалютнай абавязковасці ў адносінах да самой асобы (ахвяры). Напрыклад, калі хтосьці вырашыў, што не будзе даваць адпору праціўніку, каб засведчыць сваю любоў нават перад абліччам нянавісці і смерці, то ён мае права такім гераічным і дасканалым чынам засведчыць найвышэйшасць дабра: не адказваць на зло злом, але непахісна, да канца стаяць на пазіцыі дабра (гл. Рым 12, 21).

Забіццё праціўніка ў выпадку абароны ўласнага жыцця будзе апраўданым, калі ўсе іншыя магчымасці самаабароны неэфектыўныя (не абароняць жыцця ахвяры). Таму гэта крайні выпадак. Зыходзячы з прынцыпу абароны кожнага жыцця, хрысціянін павінен выкарыстоўваць спачатку ўсе іншыя магчымасці, каб пазбегнуць забойства. Напрыклад, ён можа абезуладзіць праціўніка: параніць, уцячы, паклікаць на дапамогу іншых асобаў і да т.п. Маральнае вучэнне Касцёла гаворыць аб неабходнасці захавання прапарцыянальнасці сродкаў абароны і пагражаючай сітуацыі. Менавіта так неабходна разумець пастаўленае на пачатку пытанне пра ўжыты ў Катэхізісе тэрмін умеранасці адказу на агрэсію (гл. ККК, 2264), бо няўмеранасць у дадзеным выпадку – гэта неадпаведнасць адказу і агрэсіўная матывацыя.

Вучэнне аб «слушнай абароне» ў традыцыйным каталіцкім маральным вучэнні абапіраецца на прынцып двайнога выніку. Менавіта на аснове гэтага прынцыпу св. Тамаш Аквінскі тлумачыў, чаму забіццё праціўніка, калі той намагаецца забіць, не будзе лічыцца грахом забойства, але будзе справядліваю самаабаронаю (гл. св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, II–II, 64, 7). Двайны вынік абароны ўласнага жыцця – гэта (1) абарона (захаванне) свайго жыцця і (2) забойства нападніка (забойцы). Разглядаючы акт самаабароны з хрысціянскай пазіцыі, заўважым, што непасрэднаю мэтаю ахвяры (намераным вынікам) будзе абарона ўласнага жыцця, а пабочным вынікам (дапушчаным, але не самамэтаю) становіцца смерць нападніка. Пры гэтым увесь час трэба памятаць, што такое дзеянне можа мець маральнае апраўданне толькі тады, калі гэта сапраўды адзіны магчымы і крайні (апошні) спосаб абараніць жыццё, бо інакш абарона лёгка можа ператварыцца ў контратаку або жаданне безумоўнага знішчэння праціўніка, а такія дзеянні маюць зусім іншую маральную кваліфікацыю. 

У рэалізацыі права на «слушную абарону» нельга кіравацца пачуццём помсты альбо нянавісці. Нельга таксама дзейнічаць паводле прынцыпу «вока за вока», адказваць насіллем на насілле (гл. Рым 12, 17–21; 1 П 2, 20–23).

Хрысціянін пакліканы любіць кожнага, нават ворага (гл. Мц 5, 43–48), але нельга абсалютызаваць прынцып ненасілля, з-за чаго ствараецца небяспечны вобраз фальшывай міратворчасці і гуманнасці, што ў сваю чаргу можа правакаваць злачынцаў на яшчэ большую агрэсію і насілле (пар. Св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, II-II, 64, 2). 

Вучэнне Касцёла гаворыць пра тое, што абарону ўласнага жыцця ад агрэсара трэба разглядаць не толькі як права, а нават як абавязак (гл. ККК, 2265). Такая сітуацыя ўзнікае тады, калі ад жыцця дадзенай асобы (ахвяры нападзення) залежыць лёс іншых людзей, сям’і, супольнасці, дзяржавы і г.д. Таксама ад спосабу самаабароны можа залежаць не толькі жыццё іншых асобаў, але і існаванне шматлікіх іншых дабротаў. Таму пры абароне варта памятаць зноў жа пра ўзгаданую ў Катэхізісе «ўмеранасць», г.зн. адэкватнасць выбару метадаў і сродкаў, каб у выніку замест дабра не нарабіць яшчэ большай шкоды.

Усведамляючы ўзаемасувязь паміж выпадкамі неабходнай самаабароны і яе наступствамі, Касцёл часта разглядае пытанне пра абарону жыцця ў кантэксце правоў і абавязкаў адносна супольнасці, у якой нам даводзіцца жыць (гл. KKK, 2265, 2266, 2267). З-за таго, што мы найчасцей жывём у цеснай узаемасувязі з іншымі асобамі, сітуацыя абароны ўласнага жыцця так ці інакш закранае жыццё нашага атачэння. Вынікі нашага выбару могуць непасрэдна ўплываць на іншых людзей. Таму Касцёл заўсёды заклікае да вялікай асцярожнасці ў маральнай ацэнцы дзеянняў і заахвочвае, каб мы ніколі не рабілі паспешлівых вывадаў, меркаванняў і ацэнак. Па магчымасці, трэба шукаць адказ на хвалюючыя пытанні ў кампетэнтных крыніцах, перадусім у вучэнні Касцёла, якое асноўваецца на Божым Законе і праверанае тысячагоддзямі досведу шматлікіх жыццяў святых і грэшных людзей.


Ксёндз Андрэй Рылка

 

Цэтлікі: Меркаванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней