Часам вернікі сумняваюцца ў тым, ці можа святар, які жыве ў цэлібаце, дапамагчы ім у вырашэнні сямейных праблемаў, бо ён жа не мае досведу ўласнага сужэнства і сям’і. Ці так гэта?
На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
На першы погляд, пастаўленае пытанне можа здавацца поўнасцю лагічным і зразумелым. Сапраўды, што можа расказаць пра сужэнства і сям’ю той, хто не мае ні жонкі, ні дзяцей. Але калі паставіцца сур’ёзна да такой «логікі» разважанняў, адразу адкрыецца яе неабгрунтаванасць, бо атрымліваецца, што і лекары нічога не павінны казаць пра хваробы, на якія самыя не перахварэлі, і псіхолагам не можа быць той, хто не мае досведу псіхічнай хваробы, і пра шкоднасць наркотыкаў можа гаварыць толькі наркаман. Больш за тое, калі святар не павінен навучаць пра сям’ю, бо не мае ўласнай, то і вернік, які не з’яўляецца святаром, не павінен гаварыць, што могуць і чаго не могуць святары, бо каб іх павучаць, трэба (паводле такой «логікі») імі быць. Відавочна, што такі ход разважанняў абсурдны.
Якія ж на самай справе можна прывесці аргументы за тое, што святар сапраўды можа шмат у чым дапамагчы сужэнцам і сем’ям у вырашэнні іх праблемаў?
У першую чаргу варта памятаць, што святар — гэта асоба, заданне якой выказваць не ўласныя прыватныя меркаванні, але дзяліцца з вернікамі навучаннем і досведам Касцёла (ККК, 1551–1553). Ніякая зямная арганізацыя не мае столькі назапашаных ведаў і такога вопыту, колькі Каталіцкі Касцёл за дзве тысячы гадоў нястомнага служэння збаўленню сужэнства і сям’і. Па-другое, быць святаром — гэта не прафесія, а пакліканне, як і да сям’і (KKK, 1603; Ян Павел ІІ, Pastores dabo vobis, 41; Familiaris Consortio, 11), таму святар — гэта не халасцяк на часовай працы. Гэта асоба, якая абсалютна ўсяго сябе навечна прысвяціла нястомнаму і неабмежаванаму служэнню Богу і збаўленню людзей, кіруючыся звышнатуральнай матывацыяй. Заўважым, што жаданне кагосьці стаць святаром Касцёл не задавольвае адразу, бо спачатку правярае чалавека на яго альтруізм і звышнатуральную матываванасць. Далей Касцёл арганізоўвае для такой асобы глыбокую фармацыю (выхаванне) на ўсіх узроўнях, дае грунтоўныя веды з самых розных сфераў жыцця, вучыць чэрпаць з бяздоннай крыніцы Божага Аб’яўлення, дваццаці стагоддзяў ведаў і вопыту Касцёла, а таксама з асабістага досведу кантакту з Богам. І гэта яшчэ не ўсё. У момант прыняцця святарства кандыдат прымае яго не як прызначэнне на працу, але як сакрамэнт. Гэта значыць, што сам Бог намашчае і напаўняе выбранага ўсімі неабходнымі дарамі, каб ён быў здольным выконваць святарскую місію (ККК, 1564). У выніку ў асобе святара мы сустракаем не проста чалавека з тэарэтычнымі ведамі, але асобу, якая мае шчырае жаданне служыць, скіраваная Богам і Касцёлам да рэалізацыі місіі Хрыста ў гэтым свеце, дзе фундаментальнае месца займае сям’я (Ян Павел ІІ, Familiaris Consortio, 15).
Нельга таксама забываць пра тое, што святары не прылятаюць з неба ці з іншых планетаў. Кожны святар мае сям’ю: гэта яго бацькі, браты і сёстры, пляменнікі, дзядулі, бабулі, іх унукі і праўнукі. Ён мае звычайны досвед быцця сям’ёй і ў сям’і. І, наадварот, не маючы ўласнай сям’і, святар не абмежаваны ў сваім служэнні ні асобамі (жонка, дзеці), ні часам (які трэба было б у першую чаргу аддаць сваёй сям’і), ні праекцыяй уласнага вопыту (каб не зацьмяваць вучэнне Касцёла асабістымі пачуццямі і высновамі).
Ніхто з людзей не мае настолькі глыбокага і шырокага досведу сужэнскага і сямейнага жыцця, як святар у душпастырстве. Часта за некалькі дзён каляднага наведвання сем’яў святар назапашвае столькі досведу і ведаў пра сужэнствы і сем’і, колькі звычайны сем’янін не назапасіць за ўсё сваё доўгае жыццё. Святар — гэта той, да каго дзядулі, бабулі, жонкі, мужы, дзеці, унукі прыходзяць падзяліцца найбольш інтымнымі і хвалюючымі перажываннямі, пра якія ніхто ніколі ў гэтым свеце не даведаецца, не здагадаецца. Ён той, хто ведае людзей «знутры». Гэтае пазнанне рэальнага стану рэчаў, стану кожнай душы і сям’і дае магчымасць святару не толькі рэальна бачыць, але і даваць адэкватную ацэнку рэчаіснасці, таму яго бачанне і высновы — гэта плод не яго прыватных думак ці перажыванняў, але вынік сузірання чалавечых душаў знутры, а таксама таго бачання, што зыходзіць з досведу і ведаў Хрыстовага Касцёла (ККК, 1564).
Кожны душпастыр ведае, што быць жанатым (ці замужняй) — гэта не значыць мець сям’ю на самай справе. Драма недасканаласці сям’і ў гэтым свеце нараджае дзіўны парадокс святарства і сямейнасці. Святар, якога лічаць самотнікам, жыве неймаверна бурлівым сямейным жыццём сярод вернікаў: ён бацька для сотняў сем’яў сваіх духоўных дзяцей. Ён як тата перажывае разам з імі ўсе іх радасці і болі, а яны перажываюць за яго як за роднага бацьку. І ў той жа час існуе нямала сямейных людзей, якія пражываюць сваё жыццё ў адзіноце, пакінутасці і забыцці, існуе вялікая, магчыма, незаўважная для многіх, праблема адзіноты ва ўласнай сям’і. Таму досвед сямейнасці не выключае святарства і выходзіць далёка за межы заключанага шлюбу ці народжанага дзіцяці.
Урэшце, святар мае не толькі права, але і абавязак навучаць і клапаціцца аб сужэнстве і сям’і. Гэта вынікае з яго місіі: абвяшчаць Евангелле, асвячаць, умацоўваць праз святыя сакрамэнты і весці ўсіх да збаўлення (Мц 28, 19–20; ККК, 1565). Вопыт святара ў сямейных справах — гэта скарбніца, якая змяшчае ў сабе веды зямныя і Божыя, досвед асабістага душпастырства сем’яў, які тут і цяпер злучаны з неверагодным досведам Касцёла, распасцёртым у часе і прасторы. Гэта таксама дар малітвы, Божага благаслаўлення і ахвяраванай святой Імшы за тых, хто не баіцца раздзяліць са святаром радасці і болі свайго сужэнства.
Кожны святар ведае, што ключ да шчаслівай сям’і, як і да шчасця зямнога і вечнага, не ў ведах і досведах гэтага свету, але ў сустрэчы з Хрыстом. Толькі Бог здольны зрабіць нашы сем’і сапраўды шчаслівымі. Гэта вельмі настойліва падкрэсліваў у сваім навучанні адзін з найбольш «сямейных» Пантыфікаў сучаснасці — святы Ян Павел ІІ, якому належаць знамянальныя словы пра ключ да сапраўднай чалавечнасці: «Без Хрыста чалавек не можа зразумець ні кім ён з’яўляецца, ні якая яго сапраўдная годнасць, ні якое ў яго пакліканне і канчатковае прызначэнне» (Ян Павел ІІ, Гамілія, 02.06.1979). Па сутнасці, роля святара — дапамагаць сужэнцам і сем’ям шукаць і знайсці Хрыста як адзіны ключ да сапраўднага шчасця, а знайшоўшы яго, не згубіць.
Кс. Андрэй Рылка