Аб’яўленне Бога, а перадусім Хрыста і, яшчэ часцей, Ягонай Маці і святых «звычайным» людзям — гэта старажытная і ў той жа час найбольш супярэчлівая з’ява хрысціянскай пабожнасці. Што такое аб’яўленне? Пры якіх умовах Касцёл прызнае яго звышнатуральны характар?
Аб’яўленне — гэта калі Хрыстус, Маці Божая, хтосьці са святых альбо анёлаў аб’яўляецца даступным для нашага розуму чынам. Звышнатуральны характар такой сустрэчы вынікае з таго факту, што Бог ці анёлы (як істоты духоўныя, а не матэрыяльныя) не ўздзейнічаюць натуральным чынам на нашыя пачуцці.
Часам аб’яўленне мае ўнутраны характар, недасягальны для іншых людзей. Здараецца, што святыя асобы аб’яўляюцца выбранай групе людзей, а для іншых застаюцца нябачнымі. Бывае таксама, што сведкамі аб’яўлення становяцца ўсе людзі, прысутныя ў дадзеным месцы.
Скептыцызм «па абавязку»
На працягу стагоддзяў Інстытут Настаўніцтва Касцёла быў выключна асцярожны ў адносінах да такога роду з’яваў, не жадаючы надта паспешліва рабіць высновы, якія ў выніку маглі б больш пашкодзіць, чым паспрыяць веры. У той жа час нельга дапусціць страты сапраўднага паслання, якое Бог жадае пераказаць людзям асабіста альбо праз пасрэдніцтва Панны Марыі ці святых.
Гэтая асаблівая асцярожнасць Касцёла ў падыходзе да магчымых аб’яўленняў вынікае перадусім з самой спецыфікі гэтай з’явы, якая, з аднаго боку, мае звышнатуральны характар і, такім чынам, недасягальны для нашага пазнання, а з іншага — праяўляецца вельмі канкрэтна: сведкі аб’яўленняў бачаць і чуюць Маці Божую з дапамогай уласных пачуццяў, а часам маюць і іншыя адчуванні (напрыклад, адчуваюць нейкі незвычайны водар, які суправаджае аб’яўленне). Але сапраўднасць нават гэтых чыста фізічных адчуванняў звычайна вельмі цяжка праверыць, бо іх нельга ані змераць, ані ўзважыць, ані сфатаграфаваць, да таго ж гэта адчуванні толькі выбранай асобы ці групы асобаў. Напрыклад, вядома, якія цяжкасці перажывала св. Бэрнадэтта Сабіру з Люрда, калі ёй задавалі пытанні адносна яе ўяўлення. Яна была шчыра здзіўленая і занепакоеная тым, што яе словам не давяраюць, бо «Найсвяцейшую Паненку было так выразна бачна, і Яе можна было пачуць», хаця ніхто, акрамя Бэрнадэтты, Яе не бачыў і не чуў.
Крытэрыі сапраўднасці
Касцёл прызнае звышнатуральны характар прыватных аб’яўленняў толькі ў тым выпадку, калі сэнс іх паслання адпавядае прынамсі некалькім асноўным умовам. Па-першае, чалавек, які называе сябе сведкам аб’яўлення, павінен быць цалкам здаровым фізічна і псіхічна, а таксама павінен быць веруючым (хоць і не абавязкова — вышэй за сярэдні ўзровень рэлігійнасці). Калі існуюць пэўныя сумненні ці падазрэнні адносна псіхічнага стану ці рэлігійнасці дадзенай асобы, гэта адразу ставіць пад сумненне верагоднасць аб’яўлення, якое яна абвяшчае.
Па-другое, сэнс аб’яўлення павінен датычыць выключна рэлігійных справаў, а не свецкіх (напрыклад, палітычных, эканамічных ці ваенных), і ён не можа быць унутрана супярэчлівым. Пры гэтым сэнс аб’яўлення павінен адпавядаць праўдзе Евангелля, ранейшым вучэнням Касцёла і можа толькі развіваць яго альбо нагадваць пра нейкія яго аспекты. Калі б, напрыклад, хтосьці сказаў, што Марыя ці нейкі святы аб’явілі яму, што няма Святой Тройцы ці Хрыстус не з’яўляецца Збавіцелем чалавецтва, то адразу стала б зразумелым, што гэта факт злоўжывання ці падману. Аднак, калі такое пасланне заклікае да ўстанаўлення нейкага новага набажэнства ці свята, гэта не азначае, што аб’яўленне супярэчыць веры. Так было, напрыклад, з аб’яўленнямі, вынікам якіх шмат вякоў таму назад стала ўстанаўленне ўрачыстасці Божага Цела альбо — у нашыя часы — культу Божай Міласэрнасці. У абодвух выпадках звярталася ўвага на пэўны аспект касцёльнага вучэння, які да гэтага часу не дастаткова падкрэсліваўся.
Па-трэцяе, аб’яўленне не можа быць скіравана супраць канкрэтнай асобы ці нейкага асяроддзя. Іншымі словамі, аб’яўленне не павінна мець характару асабістага нападу на іншага чалавека: напрыклад, калі б Маці Божая ў аб’яўленні асуджала асобу, варожа настроеную да «сведкі» аб’яўлення, то яно таксама не было б прызнана верагодным. Тым больш гэта датычыць сітуацыі, калі ўяўнае аб’яўленне крытыкуе ці асуджае Касцёл і яго пастыраў (хаця заклік да выпраўлення нейкіх правінаў у Касцёле, напрыклад, празмернай секулярызацыі ці псавання нораваў, не ставіць пад сумненне сапраўднасці аб’яўлення).
І, нарэшце, чацвёртым, вельмі істотным (хоць і не неабходным) фактарам для прызнання сапраўднасці аб’яўлення з’яўляюцца цуды і іншыя звышнатуральныя з’явы, якія яго суправаджаюць. Як ужо раней гаварылася, гэта не абавязкова, і шмат аб’яўленняў адбывалася без нейкіх выключных з’яваў, аднак наяўнасць цуду вельмі дапамагае ў пацвярджэнні верагоднасці аб’яўлення. Прычым гаворка ідзе як пра аздараўленні, якія нельга растлумачыць на ўзроўні ведаў наконт дадзенай хваробы, так і пра ўнутраныя падзеі, якія суправаджаюць аб’яўленне. Прыкладам такога феномену можа быць, напрыклад, т. зв. «танец сонца», які суправаджаў апошняе фацімскае аб’яўленне 13 кастрычніка 1917 г. Яго бачылі не толькі ў малой партугальскай вёсцы, але ў многіх месцах тагачаснай Еўропы.
Трэба таксама памятаць, што гэтыя цудоўнасць і надзвычайнасць не павінны засланяць сэнс аб’яўлення. Для вернікаў, напрыклад, Фаціма з’яўляецца важнай не з-за цуду сонца, але з-за паслання, якое Марыя хацела перадаць людзям.
Важным фактарам з’яўляецца таксама месца аб’яўлення: часцей за ўсё, гэта аткрытая прастора — дарога, лес, поле, хоць такім месцам бывае і прыватнае жыллё альбо нейкае грамадскае памяшканне, аднак гэта не можа быць месца, сумніўнае з маральнага боку.
Колькасць аб’яўленняў
Вызначыць хаця б прыблізную колькасць аб’яўленняў у гісторыі хрысціянства, сярод якіх пераважаюць марыйныя, не проста. Готфрыд Хірцэнбергер і Отто Недаманскі, аўтары перакладзенай і выдадзенай у 2003 г. у Польшчы «Кнігі марыйных аб’яўленняў з І па XX ст.», пішуць, што на працягу двух тысяч гадоў хрысціянства мелі месца больш за 900 марыйных аб’яўленняў, сярод якіх найбольш вядомыя і афіцыйна прызнаныя Касцёлам, а таксама мясцовыя і нават сумніўныя. Цяжка да канца праверыць іх колькасць, асабліва калі гаворка ідзе пра першыя стагоддзі Касцёла, пра якія мы ведаем адносна няшмат. Аднак з усёй упэўненасцю можна сцвярджаць, што сапраўдная колькасць і аб’яўленняў, і месцаў, дзе яны адбыліся, нашмат большая.
Акрамя гэтага, калі б мы імкнуліся ахапіць усё хрысціянства, трэба было б дадаць вялікую колькасць аб’яўленняў на Усходзе ўжо пасля падзелу Касцёла ў 1054 г. Вядома, напрыклад, што на расійскіх землях месцаў, звязаных з культам цудоўных марыйных іконаў, значна больш за 200, да таго ж неабходна ўлічваць яшчэ шматлікія мясцовыя асяродкі ўшанавання. Спецыфікай сучаснага рэлігійнага жыцця ў Расіі з’яўляецца тое, што ў апошнія гады ўсё часцей сустракаюцца т. зв. плачныя іконы, на якіх Марыя (часам іншыя святыя) плача крывавымі слязьмі ці святымі алеямі, што часта суправаджаецца незвычайным водарам.
Ікона Казанскай Багародзіцы ў г. Барнаул
Марыйныя аб’яўленні на працягу стагоддзяў
Марыя аб’яўлялася Божаму люду амаль ад пачаткаў існавання Касцёла, ужо нават падчас свайго зямнога жыцця, а асабліва пасля цудоўнага ўзяцця Яе з целам і душой на неба. Два вышэйзгаданыя аўтары «Кнігі аб’яўленняў...» называюць, як першае, аб’яўленне ў 41 годзе св. Якубу Старэйшаму Апосталу 53-гадовай тады Маці Божай на калоне ў г. Сарагоса. Раней, яшчэ падчас побыту ў Яфе ў Святой Зямлі, Марыя перадала яму даручэнне свайго Сына накіравацца ў «найдалейшы канец свету» і там абвяшчаць Евангелле. Адначасова Яна сказала, што потым Якуб вернецца ў Ерузалем, але спачатку ён павінен пабудаваць касцёл імя Марыі.
Гэтая прыгожая легенда, якая ўзнікла праз шмат вякоў пасля магчымага аб’яўлення, з’яўляецца крыніцай культу самой катэдры ў Сарагосе, у якой Маці Божая ўшаноўваецца як Santa Maria del Pilar — Марыя з Калоны.
Яшчэ адна чароўная легенда датычыць аб’яўлення Марыі пасля Яе Унебаўзяцця апосталам і вучням, якія прасілі аб дапамозе, у Эфесе ў 56 г., калі Яна сказала: «Застануся з вамі назаўсёды».
А ў 70 г. адна жанчына па імені Вілля, нованавернутая ў хрысціянства, убачыла Марыю ў новай капліцы на тэрыторыі сённяшняга Ле Пюі (Францыя), пасля чаго вылечылася ад цяжкай хваробы. Пазней яшчэ неаднойчы там здараліся розныя цуды, аб’яўленні і аздараўленні, таму праз стагоддзі на гэтым месцы быў пабудаваны вялікі касцёл, якому св. кароль Людовік IX падараваў у 1254 г. абраз Маці Божай, які хутка праславіўся шматлікімі ласкамі. Сёння гэта адзін з найбольш вядомых марыйных санктуарыяў у Францыі.
Наступныя стагоддзі прыносілі адзінкавыя звесткі пра больш ці менш верагодныя марыйныя аб’яўленні: напрыклад, у Мыжы (325 г.), Цэзарэі (Малая Азія; 363 г.), Рыме (363 г.), Туры (шмат разоў там бачыў Марыю, як кажуць, св. Марцін, асабліва пасля 371 г.), Канстанцінопалі (455, 552, 626, 714 г.), Таледо (664 г.) і інш.
Заслугоўваюць увагі перадусім тыя аб’яўленні, якія пакінулі пасля сябе трывалы след у выглядзе санктуарыяў. Напрыклад, касцёлы ў Сарагосе, Ле Пюі ці Эфесе, дзе, паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі, заснула Маці Божая. Усё больш такіх месцаў з’яўлялася ў пазнейшых стагоддзях. Напрыклад, абацтва ў Айнзідэльне ў Швейцарыі (якое існуе да сённяшняга дня) бярэ пачатак ад аб’яўлення Марыі ў 948 г., як і нараджэнне манаскага жыцця на грэцкай гары Афон звязана з аб’яўленнем св. Афанасію ў 963 г. З аб’яўленнямі Марыі звязаны і такія славутыя месцы пілігрымак, як, напрыклад, катэдра ў Шартры (аб’яўленне з 1026 г.), кляштар у Клюні (1060), капліца ў Вэльсінгеме (Англія, 1061), Аррасе (Францыя, 1095, 1105), катэдра ў Кентэрберы (Англія, 1100) і інш.
Нашыя часы
Аб’яўленні XIX і XX стст. з’яўляюцца найбольш абгрунтаванымі дакументальна (і гэта зразумела), але таксама і найбольш значнымі ў гісторыі Касцёла. Такія месцы, як французскія Ля Салет (месца аб’яўленняў з 1846 г.) і Люрд (1858 г.), партугальская Фаціма (1917 г.), сёння лічацца найбольш вялікімі і славутымі месцамі пілігрымавання, а іх папулярнасць і роля ў паўсюдным Касцёле далёка выходзіць па-за краіны, дзе яны знаходзяцца.
Пасланні, пакінутыя Марыяй сведкам аб’яўленняў, а праз іх пасрэдніцтва ўсяму чалавецтву, маюць вельмі шырокае вымярэнне: Маці Божая заклікае ў іх не толькі да пакаяння, ажыўлення веры, спаўнення штодзённых хрысціянскіх абавязкаў, але таксама да спакою, адрачэння ад усялякіх думак пра вайну і насілле, да маральнага адраджэння. На працягу шасці месяцаў аб’яўлення ў Фаціме Маці Божая казала малым партугальскім пастушкам аб патрэбе навяртання і ахвяравання свету Яе Беззаганнаму Сэрцу, заахвочвала да ружанцовай малітвы. У той час ішла Першая сусветная вайна, а пад канец аб’яўленняў выбухнула бальшавіцкая рэвалюцыя ў Расіі з выразна антырэлігійнай накіраванасцю.
Спрэчнае Меджугор’е
Аб’яўленні ў Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна), якія сёння з’яўляюцца найбольш вядомымі, адначасова ўзбуджаюць спрэчкі. Адбываецца гэта па некалькіх прычынах: перадусім — незвычайнай даўжыні ў часе аб’яўленняў. Распачаліся яны 24 чэрвеня 1981 г. і працягваюцца да сённяшняга дня ў некалькіх месцах, што само па сабе незвычайна. Марыя, якая назвала сябе Каралевай Спакою, аб’яўлялася спачатку штодзённа шасцярым мясцовым дзецям, але праз некалькі месяцаў і гадоў колькасць «сведкаў» аб’яўленняў абмежавалася да чацвярых. Іншай асаблівасцю аб’яўленняў з’яўляецца іх павучальны характар: Пані (па-харвацку — «Gospa»), аб’яўляецца, напрыклад, з сакавіка 1984 г. кожны чацвер Марыі Паўловіч, перадае ёй кароткія пасланні для мясцовай парафіі, якія, аднак, часта выходзяць за яе межы.
Касцёл выказваецца адносна звышнатуральнага характару аб’яўленняў толькі пасля таго, як яны спыняюцца. Такім чынам, цуды Меджугор’я застаюцца нявырашанымі. Гэта азначае, што герцагавінская вёска не з’яўляецца афіцыйна прызнаным месцам пілігрымак, але больш за мільён пілігрымаў прыбываюць туды кожны год са сваімі душпастырамі.
Адначасова існуюць значныя разыходжанні поглядаў у ацэнцы аб’яўленняў мясцовымі францішканамі і ўладамі тамтэйшай мостарскай дыяцэзіі. Два апошнія біскупы гэтага месца (памерлы ўжо Павао Жаніч і цяперашні Ратко Перыч) шмат разоў ставілі пад сумненне сапраўднасць аб’яўленняў і іх паслання.
Цяжка сказаць, калі і як скончыцца «справа» Меджугор’я, і якім будзе канчатковае рашэнне Касцёла адносна яго. Незалежна ад абставін, усё сведчыць пра тое, што аб’яўленні Марыі — гэта не з’ява мінулага, але з’ява надалей актуальная і вельмі сучасная.
Кшыштаф Галэмбёўскі