«Езус хоча задаць нам такое мудрае і глыбокае пытанне: "Ці ты сапраўды гэтага хочаш?" Езус дапамагае ўбачыць, што за аднымі патрэбамі могуць хавацца іншыя». Папулярны youtube-блогер, польскі святар а. Адам Шустак OP каментуе ўрывак з Евангелля паводле Яна, разважаючы пра сапраўдныя жаданні чалавека.
«Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем. Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў. У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных. Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: „Хочаш стаць здаровым?“ Хворы адказаў Яму: „Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною“. Кажа яму Езус: „Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі“. І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў» (Ян 5, 1–9).
Вельмі цяжка знайсці ў Евангеллі такое месца, дзе Пан Езус сам выбіраў кагосьці, каб аздаравіць. Ён робіць гэта, калі ля Яго збіраюцца натоўпы людзей, і, як піша Евангеліст: «Аздаравіў усіх хворых». Вельмі часта хтосьці прыводзіць хворага да Езуса або просіць аб аздараўленні слугі, дачкі. Часам хворы прыходзіць сам і кажа, што хоча аздараўлення. І вельмі цяжка знайсці такі выпадак, калі Пан Езус сам прыходзіць у нейкае месца, азіраецца і выбірае аднаго чалавека, падыходзіць да яго і аздараўляе.
Напэўна, усе ля купальні бачылі, што Езус прыйшоў, ведалі, што Ён аздараўляе людзей, і ўсе былі гатовыя быць аздароўленымі. А Ён шукае толькі аднаго, падыходзіць і задае яму такое глыбокае пытанне: «Хочаш стаць здаровым?» Езус дакладна ведаў, што гэты чалавек ужо 38 гадоў чакае аздараўлення. 38 гадоў — гэта неверагодны час чакання. Ён прабываў у такім стане ўсё сваё дарослае жыццё, ён быў цалкам напоўнены гэтым чаканнем быць здаровым. А прыходзіць Пан Езус і пытаецца ў яго, ці хацеў бы ён быць здаровым. Гэта як быццам падысці да смяротна хворага чалавека і спытацца, ці хоча ён быць аздароўленым, да таго, які ўсё жыццё чакаў гэтага. А Езус задае менавіта такое пытанне. І гэта самае мудрае пытанне, якое можна задаць хвораму чалавеку. Бо чалавек не адказвае, што хоча быць здаровым, як павінен быў бы адказаць. Ён кажа зусім іншыя словы: «Пане, я не маю чалавека…» Ні слова пра здароўе, ён гаворыць пра адсутнасць чалавека. Зразумела, яму патрэбны чалавек, каб падысці да вады дзеля аздараўлення, але пачынае ён менавіта з гэтых словаў: «Пане, я не маю чалавека…»
Езус дасканала ведае, што здароўе — не самае важнае, што патрэбна гэтаму хвораму чалавеку з Евангелля. Паглядзеўшы на яго, Ён убачыў вялікую тугу па іншым чалавеку. Езус не толькі аздаравіў яго, як гэта часта было ў іншых месцах Евангелля, Езус кажа яму: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі». Там, дзе напісана «насілкі», даслоўна чытаем: «ложак» або «намёт». А гэта значыць, што гэты чалавек не проста чакае, ён жыве там ужо 38 гадоў. Ён нават можа хадзіць, бо калі вада ўзрушваецца, ён ідзе да вады, але ідзе вельмі марудна, бо іншыя яго апярэджваюць. Што кажа яму Езус? Каб ён ішоў адсюль і пачынаў шукаць кагосьці, і таму Ён дае яму здаровыя ногі. Што для яго зрабіў Езус? Ён адным пытаннем адкрыў чалавеку тое, чаго ён сапраўды хацеў, бо гэты мужчына ўжо 38 гадоў жыў у памылковым перакананні, што яму патрэбна толькі здароўе, але ягоным сапраўдным жаданнем было мець кагосьці побач.
Вельмі часта нам толькі здаецца, што нам чагосьці «хочацца», а за гэтым могуць хавацца зусім іншыя патрэбы. Кожнаму з нас можна зрабіць такое цікавае практыкаванне: узяць лісток паперы і напісаць у адзін слупок тое, чаго мы хочам, а ў другі — тое, чаго не хочам, а пасля паспрабаваць вярнуцца да гэтага спісу праз год. Выкрасліцца палова таго, што мы напісалі, і акажацца, што многага з напісанага ўжо не існуе ўвогуле, яно стала непатрэбным.
Езус хоча задаць нам такое мудрае і глыбокае пытанне: «Ці ты сапраўды гэтага хочаш?» Езус дапамагае ўбачыць, што за аднымі патрэбамі могуць хавацца іншыя, а за іншымі — наступныя. Д’ябал часта нас падманвае і імкнецца, каб мы заставаліся толькі на нейкім павярхоўным узроўні заспакаення незадаволенасцяў, якія сапраўды ёсць у нашым жыцці, але далёка не на першым месцы. Мы можам уцякаць ад сваіх жаданняў, замяняць іх ежаю, кампаніяй, музыкаю, фільмамі, якія не з’яўляюцца злом, але не прыносяць супакою, бо не задавольваюць глыбінных жаданняў.
А Езус пытаецца: ці ты сапраўды хочаш толькі гэтага? Каб бачыць схаванае, трэба ўвесь час зазіраць у сябе. Гэта вельмі цяжкая праца, але менавіта такім чынам адкрываецца сэрца. Чалавек не зможа адзін адолець гэтай працы — чалавеку патрэбны Езус, які правядзе і дапаможа, як дапамог хвораму з Евангелля, задаўшы яму толькі адно пытанне. Калі б мы жылі ў глыбокай еднасці з Хрыстом, то вельмі хутка прачытвалі б ў сваім сэрцы сапраўдныя жаданні, але мы так не робім, бо часта аддаляемся ад Яго. Аднаму можна і 38 гадоў сядзець і быць перакананым, што яму хочацца толькі здароўя. Калі ты ўвесь час пускаеш Езуса ў свае думкі, у свае жаданні, то Ён абавязкова пакажа, што хаваецца ўнутры цябе.
Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле рэкалекцый а. Адама Шустака ОР
">“Pragnij! O rozeznaniu powołania”.