
Большасць кнігаў Старога Запавету была напісаная на іўрыце, мове ізраэльскага народа, паміж 1200 і 100 гг. да н.э. Алфавіт гэтай мовы складаецца з 22-х літараў і, у адрозненне ад нашай мовы, радкі пішуцца з правага боку на левы. Паглядзіце на 119 псальм: ён падзелены на 22 часткі па алфавіце. Запісваюцца толькі зычныя, таму з іўрыту вельмі складана перакладаць. Напрыклад, скарачэнні ў СМС і твітах могуць набываць цалкам рознае значэнне ў залежнасці ад таго, якія галосныя літары паставіць паміж зычнымі. Адно слова ў Бібліі можа перакладацца па-рознаму, і расказваць розныя рэчы пра Бога, таму дакладны пераклад часам бывае вельмі складана зрабіць. Аднак гэтая моўная асаблівасць можа дапамагчы нам шукаць новыя шляхі пазнавання Бога, даваць прастор для мыслення, таму што Божую Істоту нельга поўна апісаць чалавечаю моваю (гл. Твіт 1.20).
Іўрыт — сакральная мова для габрэяў. Ужо з VI ст. да н.э. габрэі пачалі ўсё часцей ужываць у побыце іншую мову, арамейскую. У часы, калі нарадзіўся Езус, арамейская мова стала агульнаю для габрэяў. Некаторыя пазнейшыя часткі Старога Запавету былі напісаныя па-арамейску (Езд 4, 8–6, 18; 7, 12–26; Дан 2, 4–7, 28). Арамейскае напісанне вельмі падобнае да іўрыту, але па сутнасці гэта зусім іншая мова.
# Старажытная сусветная мова
З часам скарачалася выкарыстанне іўрыту ў якасці гутарковай мовы і ўсё большае значэнне набывала грэчаская. Таму паміж 300-м і 100-м гг. да н.э. некаторыя часткі Старога Запавету былі перакладзеныя на грэчаскую мову. Першы поўны пераклад Старога Запавету на грэчаскую мову — Сэптуагінта (гл. Твіт 1.16). Грэчаская паволі стала сусветнаю моваю зносінаў, як англійская цяпер. У выніку Новы Запавет быў цалкам напісаны на грэчаскай, як і некаторыя тэксты Старога Запавету (гл. Твіт 1.15).
Хаця матчынаю моваю Хрыста была арамейская і Ён навучыўся іўрыту ў сінагозе, магчыма, Ён таксама гаварыў і па-грэчаску, бо, пасля таго, як рымляне перамаглі грэкаў і заваявалі іх землі, грэчаская мова, а не лацінская (мова рымлянаў) стала агульнаю для жыхароў Рымскай імперыі, у той час як лаціна заставалася адміністрацыйнаю і юрыдычнаю моваю. Магчыма, з гэтай прычыны святы Павел пісаў па-грэчаску, нават звяртаючыся да хрысціянаў у Рыме, сталіцы Рымскай імперыі.
# Усё ж крыху арамейскай
У тэкстах Новага Запавету, напісаных па-грэчаску, засталося некалькі выразаў па-арамейску. Напрыклад, словы, якія, па сведчаннях відавочцаў, належалі самому Хрысту: «Таліта, кум!» («Дзяўчынка, табе кажу, устань!») (Мк 5, 41), «Эффата» («Адкрыйся») (Мк 7, 34), «Элі, Элі, лема сабахтані?» («Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?») (Мк 15, 34). У тэкстах сустракаюцца і асобныя арамейскія словы, напрыклад, «Абба» («Ойча») (Гал 4, 6) і «Марана та» («Прыйдзі, Пане») (1 Кар 16, 22).
# Лаціна для людзей
Да пачатку IV ст. н.э. значнасць лацінскай мовы як агульнаўжыванай вельмі ўзрасла. Па загадзе Папы святы Геранім (†420) пераклаў усю Біблію на лацінскую мову. Біблія Вульгата (ад лацінскага слова «агульны») застаецца вельмі значнаю кнігаю і сёння. Святы Геранім так пісаў свайму вучню Яўстахію: «Часта чытай і вучыся так шмат, як толькі можаш. Няхай сон прыходзіць да цябе, калі твае рукі ўсё яшчэ трымаюць кнігу, і няхай галава твая ўпадзе на святыя старонкі» (Ліст 22, 17).
t: Стары Запавет быў у асноўным напісаны на іўрыце, а Новы Запавет — на грэчаскай мове.
Стары Запавет: 46 кнігаў. Большая частка Старога Запавету была напісаная на іўрыце паміж 1200 і 100 гг. да н.э. Новы Запавет: 27 кнігаў. Кнігі Новага Запавету былі ў асноўным напісаныя па-грэчаску прыблізна паміж 50-м і 70-м гг. н.э.
Чытай больш: Кнігі Бібліі: ККК 120, 135–136; КККК 20; YOUCAT 16. Стары Запавет: ККК 121–123, 135–136; КККК 21; YOUCAT 17. Новы Запавет: ККК 124–127, 139; КККК 22; YOUCAT 18.
Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2017
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены