Анёлы спадарожнічаюць людзям веры як выканаўцы Божых загадаў, пасрэднікі паміж намі і Богам і спадарожнікі Божага народа. Сярод гэтых духоўных істотаў, адораных розумам і воляю, мы ведаем па імені трох арханёлаў — Рафала, Габрыэля і Міхала. Менавіта пра іх будзе гэты аповед.
Арханёл Рафал — лякарства Бога
Жыў у Нініве, сталіцы Асірыі, пабожны габрэй Тобій. Ён апынуўся там супраць сваёй волі, таму што быў адным з нявольнікаў, захопленых у 734 г. у Галілеі каралём Асірыі Сальманасарам. Дзякуючы Тобію ярмо няволі было лягчэйшае для былых жыхароў Галілеі. Ён даваў шчодрую міласціну землякам, якія жылі ў патрэбе, раздаваў хлеб галодным і адзенне — нагім. Рызыкуючы жыццём, ён хаваў ізраэльцянаў, целы якіх з пагардаю выкідвалі за сцены Нінівы.
Часам Пан выпрабоўвае сваіх верных слугаў ажно да межаў чалавечых магчымасцяў. Тобій аслеп, ад жонкі ён усё часцей чуў словы дакораў. Тады ён пачаў маліцца да Пана, просячы смерці. У той час ён не ведаў, што Бог пашле яму на дапамогу анёла, які прынясе шчасце ў яго дом.
Хворы Тобій паклікаў да сябе свайго сына, таксама Тобія, і даручыў яму адправіцца ў далёкую Мідыю, у Раг, каб забраць у яго сябра Габаэля грошы, аддадзеныя на захаванне дваццаць гадоў таму. Бацька параіў сыну знайсці сабе спадарожніка, бо такая вандроўка была небяспечная і доўгая.
Паслухмяны волі бацькі, малады Тобій вырушыў у падарожжа. Тут жа за парогам ён убачыў юнака, аблічча якога адразу неяк дзіўна выклікала давер. Тобій падумаў, што менавіта гэты юнак мог бы спадарожнічаць яму на шляху да Мідыі, аднак жадаў, каб бацька ўхваліў яго выбар. Стары Тобій даведаўся, што яго завуць Азарый і ён з’яўляецца сынам Ананіі, а значыць сваяком Тобія. Дабрыня, што выпраменьвалася ад незнаёмца, не супакоіла Ганну, жонку старога Тобія, якая дакарала мужа за тое, што з-за грошай ён рызыкуе іх адзінаю апораю. Аднак стары інтуітыўна адказаў, што іх сын знаходзіцца пад апекаю «добрага анёла».
Юнакі адправіліся ў дарогу. Ужо ў першую ноч іх напаткала прыгода. Калі Тобій мыўся ў рацэ Тыгр, з вады вынырнула вялікая рыбіна, якая хацела адгрызці яму нагу. «Хапай яе і не пускай гэтай рыбы!» (пар. Тоб 6, 3), — крыкнуў Азарый спалоханаму хлопцу. Ён параіў яму выняць з яе жоўць, сэрца і печань, бо гэта — карыснае лякарства. Тобій паслухаўся, але калі яны набліжаліся да Экбатана, хацеў ужо ўзбунтавацца супраць яго, бо Азарый сказаў, што толькі ён, Тобій, мае права ажаніцца са сваячкаю Сараю, дачкою Рагуэля. Тобій ведаў, што ў Сары было сем мужоў, і кожнага з іх напаткала смерць, калі яны ўваходзілі да яе ў сужэнскі пакой: гэтак згубна дзейнічаў дэман Асмадэй.
Азарый параіў Тобію, каб пасля шлюбу ён узяў у сужэнскі пакой частку печані, а таксама сэрца рыбы і паклаў іх на гарачае вуголле. Ён запэўніў, што гэты пах назаўсёды адгоніць дэмана. «Не бойся, — сказаў Азарый, — бо яна прызначаная для цябе спрадвеку». Калі ён гаварыў гэта, Тобій адчуў, што яго сэрца палае вялікаю любоўю да Сары.
Справа дайшла да жаніцьбы. І вось маладых адправілі ў спальню. Бацька Сары паслаў служанку паглядзець, што там адбываецца. Калі ж тая вярнулася і сказала, што нічога дрэннага не здарылася, бацькі нявесты пачалі праслаўляць Бога. Рагуэль і яго жонка справілі гучнае вяселле, таму Тобій выслаў свайго спадарожніка да Габаэля забраць грошы яго бацькі.
Тым часам маці Тобія думала, што страціла сына назаўсёды. І вось аднойчы яна радасна ўсклікнула мужу: «Вяртаецца сын твой і чалавек, з якім ён пайшоў» (Тоб 11, 6). Сын падыйшоў да бацькі і прыклаў яму да вачэй жоўць рыбы. Той стаў відушчым і пачаў праслаўляць Бога. Бацькі Тобія не забыліся пра свайго дабрадзея і жадалі даць яму палову прынесеных грошай, аднак Азарый адкрыў ім сваю таямніцу: «Гэта я нагадваў перад абліччам славы Пана пра вашыя малітвы, калі маліўся ты і Сара і калі ты, Тобій, хаваў мёртвых. Паколькі ты не марудзіў, але падняўся і, пакінуўшы сваю гасціну, пайшоў хаваць мёртвага, я быў пасланы выпрабаваць цябе. Пасля Пан зноў паслаў мяне вылечыць цябе і тваю нявестку Сару. Я — Рафаэль, адзін з сямі святых Анёлаў, якія ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана» (Тоб 12, 12–15). Калі яны пачулі гэта, вельмі спалохаліся і ўпалі ніцма перад Анёлам. Ён жа гаварыў далей: «Не бойцеся! Супакой вам! Праслаўляйце Бога ва ўсе вякі!» (пар. Тоб 12, 17)
Пакінуўшы дом Тобія, арханёл Рафал вярнуўся да Бога. Пасля ён знік са старонак Святога Пісання, але не пераставаў з’яўляцца ў жыцці многіх пабожных хрысціянаў. Ён захоўваў іх ад небяспекі, як калісьці маладога Тобія па дарозе ў Мідыю, таму імя арханёла Рафала азначае «здароўе», або «лякарства Бога».
Арханёл Габрыэль — муж, моцны Богам
Арханёл Габрыэль упершыню з’явіўся на старонках Святога Пісання ў вобразе мужчыны. Даніэль — габрэй, які знаходзіўся ў выгнанні ў Бабілёніі — меў бачанне барана і казла. Ён не ведаў, што гэта азначае. Раптам з’явіўся перад ім хтосьці «ў абліччы мужчыны» (пар. Дан 8, 15), і Даніэль пачуў, як чалавечы голас над ракою Улай усклікнуў: «Габрыэль, растлумач яму візію!» (пар. Дан 8, 16). Спалоханы Даніэль упаў ніцма, а таямнічы мужчына патлумачыў: «Ведай, сын чалавечы, што візія адносіцца да канца часоў» (пар. Дан 8, 17).
«Вось, — распавядае Даніэль, — паўстане кароль у жахлівым абліччы» і «падрыхтуе гібель многіх», аднак «будзе знішчаны без удзелу чалавечай рукі» (пар. Дан 8, 23–25). І хоць Габрыэль тлумачыў, што візія датычыцца «аддаленых дзён», Даніэль не мог супакоіцца. Яго апанавала немач, ён шмат дзён хварэў. Жадаючы злагодзіць Божы гнеў, ён горача маліўся, перапрашаючы за правіны — свае і Ізраэля. Тады Габрыэль «хутка прыляцеў да яго каля часу вячэрняй ахвяры», каб даць яму «поўнае разуменне» (пар. Дан 9, 21–22). Ён растлумачыў Даніэлю, калі будзе знішчана святыня, а потым на гэтыя словы спашлецца сам Хрыстус.
Тут арханёл Габрыэль выступае пасланнікам, які тлумачыць людзям Божыя намеры. Менавіта яго Бог пашле да людзей з місіяй прадказання найважнейшай падзеі. У часы Ірада, караля юдэйскага, жыў богабаязны святар Захарыя, і была ў яго жонка Альжбета, якая паходзіла з роду Аарона. Яны былі людзьмі справядлівымі і жылі паводле Божых запаведзяў. Адно толькі іх вельмі засмучала — яны не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднаю. Хоць яны былі ўжо ў старым узросце, але не пераставалі маліцца, каб выпрасіць дзіця. Аднойчы, калі Захарыя выконваў святарскую паслугу ў святыні, з’явіўся перад ім анёл Пана. Святар вельмі спалохаўся, але Божы пасланнік супакоіў яго: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму» (Лк 1, 13–14). Анёл апавёў здзіўленаму Захарыю пра важную місію, што выканае яго сын, які многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана. Святар не паверыў яму і таму запытаўся ў анёла: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце». Анёл адказаў яму: «Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час» (Лк 1, 19–20). І адбылося ўсё так, як прадказаў арханёл.
Сціплая габрэйская дзяўчына, убачыўшы ў бацькоўскім доме ў Назарэце перад сабою анёла, таксама спачатку спалохалася. Калі ён сказаў Ёй: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28), Яна вельмі збянтэжылася. Ёй таксама цяжка было паверыць у тое, што Яна пачула. Божы пасланнік супакоіў Яе і патлумачыў: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 30–33). Марыя была ашаломленая, Яна са здзіўленнем спытала, як жа гэта станецца, калі Яна не ведае мужа. Аднак арханёл быў не такі суровы, як з Захарыем, і патлумачыў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым» (Лк 1, 35). Габрыэль апавядае Марыі пра падзеі, сведкам якіх ён быў сам. Вось Яе сваячка Альжбета, якая лічылася бясплоднаю, зачала ў старасці: «Бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Тады Марыя адказала з пакорнаю і простаю вераю: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). І адышоў ад Яе Габрыэль, але — паводле хрысціянскай традыцыі — яго місія не скончылася. Ён з’явіцца ў апошнія дні, абвяшчаючы паўторнае прыйсце Хрыста, хоць ёсць і тыя, хто мяркуе, што гэтым арханёлам будзе св. Міхал.
Арханёл Міхал — «Хто ж як Бог?»
Два папярэднія анёлы — істоты лагодныя. Міхал жа з’яўляецца наймагутнейшым і наймужнейшым з усіх духаў. Ён лічыцца анёлам, які ахоўвае Божы трон. Перш чым арханёл Міхал уступіць у пераможны бой з цмокам, ён з’явіцца на старонках Старога Запавету, дзе паўстане як нябесны апякун Ізраэля, які падтрымлівае народ у барацьбе з ворагамі. У Кнізе прарока Даніэля пра яго гаворыцца: «Паўстане ў той час Міхал, князь вялікі, які стаіць для абароны сыноў народа твайго» (Дан 12, 1). У Новым Запавеце Бог прызначае яму падобную ролю — абаронцы Касцёла, або Новага Ізраэля.
Св. арханёл Міхал нястомна змагаецца. У Пасланні св. Юды ён спрачаецца з д’яблам за цела Майсея. Сам ён «не адважыўся вынесці прысуд знявагі», але сказаў д’яблу: «Няхай Пан цябе пакарае!» (Юд 1, 9). У Апакаліпсісе ён ужо сам распраўляецца са злымі анёламі, якія з-за пыхі адмовіліся слухацца Бога. Усклікаючы «Хто ж як Бог?», ён распачынае змаганне з цмокам. Св. апостал Ян піша: «І ўзнялася вайна на небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў, і ягоныя анёлы. Але не перамаглі, і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты быў на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя» (Ап 12, 7–9). Пасля пераможнай вайны з анёламі, якія ўзбунтаваліся, Бог даверыў арханёлу Міхалу ключы ад неба і ад бездані пекла, куды былі скінутыя сатана і яго памагатыя.
Нічога дзіўнага, што такі магутны заступнік быў выбраны абаронцам Касцёла, і да яго звяртаюцца з просьбамі аб дапамозе ў змаганні са злымі духамі. Хрысціянская традыцыя падае шмат прыкладаў вядомых вайсковых кіраўнікоў, якія атрымалі перамогу дзякуючы яго заступніцтву.
У літургіі арханёл Міхал называецца «Angelus pacis», або анёл супакою, які не жадае вайны.
Бог даў нам цудоўных заступнікаў і памочнікаў. Варта памятаць пра гэта ў хвіліны выпрабаванняў і жыццёвых цяжкасцяў. Пра місію трох вялікіх арханёлаў цудоўна сказаў святы Ян ХХІІІ: «Калі мы часам адчуваем цяжар матэрыі і нашай людской натуры, св. Міхал, які чувае над паўсюдным Касцёлам, адорыць нас глыбокім і радасным супакоем; св. Габрыэль з’яднаецца з намі ў праслаўленні Маці Божай і малітве да Яе; св. Рафал умацуе нас сваёю дапамогаю і парадамі».
Гжэгаж Поляк
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка (са скарачэннямі)
Паводле: «Jan Paweł II. Kolekcja — Księga Świętych». № 18: Archaniołowie»