Тэма духоўнай барацьбы, дзейнасці ўзбунтаваных анёлаў, альбо нячыстых духаў, якіх мы яшчэ называем дэманамі, вельмі шырокая, інтрыгуючая, аднак і небяспечная, калі да яе ставіцца павярхоўна. Таму лічу неабходным не столькі раскрываць яе, колькі звярнуць увагу чытачоў на некаторыя найбольш важныя аспекты духоўнай барацьбы, на тыя сродкі, якія мы маем, але часта не выкарыстоўваем.
Ці ўсё мы павінны ведаць?
Увогуле для веруючага чалавека няма пытання пра існаванне добрых і злых духаў, бо пра гэта нам кажа Біблія, асабліва Евангелле, навучае Касцёл, ды і мы самі часта маем той альбо іншы ўласны досвед. Таму для нас важна не столькі само пытанне пра існаванне дэманаў, а тое, што́ мы пра іх ведаем і што нам неабходна ведаць.
Ужо на першых старонках Бібліі мы чытаем пра таямнічую постаць сатаны, узбунтаванага духа, які спакушае Адама і Еву, але мала хто з нас звяртаў увагу на тое, што ён названы не сатаною, а толькі змеем. Вядома, мы разумеем, пра каго ідзе гаворка, і, тым не менш, Біблія не раскрывае нам яго прыроды – ён хаваецца за таямнічаю выяваю хітрага змея. Далей у Бібліі, як гэта ні дзіўна, таксама не шмат апавядаецца пра сатану і іншых злых духаў. Інфармацыя сапраўды вельмі абмежаваная, таму ўзнікае пытанне: няўжо Бог не мае чаго сказаць нам пра нашых заклятых ворагаў? Канечне, мае. Бог можа даць нам шмат адказаў і паказаць усе нюансы пра ўзбунтаваных анёлаў, але не робіць гэтага. Чаму? У гэтым бачыцца вялікая Божая мудрасць.
...Гадоў пятнаццаць таму я чытаў шмат кнігаў на тэму вызвалення і экзарцызмаў, аднак усе гэтыя кнігі неслі ў сабе даволі абмежаваныя веды альбо досвед розных святароў, а не афіцыйную навуку Касцёла і не навучанне Бібліі. Я паўтараў за іншымі, што трэба ведаць ворага, каб перамагчы яго, а пасля пачаў заўважаць, што гэтыя веды не набліжаюць мяне да Бога, а, хутчэй, наадварот, — могуць заблытаць.
У Бібліі Бог гаворыць пра сябе, пра адносіны з Ім і пра Божае Валадарства. Гэта тое, што нам трэба ведаць, чым мы павінны жыць, што нам абсалютна неабходнае. Людзі ж, якія шмат цікавяцца экзарцызмамі і злымі духамі, вельмі часта не могуць, паклаўшы руку на сэрца, з упэўненасцю сказаць, што яны ведаюць нашага Пана, чытаюць і жывуць Яго Словам, шмат моляцца. І атрымліваецца дзіўны парадокс: тыя, хто імкнецца пазнаць стратэгію ворага, не ведае стратэгіі свайго Гаспадара, не ведае Таго, Хто на іх баку. У выніку атрымліваецца, што чалавек нібыта і ступае на тэрыторыю ворага, але стаіць там адзін, як голае дрэва. Падобнае, на жаль, назіраецца ў жыцці многіх хрысціянаў, якія «занурыліся» ў дэманічныя тэмы.
Заўважце, што змей, які спакушаў Еву, абяцаў ёй даць пазнанне дабра і зла, каб ведаць усё, як Бог. Вось толькі ці трэба нам усё ведаць? Трагічны вопыт першых людзей паказвае, што не ўсё нам трэба ведаць...
Наблізьцеся да Бога — і ўцячэ ад вас вораг
Хтосьці можа сказаць: «Ну добра, але калі мы не будзем ведаць нашага ворага, то як мы будзем супрацьстаяць яго дзеянню?».
На гэтае пытанне нам дае адказ Біблія: яна адкрывае нам менавіта тое, што трэба ведаць. Дадатковая ж інфармацыя можа быць карыснаю, але можа таксама і адводзіць ад галоўнага, увесці ў зман. Таму адназначна нельга сказаць, што мы нічога не павінны ведаць пра нашага ворага, але наша задача не столькі цікавіцца гэтым, колькі прыняць неабходную інфармацыю ад Бога.
Важна Яго паставіць на першае месца
Біблія кажа нам: «Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. Наблізьцеся да Бога — і Ён наблізіцца да вас» (Як 4, 7–8). Гэтыя словы вельмі важныя для тэмы нашай гаворкі. Барацьба з д’яблам, нашым ворагам, павінна пачынацца намі не з экзарцызмаў і не з асаблівых малітваў, а з пакорлівага набліжэння да Бога. Толькі пасля гэтага мае сэнс пачынаць супрацьстаянне ворагу. У іншым выпадку, без набліжэння да Бога, нічога не атрымаецца, бо наш вораг значна мацнейшы за нас, і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы, мы яго не адолеем.
На жаль, вельмі часта здараецца назіраць, як людзі, якія з тых альбо іншых прычынаў церпяць ад уплыву злых духаў (напрыклад, пасля праклёнаў ці звароту да «бабак»), часта не могуць атрымаць вызвалення ад Бога, бо не маюць асабістых адносінаў з Ім.
У такіх выпадках чалавеку найперш патрэбна глыбокае пакаянне і жаданне змяніць сваё грэшнае жыццё, але ён часта не гатовы да гэтага, не гатовы да сур’ёзных зменаў, да працы над сабою. Ён часта нават не ведае, што з’яўляецца грахом, бо ніколі гэтым усур’ёз не цікавіўся. Такія людзі шукаюць хуткай палёгкі ці нейкай «асаблівай» малітвы, якая вырашыць іх праблему. Гэта дзіўна гучыць, але нават ідучы да святара па дапамогу, людзі часта ўспрымаюць яго як чарговую «бабку», якая прашэпча адпаведную малітву, ускладзе рукі, нешта там зробіць, і ўсё зменіцца. З такімі спадзяваннямі духоўная дапамога становіцца проста бессэнсоўнаю і безвыніковаю.
Езус кажа ў Евангеллі: «Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: „Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў“. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае» (Лк 11, 24–26). Што гэта азначае? Наш дом не можа заставацца пустым. Мы павінны быць Божаю святыняю, у якой прабывае Дух Святы. Калі гэтага няма, то злы дух можа рабіць усё, што яму захочацца, бо адчувае сябе гаспадаром.
Многія людзі наіўна думаюць, што ўсе нашыя беды — ад праклёнаў і магіі. Але ці думалі яны, чаму нейкая «бабка» так проста можа знішчаць жыццё хрысціяніна? Варта ўсур’ёз задаць сабе пытанне: чаму дэманы, скінутыя ў пекла, якія баяцца Бога і пазбаўленыя сілы, чаму яны часта маюць такую сілу над Божым дзіцем? Гэтае пытанне, магчыма, прывядзе нас да высновы, што наш дом (нашае жыццё) можа аказацца пустым, у ім не праяўляе сваю ўладу Гаспадар — Бог. Таму дэманы і пачуваюцца гэтак вольна.
Без сур’ёзнага набліжэння да Бога працэс вызвалення ад дэманаў проста немагчымы — гэта трэба добра зразумець. Любы грэх, а асабліва цяжкі, сам па сабе з’яўляецца пракляццем, бо ён аддаляе нас ад Бога. Калі да гэтых «асабістых пракляццяў» дадаць яшчэ магію ці акультызм, то ўплыў злога павялічваецца шматкроць. Менавіта таму пакаянне і споведзь з’яўляецца першым і надзвычай важным крокам у вызваленні ад уплыву злога. Але не толькі. Жыццё з Богам, напаўненне Духам Святым — гэта не толькі споведзь і святая Імша. Вельмі важны для чалавека рост веры, асабістая малітва, чытанне Божага слова. Без усяго гэтага хрысціянін робіцца лянівым, не гатовым да барацьбы і супрацьстаяння ворагу.
Часта людзям, якія спрабуюць вызваліцца ад уплыву злога і з розных прычынаў не могуць яшчэ спавядацца, я раю чытаць Евангелле і псальмы. Многія пасля маёй парады таямніча замаўкаюць. Здагадваецеся, чаму? Бо ніколі не чыталі Евангелля, у іх яго нават няма, яны ніколі не маліліся псальмамі, а некаторыя нават не ведаюць, пра што гаворка.
Езус, супраціўляючыся спакусам сатаны ў пустыні, з моцным перакананнем цытуе Божае слова, а мы часта нават не ведаем, пра што ідзе размова! Звяртаю ўвагу не проста на неабходнасць чытання Бібліі, а на малітву Божым словам. Гэта яшчэ адзін важны момант для таго, каб наш дом, наша душа не застаўся пустым, гэта — чарговы крок у барацьбе.
Дазволю сабе адно мужчынскае параўнанне. Уявім, што мы апынуліся на вайне. Мы бачым ворага, у нас ёсць зброя, і нам трэба хутка прыняць рашэнне, як выкарыстаць гэтую зброю, а мы тым часам стаім і думаем, што ж нам з гэтаю зброяй рабіць: можа, на які курок пачаць ціскаць, а можа, рукаяткаю лепш пайсці ў наступ... А побач яшчэ цэлая скрыня зброі — вось каб толькі прыйшоў той, хто ўмее з ёю абыходзіцца…
На жаль, менавіта гэтак часам выглядае нашая духоўная барацьба. Мы маем ад Бога ўсе сродкі, але не навучыліся імі карыстацца, не цікавіліся, як гэта рабіць, і працягваем чакаць, хто ж за нас, бедных, усё зробіць.
У многіх цяжкіх чалавечых гісторых проста адсутнічае працэс набліжэння да Бога, і таму барацьба з сіламі цемры становіцца амаль немагчымаю. Па міласці сваёй Бог дазволіў мне бачыць людзей, якія выходзілі з вельмі страшнай багны пераможцамі. Але выходзілі толькі тыя, хто сапраўды перажываў пакаянне, хто працаваў над сабою, пазнаваў Бога, шукаў Яго, набліжаўся да Яго…
Стратэгія ворага
Адзіная стратэгія сатаны — падман. Біблія называе яго «айцом падману», «паклёпнікам». Усе ягоныя дзеянні бяруць пачатак з няпраўды.
Ён падманвае нас, калі хоча паказаць, які ён моцны, калі хоча запужаць, і прапаноўвае праз магію і акультызм шчасце альбо здароўе. Але падманвае і тады, калі хрысціяне пачынаюць цікавіцца ім больш за Бога. Падманвае сенсацыямі, бударажыць нашыя пачуцці, каб увесці ў зман і напоўніць ілюзіямі нібыта духоўнага жыцця, падсоўвае ілжэпрароцтвы і розныя «шоў». Гэтак ён замахваецца на веру. Вельмі распаўсюджаны падман — спроба забраць надзею, спарадзіць адчай, пасеяць думкі аб бессэнсоўнасці жыцця, а то і аб самагубстве. Ёсць таксама падман праз самадастатковасць і залішнюю самаўпэўненасць, калі людзі разлічваюць больш на свае сілы і веды, а Бога ўспрымаюць як нейкі дадатак, без якога можна і абысціся. Некаторых сатана падманвае знешняй праведнасцю: здараецца, што чалавек і на Імшу ходзіць, і спавядаецца, і святароў многіх ведае ды сябруе з імі, а адносінаў з Богам не мае, не мае любові да Яго, страху Божага, пазнавання Яго слова. Мёртвы традыцыяналізм таксама з’яўляецца падманам...
Гэтыя прыклады можна працягваць. Часам падманы сатаны бачныя, бо ляжаць на паверхні, але часам яны ўтоеныя. Жаданне атрымаць палёгку і вызваленне без набліжэння да Бога, без пакаяння, без асабістай працы над сваёю душою і ўмацавання ўласнай веры — таксама падман злога. Думаю, кожнаму з нас варта з Божаю дапамогаю паглядзець на падманы ворага ў сваім жыцці. Іх можа быць не так і мала…
Аляксандр Жарнасек,
марыянін