Перажываючы цяжкія часы, мы, хрысціяне, часта ўзгадваем (і нагадваем іншым) пра Кнігу Ёва са Старога Запавету — маўляў, будзь цярплівы, як Ёў. А як гэта? Пра значэнне кнігі Ёва цікава разважаў у сваіх лекцыях праваслаўны святар, прафесар, айцец Аляксандр Мень.
У кнізе Ёва гаворыцца не толькі пра цярплівасць, якая ўвайшла ў народныя выслоўі кшталту «цярплівы, як Ёў» або «шматпакутны Ёў». Аднак Ёў быў не толькі цярплівым, але і самым бунтарным з герояў Святога Пісання.
Кніга Ёва стваралася невядомым аўтарам каля 400 г. да н.э., у часы Сакрата, Эсхіла, Сафокла, аднак у старажытным Бабілёне існаваў цэлы пласт літаратуры пад умоўнаю назваю «малітвы пакутнікаў», апроч таго, у самім Ізраэлі існавалі легенды пра мудрага Ёва, які, відаць па ўсім, быў гістарычнаю асобаю. У егіпецкіх дакументах XIV ст. да н.э. ён з’яўляецца пад імем палестынскага валадара Ява, пра яго ўзгадвае прарок Эзэхіэль разам з двума іншымі ізраэльскімі праведнікамі. Такім чынам, аўтар кнігі Ёва мог выкарыстаць больш старажытныя легенды як сюжэтную канву для свайго твора. Праблемы пакутаў чалавека, маральныя праблемы, праблема чалавека перад абліччам Бога і вечнасці — глыбока старажытныя. З іншага боку, біблійны аўтар жадаў паставіць шырэйшае пытанне, якое пазней будзе названае «тэадыцэяй» (богаапраўданнем), аб тым, як спалучыць таямніцу Божага Провіду з пакутамі гэтага свету.
У кнізе распавядаецца аб праведніку, які нявінна і мужна цярпеў, трывала пераносіў усе беды і ўрэшце быў за гэта ўзнагароджаны. Знаёмячыся з Ёвам, мы бачым, што ён праведны ў адносінах да сябе (габр. «там» — «беззаганны, просты, цэласны»), да людзей (габр. «яшар» — «справядлівы, прамы») і да Бога («богабаязны і далёкі ад зла»). Нейкая духоўная істота, вельмі скептычны анёл, якога завуць Шатан, што перакладаецца як Супраціўнік, сумняваецца ў бескарыслівасці Ёва. У гэтай кнізе Шатан — не д’ябал (у тую эпоху сімваламі д’ябла былі цмок і змей), а выканаўца суровых наканаванняў Ягвэ, як Анёлы-знішчальнікі, і яго задача — выпрабоўваць чалавека. Бог дае яму гэтую магчымасць — выпрабаваць Ёва як заўгодна, каб паказаць яго безумоўную вернасць. У адно імгненне цэлым стосам на Ёва валяцца ўсе магчымыя беды: паміраюць яго дзеці, на жывёлу нападае мор, ён застаецца ў поўным убостве, цяжка хворы, пакінуты, і нават жонка падбухторвае яго праклясці Бога, каб Той забіў яго і не было больш пакутаў. Аднак Ёў кажа: «Пан даў і Пан забраў, няхай будзе імя Яго благаслаўлёнае!» (Ёв 1, 21). Ёў застаецца цвёрды ў веры, і Бог ізноў дае яму ўсё.
Гэта гісторыя Ёва, вядомага нам усім так, як яе малююць усе парафразы, падручнікі, пераказы. Аднак жа гэта толькі пралог і эпілог кнігі. У сярэдзіне разгортваецца сапраўдная драма Ёва. Асноўную частку яе займаюць размовы Ёва з сябрамі, і гэтым кніга нагадвае антычную трагедыю.
Калі да яго прыходзяць сябры і моўчкі церпяць разам з ім, у пэўны момант Ёў пачынае гаварыць. Ён праклінае дзень, калі нарадзіўся, не шкадуе маёмасці, сыноў, багацця, а гаворыць зусім пра іншае.
Гучыць голас чалавека з любой эпохі, з любога народу, з любой краіны — голас адчаю. Гэта голас унутранай катастрофы, прычым не проста катастрофы, выкліканай жыццёвымі абставінамі, а голас чалавека, які верыў у гармонію свету і раптам убачыў, што ўсё руйнуецца, чалавека, які глыбока верыць у Бога і жадае давяраць Яму, але цяпер яго давер пачынае хістацца.
Ёў не сумняваецца ў тым, што Бог існуе, але яму вельмі страшна, ці не з’яўляецца Бог бяздушнаю прыродаю, бо калі так, то ўсё будзе зруйнавана. Ёў бачыць чалавечае жыццё ўбогім і мізэрным: «Чалавек, што народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывог; ён расце, быццам кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца» (гл. Ёв 14, 1–2).
У той час у Старым Запавеце яшчэ не было вучэння пра чалавечую несмяротнасць і ўзнагароду пасля смерці, таму Ёў думае пра сваё цяперашняе жыццё, свой лёс, і Біблія ставіць вострае пытанне: дзе ж праўда і справядлівасць, ці ёсць яны наогул? Ёў не разумее, што з ім адбылося, бо дабро павінна быць узнагароджана, а зло — пераможана. І сябры мудра пытаюцца ў яго, можа, ён у нечым зграшыў, нешта зрабіў няправедна — кожны апраўдвае Бога, выкладае сваю тэорыю тэадыцэі. Але Ёў цвёрда кажа, што нявінны перад Богам. І цяпер яго цікавіць не толькі ўласны лёс, — чаму ён, нявінны, пакутуе, — але і лёс іншых людзей: «У гарадах, паміраючы, стогнуць; і душа зраненых крычыць, ды Бог не настаўляе вуха да малітвы [іх]» (гл. Ёв 24, 12), ён разважае пра ўсё страшнае, што адбываецца ў свеце: «Чаму ж жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасці і ўмацаваны багаццем? <...> Праводзяць яны ў дабротах дні свае» (гл. Ёв 21. 7, 13). Ёў абураецца і адчувае агіду да жыцця, бо калі несправядлівы Бог, тады хто справядлівы?
Ёў не хоча здавацца, ён змагаецца, каб дабрацца да сапраўднага Бога праз тыя абставіны, якія раздзіраюць і мучаюць яго. Ён спрачаецца з сябрамі і ўрэшце ў апошняй надзеі пачынае голасна ўсклікаць да самога Бога: «Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам; вочы мае, а не іншага, убачаць Яго» (гл. Ёв 19, 25–27). Вельмі цяжка пракаментаваць адчуванне, што Ёў да канца трывалы ў сваёй веры і ведае, што атрымае адказ, нягледзячы на ўсе яго абурэнні і абвінавачванні.
Сябры замаўкаюць, не вытрымаўшы рэзкасці Ёва. І тады з грукату буры чуецца Божы голас, і Бог пытаецца ў Ёва: «Вось, ты ўсё вырашыў за Мяне... Чаму ты думаеш, што Я павінен будаваць усё так, як лічыш ты?» Прамова Бога (раздзелы кнігі 38–42) поўная апісанняў прыроды, бясконцай неімавернай глыбіні і таямніцы светабудовы. Але Ёў ужо не слухае, для яго гэта ўжо не мае значэння, бо адбылося тое, чаго ён так прагнуў! Адбылася сустрэча. Ён убачыў і пачуў Бога. У гэтае імгненне вырашыліся ўсе праблемы — не дыскурсіўным або лагічным шляхам, не шляхам будавання нейкай новай метафізічнай тэадыцэі, а шляхам вялізнага імгненнага прасвятлення, якое дазволіла Ёву ўсё ахапіць і прыняць. Ён кажа: «Раней чуў я пра Цябе толькі вухам, цяпер жа вока маё бачыць Цябе» (Ёв 42, 5–6).
Гэта найрадзейшая, ашаламляльная таямніца містычнай сустрэчы, калі Бог ужо не «Яно», а «Ты», Асоба, якая звяртаецца да асобы. У кнізе Ёва няма тэарэтычнага адказу, і ў гэтым яе вялікая сіла, бо сапраўдныя таямніцы не могуць быць вычарпаныя дыскурсіўным эмпірычным розумам.
Каб людзі не лічылі, што старая ідэя аб тым, што дабро ў рэшце рэшт будзе ўзнагароджанае, гэта толькі ілюзія і пыл, аўтар завяршае ўсё шчасліва. Узнагарода — не аўтаматычны зямны закон, але верыць у яго не значыць памыляцца. Да таго ж, заўважце, Бог ухваліў узбунтаванага Ёва, не сяброў, якія абаранялі Яго, не багасловаў, а чалавека, які стаў перад Ім, нібы голы, такім, які ёсць. Іх памылка была ў тым, што яны супакоіліся ў старых тэорыях і не чакалі новага Аб’яўлення. Ёў жа не заплюшчваў вачэй на беды чалавецтва і пры гэтым, на мяжы адчаю, не пераставаў верыць у тое, што Бог добры. У Ёва было галоўнае — глыбокі, сур’ёзны, поўны пашаны і пакорлівы падыход да Бога, вось чаму ён голасна ўсклікаў да Яго, патрабаваў і клікаў Бога на суд! Ён не ставіўся да веры як да нейкай гульні, забавы. Таму для яго разумныя довады тэолагаў, ад імя якіх прамаўлялі сябры, выглядалі несур’ёзна, як спробы слабымі чалавечымі высілкамі пабудаваць картачны дамок богаапраўдання. Богу не патрэбнае апраўданне! Ён прыходзіць сам, і тады ўсё вырашаецца.
Але ў гэтай кнізе ёсць і трагічнасць. Нездарма Карл Густаў Юнг у сваім «Адказе Ёву» кажа, што ў Бібліі няма і не можа быць адказу на пакуты гэтага свету, а адказам стала з’яўленне Хрыста, бо ў Асобе Хрыста той Бог, які разгортваў перад абліччам Ёва створаны Ім космас, увайшоў у чалавечы лёс і раздзяліў з намі чалавечую долю і пакуты, разам з намі Ён прыняў і смерць.
Новыя веды аб Божым Провідзе нарадзіліся ў Ёва з містычнай сустрэчы з Існым. Яна перакрэсліла яго адчуванне богапакінутасці, і Ёў ізноў стаў блізкі да Бога-Заступніка.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый а. Аляксандра Меня
ў Маскоўскім дзяржаўным гісторыка-архіўным інстытуце
Ілюстрацыі: Леон Бонна,
Наталля Кандрацьева