Слова «анёл» выклікае ў нашым уяўленні самыя розныя асацыяцыі і вобразы, часта сфармаваныя выявамі маленькіх крылатых істотаў, злепленых з гіпсу ў выглядзе дэкаратыўных фігурак або намаляваных на віншавальных паштоўках. Аднак лагодныя «амурчыкі» і таўсташчокія «пуцці» маюць вельмі мала агульнага з тымі істотамі, якія паўстаюць перад намі са старонак Святога Пісання, з набажэнстваў, гімнаў і вучэння раннехрысціянскіх аўтараў. Усе гэтыя крыніцы сведчаць пра тое, што анёлы знаходзяцца нашмат бліжэй да нас, чым мы ўяўляем і адчуваем.
Анёлы — гэта духі, нябачныя бесцялесныя істоты
І хоць цалкам іх прырода застаецца для нас таямніцаю, усё ж у Святым Пісанні сустракаюцца пэўныя згадкі пра іх сутнасць і функцыянаванне. Святы Геранім, перакладчык Вульгаты, пісаў: «Як сярод людзей ёсць розныя ступені годнасці паводле заданняў, якія яны выконваюць, так і анёлы маюць розныя заслугі». Святы Ян Дамаскін таксама звяртаў увагу на тое, што анёлы адрозніваюцца паміж сабою «святлом і ступенню [у іерархіі]», маюць большую ці меншую ўладу і адказнасць.
Ананімны хрысціянскі мысляр V–VI стагоддзя, які падпісваў свае творы псеўданімам Дыянісій Арэапагіт, у кнізе «Нябесная іерархія» сабраў і сістэматызаваў біблійную інфармацыю пра анёльскія хоры. Ён вылучыў тры ступені хораў, на кожнай з якіх знаходзяцца па тры віды анёлаў (у іншых раннехрысціянскіх аўтараў гэтая класіфікацыя крыху адрозніваецца). Першы Хор анёлаў складаецца з серафімаў, херубімаў і тронаў. У другім знаходзяцца Хоры панаванняў, валадарстваў і магуццяў, а ў трэцім — Хоры княстваў, арханёлаў і анёлаў. Да апошняга Хору належаць нашыя Анёлы Ахоўнікі. Гэтыя нябесныя істоты ўтвараюць адзіную ў сваім родзе супольнасць, якая часта называецца агульным словам «анёлы».
Серафімы — гэта анёльскія Хоры, найбольш набліжаныя да Бога
Яны згадваюцца ў Святым Пісанні толькі аднойчы — у Кнізе прарока Ісаі, які наступным чынам апісвае сваю візію: «…Я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім. Кожны з іх меў па шэсць крылаў: двума закрываў кожны свой твар, і двума закрываў ногі свае, і двума лятаў» (Іс 6, 1–2). Старажытнагабрэйскае слова «saraph» азначае «палаць, гарэць», а таксама «вогненны змей». У сувязі з гэтым Дыянісій Арэапагіт пісаў, што серафімам уласціва палкая і нястомная імклівасць, хуткасць, здольнасць пабуджаць і запальваць, а таксама ўменне ачышчаць ніжэйшых істотаў, абпальваючы і прасвятляючы іх. Да серафімаў мы звяртаемся ў малітвах аб тым, каб яны запалілі ў нашых сэрцах агонь Божай любові.
З херубімам мы ўпершыню сустракаемся ў Кнізе Быцця, дзе адзін з іх, узброены палымяным мячом, ахоўвае ўваход у Эдэм.
Найменне «херубім» азначае «моцны». «Іх моц — ведаць і сузіраць Бога, здольнасць прымаць вышэйшы свет, <…> мудрае майстэрства шчодра перадаваць іншым падораную ім самім мудрасць», — пісаў Дыянісій Арэапагіт. У Святым Пісанні херубімы часта паказваюцца як тыя, хто носіць Бога. Так, у 18-м псальме Бог «сеў вярхом на херубіма і паляцеў, паляцеў на крылах ветру» (Пс 18, 10). Вядомыя з мастацтва Рэнесансу і Барока «купідончыкі» і «пуцці», якіх часта таксама называюць херубімамі, на самай справе з’яўляюцца вобразамі язычніцкай міфалогіі.
Найменне троны гаворыць само за сябе.
Лічыцца, што на іх засядае Усявышні. «Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. <…> Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненная рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць дзясяткаў тысяч стаялі перад Ім», — распавядае прарок Даніэль (Дан 7, 9–10). Троны ўвасабляюць непахісную паслухмянасць і стабільнасць, пазбаўленасць ад усялякай нізкай зямной прывязанасці і пастаяннае імкненне да Творцы.
У той час, як анёлы вышэйшай ступені іерархіі, знаходзячыся найбліжэй да Бога, валодаюць найглыбейшым пазнаннем і магчымасцю сузіраць першапачатковую і неспасцігальную прыгажосць Бога, анёлы сярэдняй ступені нябеснай іерархіі навучаюцца ўсяму гэтаму менавіта ад вышэйшых хораў і перадаюць атрыманае азарэнне ніжэйшым. Вылучэнне анёльскіх хораў сярэдняй ступені багасловы аргументуюць словамі з Новага Запавету: «…У Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады…» (Клс 1, 16); «Уваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя…» (Эф 1, 20–21). Паводле Дыянісія Арэапагіта, задача святых панаванняў у свабодным і непахісным імкненні да вышыняў, якое прыпадабняе да Бога іх саміх і ўсё, што ім падуладна; святыя магуцці (цноты) ўвасабляюць дасканалую мужнасць, якая аддаляе ад сябе ўсё, што магло б аслабіць Боскія азарэнні; а задача святых валадарстваў у іх «мірным духоўным кіраванні», якое не «выкарыстоўвае самаўладна падараваныя Богам сілы, а свабодна і дабрадзейна скіроўваецца да Бога і прыводзіць да Яго іншых».
Княствы, арханёлы і анёлы кіруюць Божым светам і народамі. Задача нябесных княстваў — у кіраванні паводле Боскага парадку. У Кнізе Другазаконня напісана: «Ён устанавіў межы народаў паводле ліку сыноў Ізраэля» (гл. Дрг 32, 8), што ў грэцкім перакладзе азначае «паводле ліку Анёлаў Божых». Узгадаем таксама Анёла Партугаліі, які аб’явіўся фацімскім дзецям і настойліва заклікаў людзей да пакаяння. З арханёламі і анёламі людзі маюць самы непасрэдны кантакт. Гэтак жа, як вышэйшыя анёльскія хоры перадаюць Божыя азарэнні ніжэйшым, так ніжэйшыя перадаюць гэтае пазнанне нам, людзям. Згодна са старажытным хрысціянскім перакананнем і шматлікімі сведчаннямі з Бібліі, чалавеку ў жыцці спадарожнічае Анёл Ахоўнік (гл. Быц 48,16; Пс 8, 34; Пс 91, 11–12; Мц 18, 10 і інш.). Кожны з нас, паводле нашых асаблівых патрэбаў і характару, мае таксама асаблівага анёла. «Не варта думаць, — піша Арыген у трактаце «Пра пачаткі», — што пэўнаму анёлу тое ці іншае заданне даручаецца выпадкова. <…> Яны ўдастоеныя гэтых заданняў няйначай як кожны паводле сваіх заслугаў, і атрымалі іх за руплівасць і цноты, праяўленыя імі яшчэ да стварэння свету. <…> Гэтак жа трэба думаць і пра супрацьлеглыя сілы. Атрымаўшы месца княстваў або магуццяў, або валадароў цемры, яны набылі ўсе гэтыя ступені злосці за свае спакушэнні і поспехі, якіх дасягнулі ў злачынствах».
Уяўленне пра тое, што на адным плячы чалавека сядзіць анёл, а на другім — злы дух, сфармавалася яшчэ ў раннім хрысціянстве і пацвярджаецца ў працах старажытных аўтараў і ў фрагментах Святога Пісання. «Пастаў над ім бязбожніка, і д’ябал няхай стане па яго правіцы», — спявае Давід у 109-м псальме (пар. Пс 109, 6).
Аднак гэта зусім не значыць, што сілы дабра і зла раўназначныя
ў барацьбе за чалавечую душу, таму што толькі Бог —
сапраўдны Валадар усіх бачных і нябачных рэчаў.
І менавіта ў супрацоўніцтве з Божаю ласкаю
чалавек можа перамагчы злога духа.
Мы пажыццёва з’яўляемся аб’ектамі атакаў сатаны, але найбольш тады, калі становімся пыхлівымі, безадказнымі, а таксама калі дэман праяўляе сваю зайздрасць у адносінах да нас. З першай сітуацыяй мы можам справіцца, калі будзем практыкаваць пакору і самадысцыпліну, а ў другой можам толькі маліцца... Злы дух, у адрозненне ад анёла, не можа чытаць нашыя думкі, але ён вельмі хітры і таму ўсялякімі спосабамі спакушае нас, каб паназіраць за нашай рэакцыяй і ўбачыць, ці паддамося мы граху. Аднак менавіта для змагання з ім нам у дапамогу дадзены Анёл Ахоўнік. Св. Грыгорый Назіянзскі пісаў, што як толькі чалавек вырашыць супрацьстаяць сатане, тады адразу праяўляецца братэрская дапамога яго Анёла Ахоўніка. «Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць» (1 Кар 10, 13). Калі мы асабліва слабыя, анёлы суцяшаюць нас і падбадзёрваюць. Але бывае і так, што яны робяць гэта ўжо пасля перажытых выпрабаванняў і спакусаў. Так, напрыклад, анёл суцяшаў Езуса падчас цярпенняў у садзе Аліўным, але ў пустыні анёлы з’явіліся і служылі Яму ўжо пасля спакушэння.
Якім жа чынам бесцялесныя і нябачныя анёлы кантактуюць з людзьмі? Гэта адбываецца наэтычным спосабам — праз нашыя думкі. Праўда, у Святым Пісанні вельмі шмат прыкладаў таго, як нябесныя істоты станавіліся бачнымі і размаўлялі з людзьмі звыклым для іх спосабам (Быц 18, 4; 19, 2; 32, 24–26; Дан 8, 17; 10, 5–6 і інш.). Аднак мы, звяртаючыся ў малітве да Анёла Ахоўніка і ўслухоўваючыся ў яго натхненні, павінны памятаць, што анёлы дадзеныя нам не толькі для аховы, абароны і пераказу Божых намераў, але і для таго, каб «нашыя галасы далучыліся да іх» і разам з імі праслаўлялі Бога, усклікаючы: «Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны…», як заклікаюць нас словы акламацыі падчас святой Імшы.
Ганна Шаўчэнка
Выкарыстаная літаратура:
1. Joel J. Miller. Aniołowie. Ich moc i obecność w naszym życiu / tłum. Łukasz Malczak. — Wydawnictwo WAM, Księża Jezuici. — Kraków, 2013.
2. Дионисий Ареопагит. О небесной иерархии / Пер. с греч. (электронный ресурс): http://www.magister.msk.ru.
3. Ориген. О началах / Пер. с лат. (электронный ресурс): https://azbyka.ru.