Трэцяя Божая запаведзь сфармуляваная наступным чынам: «Памятай святы дзень святкаваць» (пар. Зых 20, 8; Дрг 5, 12). Гэта адна з дзвюх запаведзяў (разам з чацвёртай), якія наказваюць штосьці зрабіць, у адрозненне ад іншых, пададзеных у выглядзе забаронаў.
Дзень шабату
У Святым Пісанні Старога Запавету гаворка пра дзень шабату (суботу) ідзе ў сувязі са стварэннем свету: «Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго» (пар. Зых 20, 8–11). У сувязі з гэтым сёмы дзень тыдня — гэта «субота спакою, прысвечаная Пану» (пар. Зых 31, 15).
Акрамя таго, гэты дзень Біблія звязвае з успамінам вызвалення Ізраэля з егіпецкай няволі: «Памятай, што і ты быў нявольнікам у зямлі егіпецкай і што Пан Бог твой вывеў цябе адтуль моцнаю рукою і распраўленым плячом, таму і наказаў табе Пан Бог твой святкаваць дзень шабату» (пар. Дрг 5, 15). Пан устанавіў для Ізраэля шабат, каб ён захоўваў яго як знак непарушнага Запавету: «Няхай сыны Ізраэлевы захоўваюць шабат, святкуючы шабат у роды свае, як вечны запавет» (пар. Зых 31, 16). Шабат для Пана — гэта святы дзень, прызначаны для праслаўлення Бога, Яго справы стварэння і збаўчых дзеянняў дзеля дабра Ягонага выбранага народа. «Захоўвай дзень шабату, каб ён быў святым, як загадаў табе Пан Бог твой» (пар. Дрг 5, 12).
Справы Бога — гэта ўзор для дзеяння чалавека. Калі Пан «адпачыў і прабываў у спакоі» на сёмы дзень (пар. Зых 31, 17), значыць і чалавек таксама павінен адпачываць і даць магчымасць адпачыць іншым людзям, асабліва бедным. Субота становіцца вельмі важным перапынкам у штодзённай працы і дае адпачынак, асцерагаючы ад працы дзеля працы і культу нажывы, як сведчаць пра гэта гістарычныя кнігі Святога Пісання (гл. Нм 13, 15–22; 2 Кр 36, 21)1.
Як бачым, асноўныя патрабаванні да святкавання святога дня — пакланенне Богу і адпачынак — ясна сфармуляваныя ўжо ў Старым Запавеце.
Езус і шабат
Евангелле апавядае пра мноства выпадкаў таго, як Езуса абвінавачвалі ў парушэнні закона шабату, які быў вельмі важны ў рэлігійным жыцці Ізраэля: «Тады некаторыя з фарысеяў казалі: „Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат“» (пар. Ян 9, 16). Падкрэслім, што Езус ніколі не парушаў святасці гэтага дня. Вось што піша евангеліст Марк: «Ён [Езус] адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў» (пар. Мк 1, 21), што сведчыць пра пашану Езуса да святога дня.
Больш за тое, Сын Чалавечы не толькі не парушаў закона шабату, а, наадварот, падкрэсліваў яго значэнне для чалавека: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату» (пар. Мк 2, 27). Поўны міласэрнасці і спачування, Езус лічыць законным у суботу рабіць дабро, а не зло, ратаваць душу, а не губіць яе абыякавасцю жорсткіх сэрцаў, схаванай пад нібыта вернасцю закону (пар. Мк 3, 4–5). Сваімі справамі і вучэннем Сын Чалавечы паказвае, што шабат — гэта дзень міласэрнасці Пана і сапраўднага праслаўлення Бога: «Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?» (пар. Ян 7, 23)2. І, цытуючы прарока Осію (гл. Ос 6, 6), робіць выснову: «Калі б вы ведалі, што азначае: „Міласэрнасці хачу, а не ахвяры“, не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату» (пар. Мц 12, 7–8).
Дзень Пана
Як сведчыць Святое Пісанне, Езус уваскрос з памерлых «у першы дзень тыдня» (гл. Мц 28, 1; Мк 16, 1–2; Лк 24, 1; Ян 20, 1). Гэта, безумоўна, звязана з першым днём стварэння свету. Як «восьмы дзень», што ідзе пасля суботы, ён азначае новае стварэнне, якое распачалося з уваскрасення Хрыста. Для хрысціянаў ён стаў першым з усіх дзён, першым з усіх святаў, Днём Пана — ἡ κυριακὴ ἡμέρα (па-грэцку), dies Dominica (на лаціне) — нядзеляй.
Пра асаблівае значэнне нядзелі для першых хрысціянаў піша святы Юстын: «Мы збіраемся ўсе разам у дзень Сонца [старажытная назва нядзелі, якая захавалася, напр., у англ. мове: Sunday. — Рэд.], таму што гэта першы дзень [пасля юдэйскай суботы, але таксама першы дзень], калі Пан Бог, вызваліўшы з цемры матэрыю, стварыў свет, і таму што ў той самы дзень Езус Хрыстус, наш Збаўца, уваскрос з памерлых»3.
Нядзеля як святочны дзень, асаблівым чынам прысвечаны Богу, замяніла для хрысціянаў суботу, бо праз Пасху Хрыста дапаўняе духоўную праўду шабату і абвяшчае вечны супакой чалавека ў Богу. Таму св. Ігнацый з Антыёхіі кажа, што «тыя, хто жыў паводле старога парадку рэчаў, атрымалі новую надзею, не захоўваючы больш шабату, а святкуючы Дзень Пана, у які нашае жыццё атрымала благаслаўленне ад Яго і ад Яго смерці»4. Святкаванне нядзелі дазваляе нам рэалізаваць у жыцці маральнае правіла, натуральным чынам «упісанае» ў чалавечае сэрца: «вонкава, бачным спосабам, публічна і рэгулярна ўшаноўваць Бога, каб захоўваць памяць пра тое вялікае і ўсёабдымнае дабро, якое Ён здзейсніў для людзей»5, — гаворыць св. Тамаш Аквінскі.
Такім чынам, святкаванне нядзелі — гэта выкананне трэцяй Божай запаведзі, рытм і дух якой яно працягвае ў штотыднёвым праслаўленні Творцы і Адкупіцеля свайго народа. Нядзеля, якую так разумеюць і перажываюць вернікі, становіцца нібы «душою» астатніх дзён. Менавіта ў такім сэнсе можна ўспрыняць словы вялікага пісьменніка хрысціянскай старажытнасці Арыгена, які сцвярджаў, што сапраўдны хрысціянін «заўсёды жыве ў дні Пана, заўсёды святкуе нядзелю»6. Пра гэта нагадаў усяму Касцёлу святы Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Dies Domini — «Дзень Пана», абнародаваным 20 гадоў таму.
Абавязковыя святы
Нядзельнае святкаванне Дня Пана і святая Імша ў гэты дзень знаходзяцца ў самым сэрцы жыцця Касцёла. Кананічнае права прадпісвае вернікам абавязкова ўдзельнічаць у св. Імшы або ў сам святочны дзень, або напярэдадні вечарам, у вігілію:
- ва ўсе нядзелі, калі паводле апостальскай Традыцыі праслаўляецца Пасхальная таямніца;
- ва ўрачыстасць Нараджэння Пана (25 снежня);
- ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана (6 студзеня);
- ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана (чацвер пасля шостай Велікоднай нядзелі);
- ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (чацвер пасля ўрачыстасці Найсв. Тройцы);
- ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі (1 студзеня);
- ва ўрачыстасць Яе Беззаганнага Зачацця (8 снежня);
- ва ўрачыстасць Яе Унебаўзяцця (15 жніўня);
- ва ўрачыстасць св. Юзафа (19 сакавіка);
- ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня);
- ва ўрачыстасць Усіх Святых (1 лістапада)7.
Хрысціянскі абавязак кожнага верніка ўдзельнічаць у гэтыя дні ў св. Імшы адносіцца да сутнасці трэцяй Божай запаведзі. «Ты не можаш маліцца дома таксама, як у касцёле, дзе сабрана шмат людзей і дзе ўскліканне да Пана ўзносіцца адным сэрцам. Тут ёсць штосьці большае: саюз духа, згода душаў, повязь любові, малітвы святароў»8, — падкрэслівае св. Ян Залатавусны. Невыкананне гэтага абавязку з’яўляецца цяжкім грахом, калі не выклікана сур’ёзнай прычынаю (напр., хваробаю ці неабходнасцю даглядаць немаўля або цяжкахворага), па якой святар можа вызваліць верніка ад яго выканання9.
Але што рабіць, калі няма фізічнай магчымасці трапіць у такі дзень на святую Імшу? Кананічнае права ў такіх выпадках наказвае вернікам прысвяціць адпаведны час малітве самастойна або ў сямейным коле, а калі гэта магчыма — на сходзе некалькіх сем’яў10.
Ці можна працаваць у святы?
Як кажа нам Святое Пісанне, «скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў. І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння» (пар. Быц 2, 2–3).
Таксама і чалавечае жыццё праходзіць у рытме працы і адпачынку, якія змяняюць адно другое. Святкаванне Дня Пана спрыяе таму, каб усе людзі мелі час для адпачынку і дабравольна выбраных заняткаў, дастатковы для таго, каб прысвяціць сябе сямейнаму, культурнаму, сацыяльнаму і рэлігійнаму жыццю11.
У сувязі з гэтым першы касцёльны наказ, які абавязвае вернікаў у нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы, таксама наказвае не рабіць неабавязковай працы. Кананічнае права ўдакладняе, што ў гэтыя дні вернікам неабходна ўстрымлівацца ад працы або дзейнасці, якія перашкаджаюць належнаму ўшанаванню Бога, радасці, уласцівай Дню Пана, выкананню ўчынкаў міласэрнасці і неабходнаму адпачынку для цела і духу12.
Сямейныя абавязкі або справы, якія прыносяць вялікую грамадскую карысць, з’яўляюцца законнай падставаю для таго, каб не падыходзіць літаральна і фармальна да прадпісання адпачынку ў святочныя дні. Аднак варта сачыць за тым, каб гэтыя законныя і слушныя прычыны не прыводзілі да звычак, шкодных для рэлігіі, сямейнага жыцця і здароўя. Акрамя таго, хрысціяне, якія маюць дастаткова вольнага часу, павінны памятаць пра сваіх братоў, якія маюць такія самыя правы і патрэбы, але не могуць адпачываць з-за беднасці і галечы. Таму ў духу сапраўднай, а не ўдаванай хрысціянскай пабожнасці нядзеля традыцыйна прысвячаецца добрым справам і пакорнаму клопату пра хворых, інвалідаў, старых. Хрысціяне таксама асвячаюць гэты дзень, дорачы сваёй сям’і і блізкім час і ўвагу, што бывае складана зрабіць у іншыя дні тыдня. Нядзеля — гэта час для роздуму, маўчання, чытання і разважання, якія спрыяюць узрастанню духоўнага і хрысціянскага жыцця13.
Падрыхтаваў дыякан Мікола Гракаў
1Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2168–2172.
2Пар. ККК, 2173.
3Пар. Св. Юстын. Apologiae 1, 67.
4Пар. Св. Ігнацый з Антыёхіі. Epistula ad Magnesios, 9, 1.
5Пар. Св. Тамаш Аквінскі. Summa theologiæ II–II, 122, 4.
6Пар. Арыген. Contra Celsum, VIII, 22: SC 150, 222–224. Пар. таксама: Ян Павел ІІ, Папа. Апостальскі ліст Dies Domini, 83.
7Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1246, § 1; 1247; 1248, § 1.
8Пар. Св. Ян Залатавусны. De incomprehensibili Dei natura seu contra Anomæos, 3, 6: PG 48, 725 D.
9Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1245.
10Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1248, § 2.
11Пар. ІІ Ватыканскі Сабор. Апостальская канстытуцыя Gaudium et spes, 67, § 3.
12Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1248.
13Пар. ККК, 2184–2186.