Хтосьці справядліва заўважыў, што хрысціянства са сваімі могілкамі можа стварыць уражанне пра сябе як пра рэлігію, якая лічыць матэрыю і цела чымсьці нявартым чалавека. Калі б хто-небудзь здалёк, абсалютна не знаёмы з вучэннем Касцёла, хацеў прыйсці да нейкіх высноваў на падставе надмагільных надпісаў, то, пэўна, не змог бы адкрыць, што хрысціяне вераць ва ўваскрашэнне цела.
А св. Павел выразна ўсклікаў: «Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная. Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць» (1 Кар 15, 13–15). У той жа час у свядомасці многіх хрысціянаў уваскрашэнне памерлых мала істотнае; разважанні і малітвы датычаць жыцця душы пасля смерці і вельмі рэдка адносяцца да надзеі на ўваскрашэнне. На надмагільных плітах часцей за ўсё мы сустракаем надпісы з такім зместам: «Няхай адпачывае ў супакоі», «Супакой яго душы». Аднойчы я нават знайшоў надпіс «Супакой яго ценям». Вельмі рэдка можна знайсці адсылкі да веры ва ўваскрашэнне, а можна ж было б сфармуляваць не адзін сказ, які б ясна ўказваў на нашую надзею, што той, з чыім зямным целам мы развіталіся на могілках, уваскрэсне моцаю Хрыстовага абяцання. Чаму мы не ставім на магілах фігураў Езуса ўваскрослага і не змяшчаем надпісаў кшталту: «Чакае дня ўваскрашэння» ці «Адышоў да Пана ў надзеі на ўваскрашэнне»?
Якое цела пасля смерці?
Верагодна, нам лягчэй казаць пра несмяротную душу, чым пра змёртвыхпаўстанне целаў, бо вечная цялеснасць больш складаная для ўяўлення, чым вечны дух. Ужо ў часы св. Паўла з-за цяжкасцаў з уяўленнем узнікалі пытанні: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыдуць?» (1 Кар 15, 35). Апостал Павел адказваў з пэўнаю дозаю нецярплівасці: «Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ. Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага» (1 Кар 15, 36–37). Больш за тое, св. Павел тлумачыць, што «сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае» (1 Кар 15, 44).
Выраз «духоўнае цела» можа здавацца супярэчлівым. Ці азначае «духоўнае», што не з’яўляецца «цялесным», што ў сваю чаргу вяло б да нейкіх дзіўных канцэпцый «безцялеснага цела»? Па сутнасці св. Павел не збіраецца ствараць ніякіх цяжкіх філасофскіх канструкцый, але хоча падкрэсліць, што рэчаіснасць уваскрашэння не трэба разумець паводле матэрыялістычных уяўленняў габрэяў (іх бачна хаця б у размове Езуса з садукеямі), якія пытаюцца, чыёй жонкаю пасля ўваскрашэння будзе жанчына, якая пры жыцці некалькі разоў была замужам (гл. Мк 12, 18–27). Уваскрослы мае праслаўлёнае цела, гэта значыць такі спосаб існавання, які адпавядае хвале Божай. «Духоўнае цела» — гэта цела, якое пераменена Духам Жыватворцам і набыло зусім іншую форму па прыкладзе Хрыста, уваскрослага ў хвале. У 2-м Пасланні да Карынцянаў Апостал вызнае: «Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану» (2 Кар 5, 8). Гэта <…> указвае на жаданне мець цела, перамененае моцаю Духа Святога. Таксама з вучэння Езуса на старонках Евангелля вынікае, што будучае жыццё немагчыма параўнаць з зямным жыццём: «Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах» (Мк 12, 25). І зноў трэба падкрэсліць, што гэтае выказванне не пярэчыць цялеснасці ўваскрашэння, але ў ім мы чытаем абяцанне, што гэта будзе перамененая цялеснасць. Аднак калі ўваскрэшанае цела абсалютна перамененае, то ўзнікае пытанне, якое можа нас непакоіць, пра сувязь паміж зямным целам і ўваскрэшаным. Іншымі словамі, ці будзе ўваскрослае цела сапраўды нашым целам або нейкаю знешняю шатаю, накінутаю на духоўнае «я»? Ці будзе неба неяк звязана з тым прыгожым, што ёсць на зямлі? Працытуем яшчэ раз св. апостала Паўла: «Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах» (2 Кар 5, 1). Ці будзем мы камфортна сябе адчуваць у гэтым нерукатворным доме? Гэтыя сумненні — магчыма, нават з прысмакам блюзнерства — у здольнасці Бога ашчаслівіць чалавека пасля смерці выказвалі многія філосафы і паэты. Напрыклад, Баляслаў Лесьман у вершы «Уршуля Каханоўская» гаворыць, што жаданнем дзяўчынкі пасля смерці ёсць толькі тое, каб было так, як раней на зямлі, і каб сустрэцца там са сваімі бацькамі, не з Богам...
Св. Павел, кажучы пра сувязь зямнога цела з уваскрэшаным, выкарыстоўвае розныя супрацьпастаўленні: знішчальнае і незнішчальнае, непраслаўлёнае і праслаўлёнае, слабое і моцнае, зямное і духоўнае. Ён таксама звяртаецца да супрацьпастаўлення: «перад» і «пасля». Змена будзе радыкальная, так што нам цяжка ўявіць сабе яе вынік, але, з іншага боку, гэтая змена не азначае разрыву ў пераемнасці: у небе і ў новым целе мы будзем адчуваць сябе цалкам сабою і ў лучнасці з зямным жыццём. Гэта як у выпадку з аплодненаю яйцаклеткаю, якая абсалютна не нагадвае дарослага чалавека, які з яе разаўецца, хоць гэта той самы чалавек. У развагах пра смерць і ўваскрашэнне няма гаворкі ні пра поўнае знішчэнне, ні пра новае стварэнне ex nihilo (з нічога), ні таксама пра простае ажыўленне астанкаў, але пра адкупленне нашага цела (гл. Рым 8, 23).
Нягледзячы на новазапаветнае вучэнне ўжо ў першых стагоддзях хрысціянства, вера ва ўваскрашэнне змянілася з часам у перакананне аб рэанімацыі. Такое разуменне ўваскрашэння як апошняй рэанімацыі мела, безумоўна, уплыў на асаблівы клопат хрысціянаў пра месца спачыну сваіх памерлых. Для некаторых няведанне месца спачыну блізкага памерлага было звязана з неспакоем пра яго ўваскрашэнне. Тое, што ўваскрашэнне блытаюць з рэанімацыяй, прыводзіць да таго, што таксама і сёння некаторыя перакананыя, быццам магіла будзе месцам яго ўваскрашэння. Зрэшты, даволі шмат і мастацкіх палотнаў, якія менавіта так паказваюць падзею ўваскрашэння: бледныя, худыя постаці ўзносяцца са сваіх магілаў.
Адным з праяўленняў веры ва ўваскрашэнне, а таксама ў сувязь паміж зямным целам і ўваскрэшаным з’яўляецца культ рэліквій. Ужо ў старажытным Касцёле з вялікаю пашанаю адносіліся да зямных астанкаў мучанікаў. У рэліквіях святых Касцёл бачыў абяцанне канчатковай перамогі Хрыста ў дзень парузіі і паўсюднага змёртвыхпаўстання. Целы памерлых святых змяшчалі пад алтарамі, каб падкрэсліць сувязь іх жыцця, смерці і надзеі на ўваскрашэнне з ахвяраю Хрыста. Але неаднойчы памылкова бачылі каштоўнасць рэліквій у тым, што ў дзень уваскрашэння яны стануць часткаю праслаўлёнага цела святога. І забываліся пра новазапаветнае вучэнне пра перамененае духоўнае цела. <…>
Дарыюш Кавальчык SJ
Пераклад з польскай мовы
Дар’і Ахламёнак
Паводле: www.mateusz.pl