Праслаўленне ў раннім Касцёле

З навуковай працы амерыканскага прафесара, даследчыка лацінскай гімнаграфіі і перакладчыка Сэмюэля Дафілда.


Урачыстае спалучэнне юдаізму і толькі што народжанага хрысціянства

У Евангеллі мы чытаем, што наш Пан Езус Хрыстус і Ягоныя вучні з’елі пасху і, «заспяваўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару» (Мк 14, 26). Гімн, пра які тут гаворыцца, — гэта «Вялікі Галель», габрэйская малітва хвалы і ўдзячнасці Богу, якая складаецца з псальмаў, са 113 па 118. Псальмы 113 і 114 спяваюцца перад святкаваннем, астатнія — пасля. Можна даволі ўпэўнена сцвярджаць, што менавіта гэтая малітва стала першым гімнам праслаўлення ў раннім Касцёле, спосабам узнесці хвалу Богу, выказаць давер і ўдзячнасць.

Гімну, заспяванаму Хрыстом і Апосталамі, у Евангеллі папярэднічаюць гімн Марыі Magnificat, гімн Сімяона Nunc Dimittis і перадусім Gloria in Excelsis Deo — гімн анёлаў, заспяваны ў Бэтлееме. Гэтак жа ўпэўнена можна сцвярджаць, што гэтымі словамі раннія хрысціяне праслаўлялі Бога. Аднак менавіта падчас Апошняй Вячэры адбылося ўрачыстае спалучэнне юдаізму і толькі што народжанага хрысціянства, і псальмы прарока Давіда сталі духоўнымі песнямі хрысціянаў. <…> Сам Хрыстус, які прыйшоў не руйнаваць, а дапоўніць, паказаў свайму Касцёлу, як выказваць Богу ўдзячнасць, любоў, давер і захапленне, і габрэйскія «тхіллім» (песні праслаўлення), сталі гімнамі хрысціянаў.

«„Аллелюя“ аратага, гімны касца і псальмы вінаградара»

Ранні Касцёл выкарыстоўваў самыя простыя і шчырыя формы праслаўлення. Па сведчанні Плінія, яны «па чарзе спявалі гімны Хрысту як Богу» (Лісты 10, 97). <…> Невядома, што гэта былі за гімны. Можна толькі ўявіць, што, паколькі асноўнаю іх крыніцаю была габрэйская традыцыя, то тэмаю была ўдзячнасць Богу і захапленне Ім. Святы Ян Хрызастом сцвярджаў, што хрысціяне спяваюць гімны раніцаю, падчас працы і часта падчас пасілкаў. Святы Геранім у адным з лістоў пісаў: «Можна, не выходзячы ў поле, пачуць „Аллелюя“ аратага, гімны касца і псальмы вінаградара». Па сутнасці спяванне стала важнаю рысаю ранняга хрысціянства. Першыя гімны спяваліся на сірыйскай і грэцкай мовах. Лацінскія гімны пачалі з’яўляцца ў часы Гілярыя з Піктавіі (цяпер Пуацье) у IV стагоддзі. З унеба ўшэсця Хрыста і аж датуль перавага належала менавіта грэцкай мове. 

Новы Запавет дае нам наступныя веды аб тым, як першыя хрысціяне славілі Бога. Існавалі тры формы духоўных спеваў: псальмы, гімны і духоўныя песні (гл. Эф 5, 19; Клс 3, 16). Стварэнне і спяванне гімнаў і песняў магло адбывацца спантанна, па натхненні (гл. 1 Кар 14, 23–33). Пра гэта піша таксама Тэртуліян. Сабор у Лаадыкіі (каля 360 г.) забараніў гэта. Нават у часы св. Паўла такое спяванне экспромтам выклікала розныя эмоцыі: відаць, сустракаліся і простыя глыбокія гімны, магчыма, нечым падобныя да духоўных песняў звычайнага люду і негрыцянскіх спірычуэлсаў, і безгустоўныя прыклады спеву, якія парушалі ўрачысты настрой і прыстойнасць хвалебных богаслужэнняў. Пра тое, што гімны спяваліся публічна, найлепш сведчыць паўночная малітва Паўла і Сілы, калі вязні слухалі іх (гл. Дз 16, 25).

На старонках Новага Запавету пададзены некаторыя тэксты духоўных песняў. Абмінем пакуль вядомыя кантыкі Марыі, Захарыі і Сімяона і хвалебныя тэксты габрэйскай традыцыі (гл., напрыклад, Дз 4, 24–30). <…> Святы Павел цытуе: «Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні, і Хрыстус асветліць цябе» (Эф 5, 14). У 1-м Пасланні да Цімафея з’яўляецца яшчэ адна цытата, відаць, з добра вядомага адрасатам тэксту:

«Той, хто з’явіўся ў целе,
быў апраўданы ў Духу,
з’явіўся анёлам,
быў абвешчаны язычнікам,
знайшоў веру ў свеце
і быў узнесены ў славе»
(1 Цім 3, 16).

У гэтым жа Пасланні мы чытаем: «Кароль над каралямі і Пан над панамі, адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц. Амэн» (1 Цім 6, 15–16).

Хвалебныя тэксты

Мы завершым пералік хвалебных тэкстаў Новага Запавету самымі першымі гімнамі <…>. Гэта — «Велічае душа Мая Пана...» (Лк 1, 46–55); «Благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля...» (Лк 1, 68–79); «Хвала на вышынях Богу...» (Лк 2, 18) і «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару...» (Лк 2, 29–32). Звярніце ўвагу на тое, што ўсе гэтыя тэксты змешчаны ў адным Евангеллі. <…> Няма нічога дзіўнага, што св. Лука, мастак і лекар, меў тонкае паэтычнае вуха і ўмеў «злавіць», як сведчыць і Кніга Дзеяў Апосталаў, самыя першыя, самыя тонкія праявы малітвы праслаўлення. 

Такім чынам, у раннім Касцёле існавала восем класічных малітваў праслаўлення. Пералічваем іх з указаннем лацінскіх назваў.

  1. Малая даксалогія (ад грэц. праслаўленне) Gloria Patri: «Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому…»;
  2. Вялікая даксалогія Gloria in Excelsis: «Хвала на вышынях Богу…» (анёльскі гімн);
  3. Sanctus: «Святы, святы, святы, Пан Бог усёмагутны…» (гімн херубімаў);
  4. Alleluia, Amen! (рэспансорый Касцёла);
  5. Вячэрні гімн, уключна з Nunc Dimittis: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару…»;
  6. Benedicite: «Благаслаўляйце Пана, усе стварэнні Ягоныя…» (Песня трох юнакоў з 3-га раздзела Кнігі прарока Даніэля);
  7. Magnificat: «Велічае душа Мая Пана...»;
  8. Te Deum: «Цябе, Бога, праслаўляем…».

Можна ўпэўнена гаварыць, што Лацінскі Касцёл пераклаў гэтыя гімны з грэцкай мовы, у тым ліку і Te Deum, перакладзены, магчыма, св. Гілярыем з Пуацье або іншым невядомым аўтарам з той жа эпохі (IV ст.). Пра гэта, на думку навукоўцаў, сведчаць падобныя выразы з грэцкіх гімнаў. <…>

Яшчэ адно важнае пытанне: ці выкарыстоўвалі раннія хрысціяне музычныя інструменты?

Слова ψάλλειν, спяваючы (Эф 5, 19), звычайна выкарыстоўвалася, калі гаворка ішла пра музычны акампанемент. <…> Што датычыць спявання, якое часта ўзгадваецца ў Новым Запавеце (гл. Рым 15, 9; 1 Кар 15, 15; Як 5, 13), нам невядома нічога, апроч таго, што габрэі мелі традыцыю спяваць псальмы пад гучанне музычных інструментаў. Інструменты — жалейку і гуслі — узгадвае св. Павел (гл. 1 Кар 14, 7), <…> ёсць узгадкі і ў кнізе Апакаліпсісу (гл. Ап 5, 8; 14, 2; 15, 2), але дакладных сведчанняў таго, што хрысціяне спявалі гімны, выкарыстоўваючы музычныя інструменты, няма. Сумненні ў гэтым выклікае ў тым ліку і тое, што часта першыя хрысціяне пазбягалі дзеяў, уласцівых менавіта старазапаветнаму богаслужэнню (напрыклад, шанаванне шабату), а інструментальная музыка была выразнаю праяваю таго, як габрэі праслаўлялі Бога. <…> Яшчэ адзін аргумент, які ставіць пад сумненне выкарыстанне музычнага акампанементу, — гэта мова, на якой былі напісаныя гімны, грэцкая мова. <…> 

Зразумела, што св. Лука і іншыя аўтары Новага Запавету карысталіся моваю адукаванага свабоднага люду, звяртаючыся да яго са сваімі пасланнямі; вядома, што і эфесцы, і карынцяне размаўлялі па-грэцку. <…> Выкарыстанне грэцкай мовы вядзе да выкарыстання формы дыфірамба, уласцівай гэтай культуры, як найлепшага спосабу выказаць хвалу. Адсюль жа і няроў насць або адсутнасць метрычнай формы і простасць фразавай структуры. Гэта сведчыць супраць выкарыстання музычных інструментаў. Апроч прадузятасці і жадання адрознівацца ад юдэяў, першыя хрысціяне маглі таксама асацыяваць мастацтва з маральнаю разбэшчанасцю. Музыка і оргіі, музыка і раскоша, музыка і распуста так часта былі неаддзельныя, што ранні Касцёл мог адрэагаваць на гэта адмаўленнем ад інструментальнай музыкі. <…> У катакомбах, дзе на сценах можна знайсці мноства знакаў і сімвалаў, няма ніводнага музычнага інструмента, апроч ліры. <…> Уяўляючы, якім невыносным магло быць усё язычніцкае для душаў людзей, у якіх трубы, бубны і гуслі асацыяваліся з крывавымі арэнамі і шумнымі оргіямі Рыма, можна зрабіць выснову, што ў сваіх песнях яны славілі Бога выключна голасам, без акампанементу. Да таго ж, ні св. Амброзій, ні св. Базыль, ні св. Ян Хрызастом не ўзгадвалі пра музычны акампанемент у заўвагах да спявання напісаных імі гімнаў. <…> Але ўсё гэта толькі магчымыя дапушчэнні. Абапіраючыся на папярэднія цытаты з Новага Запавету, можна дакладна сказаць, што першыя хрысціяне спявалі хорам. У гэтым яны цалкам перанялі юдэйскі звычай рэспансарыйнага спеву і спявання па чарзе. <…> 

Флейта з цудоўным гучаннем, зробленая з простага трыснягу 

Першыя хрысціяне праслаўлялі Бога простаю і прыемнаю моваю, спяваючы «гімны Хрысту як Богу». <…> І цяпер павінна знайсціся месца для праслаўлення, пазбаўленага дыдактыкі, дзе ёсць толькі глыбокае ўшанаванне і пакланенне Богу, выказанае душою, поўнаю даверу і любові.

Рабіны распавядаюць, што ў старажытныя часы ў святыні захоўвалася флейта, зробленая з простага трыснягу, без аздаблення, але з цудоўным гучаннем. Гэтак было яшчэ з часоў прарока Майсея. Пазней кароль загадаў майстрам упрыгожыць яе золатам і каштоўнымі камянямі, але цудоўнае гучанне флейты, на жаль, было знішчана! Магчыма, гэтак жа часам адбываецца і з намі: познія формы мастацтва і фальшывая чалавечая мудрасць нярэдка толькі псуюць прыгажосць старажытных гімнаў і формы малітвы.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько

Паводле: Samuel W. Duffield,
The Latin Hymn-Writers and their Hymns. —
London, 1889.
Кніга выкладзеная ў свабодны доступ у рамках праекта
Gutenberg EBook: www.gutenberg.org

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней