Кароткая запаведзь «не забівай» (гл. Зых 20, 13) насамрэч вельмі ёмістая і мае шмат вымярэнняў, як і само жыццё, якое яна абараняе. «Чалавечае жыццё святое, бо з самага пачатку яно нясе ў сабе творчае дзеянне Бога і заўсёды знаходзіцца ў асаблівых адносінах са Стварыцелем — сваёй адзінай мэтай. Толькі Бог з’яўляецца Валадаром жыцця ад яго пачатку і да канца: ніхто ні пры якіх абставінах не можа прэтэндаваць на права знішчаць нявіннага чалавека», — кажа Кангрэгацыя Веравучэння ва ўводзінах да інструкцыі Donum vitae — «Дар жыцця»1.
У разгорнутым тлумачэнні пятай Божай запаведзі Катэхізіс Каталіцкага Касцёла перадусім звяртае нашую ўвагу на неабходнасць безумоўнай павагі да чалавечага жыцця2 . Запавет паміж Богам і чалавекам сатканы з напамінаў пра Боскі дар чалавечага жыцця і пра забойчае насілле самога чалавека. У Старым Запавеце чалавечая кроў з’яўляецца святым знакам жыцця (гл. Лев 17, 14), і гэтае вучэнне актуальнае ва ўсе часы. Пісанне ўдакладняе забарону пятай запаведзі: «Не забівай нявіннага і справядлівага» (пар. Зых 23, 7). Свядомае забойства цалкам супярэчыць годнасці чалавечай асобы, залатому правілу не рабіць іншым таго, чаго не жадаем сабе, а таксама святасці Стварыцеля. Касцёл вучыць, што закон, які забараняе такое забойства, мае ўніверсальную моц — ён абавязковы для ўсіх і кожнага і дзейнічае заўсёды і паўсюль3.
Канчатковую і поўную інтэрпрэтацыю пятай запаведзі дае Езус Хрыстус у Казанні на гары, гаворачы пра недапушчальнасць гневу, нянавісці і помсты (гл. Мц 5, 21–26). Больш за тое, Збаўца вучыць сваіх паслядоўнікаў падстаўляць другую шчаку і любіць сваіх ворагаў (гл. Мц 5, 38–48). Даючы прыклад такіх паводзінаў, Езус сам не абараняўся ў момант арышту і загадаў Пятру схаваць меч у ножны (гл. Мц 26, 52; Ян 18, 11).
Права на абарону, выкарыстанне зброі і смяротнае пакаранне злачынцаў
Хрысціянскае веравучэнне прызнае права кожнага на абарону і самаабарону, але ўдакладняе, што такая абарона чалавека і грамадства не дае права свядома ісці на забойства. Аднак той, хто для абароны свайго жыцця вымушаны нанесці агрэсару смяротны ўдар, не мае віны ў забойстве4.
Гаворачы пра пакаранні, Касцёл вучыць, што законная грамадская ўлада мае права і абавязак караць злачынцаў сувымерна з учыненым імі злом. Першая мэта пакарання — выправіць выкліканы злачынствам непарадак, і калі такое пакаранне свядома прымаецца вінаватым, яно становіцца для яго выкупленнем віны. Акрамя таго, па магчымасці, пакаранне павінна спрыяць выпраўленню злачынцы (гл. Лк 23, 40–43).
Пры ўмове, што асоба і адказнасць вінаватага цалкам даказаныя, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае смяротнага пакарання як выключнай меры, калі гэта адзіная магчымасць дзейсна абараніць жыццё людзей ад несправядлівага агрэсара, і калі няма іншых спосабаў абараніць грамадства5.
Разам з тым у Катэхізісе выразна падкрэслена, што, калі сродкаў, якія не прычыняюць смерці, дастаткова для абароны жыцця людзей, улады павінны карыстацца толькі такімі сродкамі, бо яны найлепш адпавядаюць канкрэтным умовам супольнага дабра і годнасці чалавечай асобы. Насамрэч, дзякуючы тым магчымасцям, якія ў наш час дзяржава мае для эфектыўнага прадухілення злачынства без знішчэння злачынцы, такія выпадкі, калі знішчэнне злачынцы абсалютна неабходнае, «здараюцца вельмі рэдка, калі наогул не адсутнічаюць цалкам»6, — кажа св. Ян Павел ІІ.
Гэта падкрэсліў і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі А. Яшэўскі ў дакладзе на прымеркаванай да Дня Канстытуцыі канферэнцыі, якая праводзілася ў Магілёве 15 сакавіка 2018 г. Іерарх звярнуў увагу на тое, што чалавеку, які здзейсніў злачынства, трэба даць магчымасць выправіцца, усвядоміць сваю віну. Шанец стаць лепшым павінен давацца кожнаму, а па каранне смерцю такога шанцу не пакідае. Падсумоўваючы, біскуп А. Яшэўскі падкрэсліў, што «Касцёл заўсёды будзе супраць смяротнага пакарання»7.
Наўмыснае забойства, аборт, эўтаназія, самагубства
Пятая запаведзь забараняе як цяжкі грэх прамое і наўмыснае забойства. Забойца і добраахвотныя хаўруснікі забойства чыняць грэх, што кліча неба да адплаты (гл. Быц 4, 10), з’яўляецца адным з чатырох грахоў, «якія наклікаюць Божую помсту». Запаведзь «не забівай» забараняе таксама бяздзеянне з мэтаю ўскосна выклікаць смерць чалавека. Маральны закон не дае нікому права прымушаць іншага празмерна рызыкаваць сабою без слушнай прычыны, а таксама адмовіць у дапамозе чалавеку, які знаходзіцца ў небяспецы. Катэхізіс звяртае ўвагу на тое, што людзі, якія з-за сваіх карыслівых інтарэсаў не жадаюць дапамагчы галадаючым і становяцца прычынаю іх смерці, ускосна ўчыняюць забойства, якое ставіцца ім у віну8.
Святое Пісанне кажа пра святасць чалавечага жыцця з моманту зачацця. «Перш, чым Я стварыў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і перш, чым ты выйшаў з чэрава, Я асвяціў цябе» (пар. Ер 1, 5). «Не былі схаваны ад Цябе мае косткі, калі ў таямніцы мяне стваралі; я сатканы быў у глыбіні зямлі» (Пс 139 (138), 15). Таму ўжо з І ст. Касцёл асуджае як маральнае зло кожны штучна выкліканы аборт, а Другі Ватыканскі Сабор называе аборт і забойства дзяцей жудаснымі злачынствамі9.
Таксама і фармальны саўдзел у аборце з’яўляецца цяжкім грахом. Касцёл накладае на вінаватага ў гэтым злачынстве супраць чалавечага жыцця пакаранне адлучэння ў сілу самога факта10. З моманту зачацця зародак лічыцца асобаю, таму неабходна яго абараняць і клапаціцца пра яго таксама, як і пра кожнага іншага чалавека11.
Эўтаназія, незалежна ад яе матываў і сродкаў, заключаецца ў тым, што жыццё інваліда, хворага ці паміраючага чалавека перарываецца людзьмі. Касцёл лічыць такую эўтаназію непрымальнай, аднак спыненне дарагіх, небяспечных, надзвычайных ці несувымерных з чаканым вынікам медыцынскіх працэдураў можа быць законным. Гэта Катэхізіс называе «адмаўленнем ад тэрапеўтычнай настойлівасці», што дапушчальна толькі ў тым выпадку, калі няма намеру прынесці смерць, а ёсць толькі прызнанне немагчымасці ёй перашкодзіць12.
Эўтаназія, незалежна ад яе матываў і сродкаў, заключаецца ў тым, што жыццё інваліда, хворага ці паміраючага чалавека перарываецца людзьмі. Касцёл лічыць такую эўтаназію непрымальнай, аднак спыненне дарагіх, небяспечных, надзвычайных ці несувымерных з чаканым вынікам медыцынскіх працэдураў можа быць законным. Гэта Катэхізіс называе «адмаўленнем ад тэрапеўтычнай настойлівасці», што дапушчальна толькі ў тым выпадку, калі няма намеру прынесці смерць, а ёсць толькі прызнанне немагчымасці ёй перашкодзіць12.
Павага да годнасці асобы, ахова здароўя і захаванне міру
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла звяртае нашую ўвагу на тое, што пятая запаведзь накладае на чалавека абавязак з пашанаю ставіцца да годнасці іншых людзей. Таму грахом супраць гэтай Божай запаведзі з’яўляецца спакуса, якая становіцца цяжкаю віною, калі яна праз нейкае дзеянне або бяздзеянне са злым намерам вядзе іншага чалавека да цяжкага злачынства.
Касцёл нагадвае, што Божы закон гаворыць пра недапушчальнасць на людзях медыцынскіх эксперыментаў, якія супярэчаць годнасці асобы, а таксама катаванняў і іншых мераў уздзеяння з боку ўладаў, якія наносяць цяжкую шкоду здароўю.
Нават да целаў памерлых неабходна ставіцца з належнай пашанай, пра што таксама гаворыць Святое Пісанне (гл. Тоб 1–2) і традыцыя першых стагоддзяў хрысціянства, але анатаміраванне целаў у навуковых мэтах або для судовага следства не забараняецца. Крэмацыя таксама дапушчальная, калі не з’яўляецца нявераю ва ўваскрашэнне цела13.
Вучэнне Касцёла і пачуццё здаровага сэнсу аднагалосна кажуць пра тое, што маральны закон не траціць актуальнасці і дзейнічае таксама падчас узброеных канфліктаў. Любыя дзеянні, якія з намерам парушаюць правы і ўсеагульныя прынцыпы народаў, з’яўляюцца грахом і злачынствам14.
Падрыхтаваў кс. Мікола Гракаў
- Пар. Кангрэгацыя веравучэння. Інструкцыя Donum vitae. Уводзіны, 5.
- Гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК, 2259–2283).
- Пар. ККК, 2261.
- Пар. ККК, 2264.
- Пар. ККК, 2267; пар. таксама: Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 405.
- Ян Павел ІІ, папа. Энцыкліка Evangelium vitae, 56.
- Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: «Касцёл заўсёды будзе супраць смяротнага пакарання» // https://catholic.by/3/news/ belarus/7743-biskup-alyaksandr-yasheski-sdb-kastsjol-za-sjody-budze-supratssmyarotnaga-pakarannya.
- Пар. ККК, 2268–2269.
- Пар. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes 51, § 3.
- Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1398. 11 Пар. ККК, 2274.
- Пар. ККК, 2277–2278.
- Пар. ККК, 2280–2283.
- Пар. ККК, 2284–2301. ,14 Пар. ККК, 2327–2328.