Гэтая няпростая любоў

«Не бойцеся дзяцей» — так называлася наша гутарка з сястрой эўхарысткай Наталляй Арлянковіч, якая служыць у Друі («Ave Maria», №10, 2015). Гутарка выклікала водгукі і засведчыла, што праблема выхавання і стаўлення грамадства да дзяцей з дзіцячых дамоў актуальная. І вось праз год мы зноў вяртаемся да гэтай праблемы.

Я зноў у Друі. Мы з сястрой Наталляй Арлянковіч п’ем гарбату ў кляштары ды паціху размаўляем пра яе сяброў з дзіцячага дома. Сяброў у яе шмат: і сярод выхаванцаў, і сярод выхавацеляў. Сястра Наталля напрыканцы мінулай вясны абараніла дыпломную працу ва Універсітэце павышэння кваліфікацыі і атрымала яшчэ адзін дыплом — псіхолага. Раней яна атрымала тэалагічную адукацыю ў Варшаве.

— Сястра Наталля, а навошта гэта Вам? — пытаюся, можа, й не надта тактоўна. — Вы служыце Богу ў манаскай супольнасці сясцёр эўхарыстак, рэалізуеце сваё пакліканне. Хіба гэтага мала?

— Ну вось… аказалася мала, — смяецца сястра Наталля. — А гэта ўсё — дзеці з дзіцячага дома! Яны натхнілі мяне атрымаць яшчэ адну адукацыю…

І сястра Наталля распавядае, як у свой час яна ўсур’ёз спалохалася, калі ўбачыла, што дзетдомаўцы надта ж пачалі прывязвацца да яе. Быў страх найперш за іх, бо пасеяць надзею ў сэрцы дзіцяці не так ужо й цяжка. А што потым? Ці не прыйдзе яшчэ большае расчараванне для такога дзіцяці? Патэлефанавала псіхолагу, папрасіла парады, а тая мудра сказала, што лепш няхай яны да яе прывязваюцца, чым да кагосьці, хто прынясе ім шкоду. Тады і пачала сястра Наталля задумвацца над тым, каб падвучыцца.

...Нашу размову перапыніў званок у дзверы: гэта са школы вярталіся два хлопцы, выхаванцы дзіцячага дома, і забеглі да сясцёр. Проста так, на хвілінку, для таго, каб запытаць, як справы, альбо расказаць, што сёння было ў школе ці ў дзетдоме. Ды ці мала пра што можна пагаварыць з сябрамі? І сястра Наталля, і сястра Ірэна, і сястра Эдварда, якая ўжо ў паважаным узросце, але не стамляецца падтрымліваць дзяцей малітвай, а цяпер і сястра Лілія, якая не так даўно прыехала ў друйскі кляштар, — усе яны сябры дзяцей з тутэйшага дзіцячага дома. І як жа добра, калі ёсць месца, апроч дзетдома, дзе гэтым дзецям заўсёды рады! Яны не ведаюць, колькі сёстры моляцца за іх, просяць у Пана Бога для сябе мудрасці, разважлівасці, каб не нашкодзіць тым, хто ім паверыў. Бо, як напісаў мудры Антуан дэ Сэнт­Экзюперы: «Ты назаўсёды ў адказнасці за тых, каго прыручыў».

...Так сталася, што сястра Наталля працавала над вельмі складанай тэмай для свайго дыплома: яна разважала пра тое, чаму выхаванцы дзіцячых дамоў так часта праяўляюць агрэсію ў стасунках з равес­ні­камі з сем’яў, з настаўнікамі, з людзьмі ў грамадскіх месцах.

— Не дзеці вінаватыя ў гэ­тым, — сцвярджае сястра На­талля. — Корань праблемы — у тых няпростых гісторыях, якія яны перажылі, у крыўдах, нанесеных ім самымі блізкімі людзьмі, найчасцей, бацькамі.

Гэта — крыўды, якія баляць гадамі. Гэта — дэфіцыт лю­бові, і таму гэтыя дзеці па­во­дзіць сябе інакш проста не ўмеюць. Яны часам не ў стане самастойна пазбыцца сваёй варожасці да ўсяго свету, да ўсіх, хто жыве побач з імі ў гэтым свеце.  Дык хіба можам мы, якія нічога падобнага не зведалі, патрабаваць ад іх дабрыні, сумленнасці, шчырасці?

Памятаю, як, прыяз­джаю­чы ў Друю, я чула пра тое, што ў кагосьці прапаў мабільнік, альбо ў кагосьці з мясцовых жыхароў знікла нейкая рэч альбо здарылася штосьці непамыснае… І што найхутчэй можна было пачуць?

— Без дзетдомаўцаў тут не абышлося!

За такімі здагадкамі стаялі гады жыцця побач з імі. І, на жаль, вельмі часта змрочныя здагадкі пацвярджаліся. Дык няўжо няма ніякай надзеі на тое, што гэтыя дзеці могуць паводзіць сябе інакш? Што ўрэшце можа змя­ніць іх?

— Трэба, каб змяніліся нашыя адносіны да гэтых дзяцей, — перакананая сястра Наталля.

— Паверце: выхаванне любоўю можа тварыць цуды! Вельмі важна, каб дзіця мела каму даверыць свой боль, расчараванні, крыўды. Любіць — гэта найперш выхоў­ваць. Пагладзіць па галаве лёгка, а вось прысвяціць час такому падлетку — гэта ўжо па­хрысціянску. І не трэба баяцца гаварыць такім дзецям пра тое, што не толькі ў іх шмат болю і крыўды.

Слухаю сястру Наталлю і думаю пра тое, што ў Друі намаганнямі выхавацеляў, настаўнікаў, сясцёр, парафіянаў ужо шмат робіцца менавіта ў гэтым кірунку. Напрыклад, парафіяне на просьбу пробашча Сяргея Сурыновіча возьмуць ды напякуць смачнага печыва, каб выхаванцы дзіцячага дома маглі разам з сёстрамі аднесці на нейкае свята гэтыя падарункі адзінокім састарэлым у сацыяльны прытулак. Сапраўды, чалавеку нашмат лягчэй, калі ён выходзіць за межы сваіх праблемаў — тады ён нібы раскрывае шырока свае вочы і заўважае, што іншыя таксама перажываюць не меншыя праблемы.

Параненае дзіця можа толькі тады паверыць даросламу чалавеку, калі ўбачыць, што гэты чалавек усур’ёз ставіцца да яго, не шкадуе для яго свайго часу. Мы ж часта жадаем хуценька проста «адкупіцца» цукеркай ці нейкім даражэйшым падарункам. Мы беражэм свой час. Але ці варта эканоміць яго коштам іншага чалавека, якому патрэбна тваё слова, парада, твой жэст, нават проста прыязная ўсмешка?

— Патрабаваць ад выхаванцаў дзетдома быць добрымі і сумленнымі, безумоўна, трэба, — кажа сястра Наталля, — але толькі пасля таго, калі ўвойдзеш у свет гэтага дзіцяці, напрацуешся для яго, не шкадуючы часу, калі заслужыш давер гэтага зраненага чалавека, станеш ягоным сябрам. Калі ж пачнеш з патрабаванняў, то вынік будзе непрадказальны.

Любоў — гэта ж радасць! Але яна павінна прабівацца да іх сэрцаў. Менавіта прабівацца, бо гэтыя дзеці ўжо напоўненыя недаверам да ўсіх і ўсяго, што з імі адбываецца. Ім цяжка паверыць у дабро.

Ведаеце, як мне балюча было пачуць ад аднаго хлопчыка,  які сказаў мне ў часе тэсціравання: «А я разумею, чаму Вы так шмат з намі тут возіцеся. Вы хочаце здаць мяне ў псіхушку!». Страх, недавер, чаканне ашуканства — праз усё гэта трэба прайсці, калі ты ўсур’ёз хочаш дапамагчы ім.

Дык як жа мы, жывучы ў сваіх сем’ях, вырашаючы штодня шмат праблемаў (зрэшты, і нам не соладка жывецца кожны дзень) — як мы можам уплываць на гэтых зраненых крыўдамі, болем, недаверам дзяцей? Альбо нас гэта ўсё не датычыцца? Можа, усё гэта — справы педагогаў, выхавацеляў, сясцёр у Друі або валанцёраў, якія час ад часу наведваюцца ў дзіцячы дом…

Пагаворым пра гэта ў наступным нумары нашага часопіса.


Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней