Іслам і рэлігійная свабода

Другі Ватыканскі Сабор у сваёй дэкларацыі «Dignitatis humanae» сцвярджае, што «чалавечая асоба мае права на рэлігійную свабоду. Гэтая свабода заключаецца ў тым, што ўсе людзі павінны быць свабодныя ад прымусу з боку іншых асобаў або сацыяльных групаў і любой чалавечай улады, каб у рэлігійных справах ніхто не быў змушаны дзейнічаць насуперак свайму сумленню, прыватна ці публічна, паасобку ці разам з іншымі» (DH, 2).


Годнасць чалавечай асобы з’яўляецца падставаю сацыяльнага вучэння Касцёла. Касцёл абараняе гэтую годнасць і клапоціцца аб тым, каб свабода асобы была прызнанаю і гарантаванаю дзяржаўнаю ўладаю ва ўсіх яе аспектах. Касцёл настойвае на гэтым, бо ў мінулым мае досвед розных палітычных сістэмаў, ідэалогій, якія варожа ставіліся да гэтай свабоды і хацелі яе абмежаваць або змадэляваць у адпаведнасці з іх уласнай ідэалогіяй.

Заходняя хрысціянская цывілізацыя павінна ўвесь час настойваць на тым, каб іслам як рэлігія і цывілізацыя ўвёў у сваю светапоглядную канцэпцыю паняцце рэлігійнай свабоды — асноўнага права чалавека, калі вызнаўца гэтай рэлігіі не павінен зведваць ніякага прымусу, мець права паступаць паводле свайго сумлення і калі мусульмане могуць змяняць сваё веравызнанне без пакарання з боку дзяржаўных уладаў. 

У апошнія месяцы мы чулі, што ў Марока на чале з каралём Мухамедам VI, які праводзіць адкрытую палітыку, быў скасаваны закон смяротнага пакарання для тых, хто пераходзіць у іншае веравызнанне. Ёсць паказчыкі добрага кірунку, але, на жаль, вельмі рэдка сярод ісламскага свету мы бачым прыхільнасць да дыялогу. Вельмі актуальнымі з’яўляюцца словы папы Бэнэдыкта пра неабходнасць выкарыстання розуму ў пытаннях рэлігіі, каб фідэізм (філасофскае вучэнне, якое сцвярджае перавагу веры над розумам. — В. К.) — вельмі распаўсюджаны сярод мусульманаў — не прывёў да гвалту як абароны сваёй веры, што часта трансфармуецца ў тэрарызм.

Папа Францішак нядаўна прымаў некалькі імамаў з Вялікабрытаніі для размовы з імі. Дыялог паміж людзьмі розных рэлігій дапамагае іх вызнаўцам не станавіцца фанатыкамі. Рэлігійная нянавісць можа прывесці да вайны або тэрарызму.

У гісторыі Каталіцкага Касцёла быў час, калі хрысціяне разам з іерархамі не змаглі правільна зразумець словы Хрыста, сказаныя Пятру: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?» (Мц 26, 52–53). Сапраўды, толькі праўда абараняецца моцаю самой праўды, а прымус безвыніковы ў пытаннях веры: ён не пераканае і не пераможа.

У імя рэлігіі апраўдваліся шматлікія ўчынкі нецярпімасці, дыскрымінацыі і пераследу. 12 сакавіка 2000 г. папа Ян Павел II у базыліцы св. Пятра разам з кардыналамі рымскай курыі ўчыніў акт прабачэння ў межах святкавання юбілею хрысціянства. Папа з вялікаю любоўю пацалаваў выяву ўкрыжаванага Езуса, папрасіўшы перад гэтым прабачэння за рознагалоссе паміж хрысціянамі, за памылкі Касцёла, за выпадкі недаверлівага і варожага стаўлення да з паслядоўнікаў іншых рэлігій і веравызнанняў.

Там, дзе ёсць свабода веравызнання, рэлігійная і палітычная ўлады павінны быць раздзельнымі. Рэлігійная свабода гарантуе таксама адсутнасць насілля ў вызнаванні пэўнай рэлігіі, яна прадухіляе войны і тэрарызм. Зразумела, што забяспечыць рэлігійную свабоду цяжка ў краінах з мусульманскай большасцю, як, напрыклад, у Саудаўскай Аравіі. Але ў гэтым кантэксце варта паглядзець на супольнасці вызнаўцаў ісламу менавіта ў Еўропе. Трэба пайсці насустрач гэтым людзям і размаўляць з імі, каб яны прызнавалі права на свабоду як неад’емнае права чалавека, якое ўваходзіць у аснову еўрапейскага права.

Дыялог і толькі дыялог. Добрыя весткі працягваюць радаваць. Напрыклад, 11 сакавіка прэса пісала пра сустрэчу хрысціянскіх, мусульманскіх і індуісцкіх лідараў у Лахоры — гістарычным месцы сур’ёзных канфліктаў — яны падпісалі разам дакумент, які заахвочвае да агульнай павагі сімвалаў і фігураў розных рэлігій. Акрамя таго, пачалася рэалізацыя праграмы супраць тэрарызму ў рэгіёне. Але, нягледзячы на гэтыя крокі, існуючыя праблемы застаюцца актуальнымі, як, напрыклад, у Інданэзіі, дзе блюзнерства па-ранейшаму караецца смерцю.

Гэтыя пытанні няпростыя, але трэба рабіць усё, каб паслядоўнікі іншых рэлігій, якія жывуць у дэмакратычных краінах, пагаджаліся з абвяшчэннем свабоды веравызнання ў розных дзяржаўных дэкларацыях. Варта працытаваць самы ранні дакумент міжнародных зносінаў, дзе закранаецца пытанне права на свабоду веравызнання. Гэта Амерыканская дэкларацыя правоў і абавязкаў чалавека, выдадзеная Інтэр-амерыканскай IX канферэнцыяй, падпісаная ў Багаце 2 мая 1948 г. У трэцім артыкуле гэтага дакумента чытаем: «Кожны чалавек мае права свабодна вызнаваць сваю рэлігійную веру і рэалізоўваць яе прыватна і публічна». Праз некалькі месяцаў Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, у 18-м артыкуле якой гаворыцца і аб свабодзе веравызнання тымі самымі словамі.


Ксёндз Ігнацый Солер
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле KAI

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней