Досвед пандэміі. Размова-асэнсаванне новага вопыту

«Любоў, салідарнасць, узаемадапамога, жыццё — гэта самае каштоўнае і найлепшае з таго, што чалавек мае ў гэтым свеце. Шкада, што нам патрэбны такі страшны досвед, каб пра гэта ўзгадаць. Але, дзякуй Богу, мы ўзгадалі».


Інтэрв'ю з а. Паўлам Крупам ОР — дамініканінам, гісторыкам-медыевістам. Айцец доўга працаваў у Францыі і Італіі, пазней быў дырэктарам Інстытута св. Тамаша Аквінскага ў Варшаве. Аўтар шматлікіх кніг і публікацый. Цяпер служыць у Санкт-Пецярбургу, у базыліцы. св. Кацярыны Александрыйскай.

— Мы цяпер перажываем няпросты досвед: немагчымасць кантраляваць уласнае жыццё, выносіць адзінае правільнае суджэнне або прыняць рашэнне. Як не стаць героямі прыпавессці пра мытніка і фарысея, не лічыць сябе лепшымі за іншых, як нам арыентавацца ў патоку інфармацыі і меркаванняў?

— Мне здаецца, неабходна слухаць, што гаворыць нам Бог: не асуджайце, і не будзеце асуджаныя. Нам можа быць карысна такое аскетычнае практыкаванне — не абмяркоўваць чужыя рашэнні. Да мяне даходзіць розная інфармацыя, але я стрымаюся і не буду нікога асуджаць. Узгадайма псальміста, які гаворыць: што б ні здарылася, я буду спадзявацца на Пана… Нас да гэтага запрашаюць цяперашнія абставіны: можна атрымаць карысны і радасны досвед вызвалення ад цяжару, які мы самі на сябе ўскладаем — цяжару абавязку судзіць іншых людзей.

— Чаму людзі судзяць пра хваробу настолькі па-рознаму?

— У Польшчы ёсць іранічная прыказка, якая перакладаецца прыблізна так: «Пункт гледжання залежыць ад пункту седжання». Гэта праўда. Тыя з нас, хто здаровы або перанёс хваробу лёгка, у каго ніхто з сям’і і знаёмых не захварэў, абураюцца: дзеля чаго нам ізалявацца, абмяжоўваць перамяшчэнні і кантакты? Гэта ўсё лухта, самая звычайная хвароба, бяспечная для большасці людзей. А тыя, хто страціў родных, і дактары, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19 і кожны дзень бачаць цяжка хворых і паміраючых, гавораць, што сітуацыя сур’ёзная.

Калі пандэмія скончыцца, нам цяжка будзе суаднесці гэтыя ўспаміны: настолькі яны будуць адрознівацца. У кагосьці застанецца трагічны досвед, а нехта запомніць толькі тое, як нудна было сядзець дома, нехта будзе радасна ўзгадваць, як можна было, не спыняючыся, гуляць у гульні і глядзець серыялы, а нехта будзе шкадаваць, што адпачынак прапаў…

— Так, адна справа, калі адпачынак сарваўся, а іншае, калі памерлі блізкія.

— І гэта далёка не ўсё. Ёсць яшчэ вялікая група людзей, якія моцна пацярпелі матэрыяльна, засталіся без працы, без сродкаў. Што ім рабіць? Калі пандэмія скончыцца, яны працягнуць змагацца за існаванне. Але добра, што мы разважаем пра ўсё гэта цяпер, імкнемся зразумець, што адбываецца, — гэта будзе неабходна, каб усвядоміць усе абставіны і сітуацыі, у якіх аказаліся людзі.

— Разгарэліся спрэчкі сярод вернікаў: ці правільна, што адразу былі замкнутыя касцёлы і цэрквы? Ці працягваць хадзіць на Імшы, калі гэта не ўхваляе біскуп? А калі не пайсці — значыць, маем слабую веру? З іншага боку, калі выпадкова стаць прычынаю смерці іншага чалавека, як з гэтым жыць?

— Скажу так: я разумею тых, хто падчас пандэміі імкнецца ў святыні, і тых, хто застаецца дома, і паважаю і адных, і другіх. Добра, калі я хачу пайсці на Імшу і гатовы прыняць смерць, таму што для мяне Камунія важнейшая за ўласнае жыццё. Але хто здольны ўзяць на сябе адказнасць за жыццё іншага чалавека, заразіўшы яго, няхай нават выпадкова? Нехта скажа: гэта мой выбар. Але існуе таксама адказнасць грамадства, Касцёла як інстытуцыі, і таму дзеля агульнага дабра прымаюцца рашэнні, якія нас абмяжоўваюць, каб абараніць тых, хто мае не такое моцнае здароўе і, магчыма, не такую моцную веру.

Прывяду прыклад з часоў апосталаў. Тады ахвяры ў паганскіх святынях спальвалі не цалкам, і частку мяса прадавалі па зніжаным кошце. Хрысціяне задавалі сабе пытанне, ці можна яго есці. Апостал Павел патлумачыў, што няма забароны есці гэтае мяса, бо паганскіх бажкоў не існуе, але папярэдзіў: «Але глядзіце, каб вашая свабода не стала прычынай упадку для слабых» (1 Кар 8, 9). Калі мы сваім розумам і свабодай можам давесці некага да граху, трэба падумаць, ці варта гэтак чыніць. Я магу перайсці на чырвонае святло дарогу, калі на ёй няма машын, бо нясу за сябе адказнасць. Але калі побач са мною будзе нехта, асабліва дзіця, я пачакаю, пакуль запаліцца зялёнае святло, каб не падаць некаму дрэнны, неадназначны прыклад.

Падумайце: магчыма, для некага сведчанне таго, што вы стрымаліся і засталіся маліцца дома, каб захаваць здароўе бліжніх, будзе важнейшае і мацнейшае за рызыку, бо ў гэтай рызыцы — не толькі нашыя адносіны да Бога, але і нелюбоў да брата. Так, мы ведаем, што ёсць вечнае жыццё і не варта баяцца смерці, але як узяць на сябе адказнасць за жыццё іншага чалавека? Як узяць на сябе боль і сум ягоных блізкіх? Нельга паводзіць сябе так, быццам я — Пан Бог, не маючы здольнасці прадбачыць наступствы сваіх рашэнняў. Я паважаю людзей, якія пратэстуюць супраць таго, што святыні пазачынялі занадта хутка і не спяшаюцца адчыняць, паважаю іх прагненне быць бліжэй да Бога. Я таксама стаў святаром не для таго, каб служыць святую Імшу на камеру, і разумею іх абурэнне. Але прашу паважаць таксама тых, хто рашае застацца дома не ад страху заразіцца, а ад страху стаць прычынаю чыіхсьці пакутаў або смерці.

— Уявіце сітуацыю: чалавек, імкнучыся падтрымліваць адносіны з Богам, прыходзіць у святыню, заражаецца і памірае. Гэта пакутніцтва?

— Магчыма так, а магчыма — не, усё залежыць ад яго інтэнцыі, ад таго, ці ёсць у ягоным учынку сведчанне любові — не перад людзьмі, а перад Богам? Мы ведаем мноства прыкладаў, калі людзі з любові падчас эпідэмій прысвячалі свае сілы, час, веды, каб дапамагаць хворым, і самі гінулі. Так, у нейкім сэнсе яны пакутнікі, але тут больш пасуе слова «сведчанне», бо ўсё ж пакутніцтва — гэта смерць ад пераследу за веру. У іерархіі святых ёсць слова «сведкі», гэта акурат тое, пра што мы гаворым. Але Касцёл заўсёды выступае супраць таго, каб чалавек рызыкаваў сваім і чужым жыццём, жадаючы атрымаць пальму пакутніцтва або сведчання. Гэта павінен быць шчыры ўчынак з любові, а не з разліку.

— Яшчэ на самым пачатку эпідэміі цяжка было зразумець, чаму касцёлы пазамыкалі ў першую чаргу, а рэстараны і крамы працягвалі працаваць. Гэта выглядала двудушна. Выходзіць, што духоўныя патрэбы чалавека ўжо не лічацца першаснымі?

— Не магу ўстрымацца ад іроніі: замкнуўшы ў першую чаргу касцёлы і цэрквы, улады, напэўна, думалі, што там натоўпы людзей, а значыць, самі яны туды не ходзяць. Але ў іроніі ёсць доля праўды: урады дзяржаваў паказалі, што не разумеюць, што такое літургія і асабістая малітва. Можна было б забараніць публічную літургію, але не замыкаць святыні, каб людзі маглі ўвайсці і памаліцца асабіста, атрымаць духоўную падтрымку. Відаць па ўсім, што еўрапейская культура траціць разуменне значэння веры ў жыцці чалавека. Мы схіляемся да картэзіянства, філасофіі Дэкарта, які сцвярджаў, што ўсё цялеснае не мае значэння. Аднак чалавек — гэта і цела, і душа, нам неабходна пайсці і ўкленчыць у святыні, нам неабходныя сакрамэнты. Пан Бог цудоўна гэта разумее і даў людзям такую магчымасць. І таму вернікі заўсёды будавалі святыні. Доля праўды ёсць і ў тым, што не ўсе палітыкі любяць хрысціянства, і, на жаль, многія імкнуцца абмежаваць уплыў Касцёла, калі з’яўляецца магчымасць гэта зрабіць. Чэстэртан часта казаў: калі людзі перастануць верыць у Бога, яны будуць верыць у нешта іншае. І мы бачым гэта.

— Як пандэмія можа паўплываць на прывычныя нам формы рэлігійнага жыцця?

— Пандэмія каранавіруса прымусіла нас задумацца пра асабістую духоўную адказнасць. Якое значэнне мае для мяне духоўнае жыццё? Ці пайду я на Імшу, няхай і віртуальна, калі я дома і ніхто мяне не бачыць і не асудзіць?

Магчыма ў Расіі (гэтак жа, як і ў Беларусі, — заўв. рэд.), гэтая праблема не такая актуальная. Тут вера — гэта нешта вельмі асабістае, шчырае, але ў многіх еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Польшчы, гэта частка грамадскага жыцця — усе ідуць на Імшу, а пасля на каву. Шмат людзей лічыць, што, каб выканаць рэлігійны абавязак, дастаткова хадзіць у касцёл па нядзелях. Цяпер гэтыя пытанні сталі вельмі востра.

Аднак ёсць святары і свецкія людзі, якія арганізуюцца самі, напрыклад, каб прайсці духоўныя практыкаванні, або разам моляцца на ружанцы. Гэта цудоўна! Многія адкрылі для сябе досвед хатняга касцёла: перад трансляцыяй святой Імшы ставяць свечкі каля камп’ютара, абраз, кветкі, каб урачыста перажыць гэты досвед. Святыня прыйшла у дом, і гэта адсылае нас да Касцёла першых стагоддзяў, бо да III–IV ст. святыняў увогуле не будавалі, былі толькі хатнія малітоўныя супольнасці. Вяртанне да каранёў можа дапамагчы нам зразумець, што літургія бывае не толькі афіцыйная, далёкая, урачыстая, але і блізкая, хатняя.

Гэта добра, але таксама можа несці небяспеку. Каб рэлігійнае жыццё было сапраўдным, а не стэрыльным, неабходна пагружацца ў рэальнасць, прымаць яе: і бабулек, якія шэпчуцца падчас святой Імшы, і холад у касцёле. Прабачце за параўнанне, але яно здаецца мне вельмі дакладным: гэта як фільмы пра любоў і рэальнае сужэнскае жыццё. Не сустрэўшыся з іншым чалавекам, з усім добрым і дрэнным, прыгожым і непрыгожым, што ў ім ёсць, я не здолею сустрэцца з самім сабою. Проста сядзець каля экрана і сустракацца з рэальнасцю — гэта розныя рэчы. Сапраўдная рэлігія патрабуе праўды, а праўда недасканалая. Таму так важна для духоўнага жыцця выйсці з дома, сутыкнуцца з недасканалым, але сапраўдным, інакш рэлігія стане толькі практыкаваннем для мозгу. Да таго ж, мне здаецца, мы сталі пакрысе забывацца пра тое, якая каштоўная магчымасць проста так зайсці ў святыню. У гэтым годзе, падчас Вялікага посту нам трэба было нанова адкрыць для сябе гэтую радасць.

— Чым карысны для сучаснага чалавека досвед жыцця ў ізаляцыі, амаль жыцця ў пустэльні?

— Я не назваў бы гэта жыццём у пустэльні — мы не пакідаем свет, калі маем тэлефон і камп’ютар. Гэта, хутчэй, досвед абмежаванняў і адзіноты. Чалавек заўсёды шукае выйсця з адзіноты. Многія «выходзяць» у экран смартфона і камп’ютара, але вельмі хутка адкрываюць, што гэта падманнае выйсце, не тое, чаго яны насамрэч прагнуць. Яны знаходзяць межы віртуальнага свету. Колькі можна глядзець фільмы, навіны, мемы? Колькі можна гаварыць па тэлефоне? Заўважце, як шмат пішуць у інтэрнэце пра тое, чым можна заняцца ў адзіноце, пачынаючы з прыборкі і скончваючы адукацыйнымі курсамі.

Многія людзі, спадзяюся, цяпер адкрылі для сябе духоўнае жыццё. Законніцы, у якіх я служыў капеланам, перш чым прыехаць у Расію, паведамілі мне, што сталі атрымліваць шмат лістоў з пытаннем, як жыць. А неяк раней адна з сясцёр гаварыла: «Тут, у кляштары, паўсюль сцены, нават у садзе. Выхад толькі адзін — у неба». І праўда, там межаў няма. Паўсюль, куды б мы ні імкнуліся, ёсць межы. Раней ці пазней кожнаму давядзецца ўперціся ў сцяну, а гэтае выйсце дае нам бязмежныя магчымасці рухацца далей. Спадзяюся, ёсць тыя, хто гэта зразумеў.

Яшчэ адзін важны ўрок адзіноты — зразумець, што мы недасканалыя. Гэта ж, дарэчы, і першы ўрок жыцця ў пустэльні — усведамленне ўласнай слабасці. Важна не спыняцца на гэтым, наступны крок — усвядоміць Божую міласэрнасць, а пасля — радасць і свабоду жыцця з Богам. Важна не апускаць рукі, а рабіць нешта, няхай не заўсёды гэта будзе дасканала.

— Як змагацца са страхам будучыні, які мы адчуваем цяпер?

— Раней у гарадах коням на вочы надзявалі шоры, каб яны глядзелі толькі наперад і не вельмі палохаліся таго, што адбываецца навокал. Думаю, ў нашым жыцці таксама бываюць патрэбныя шоры. Паўсюль гавораць пра тое, як зменіцца свет, але ніхто не ведае дакладна, што будзе. Узгадайце, што гаварылі пра будучыню некалькі месяцаў таму, год таму — ад тых намераў і задумаў нічога не засталося. Гэта ўрок для нас: не планаваць далёка наперад. Неабходна думаць пра сваю будучыню і пра тых, хто ад нас залежыць, але, калі думаць задоўга і зашмат, можна спалохацца ўласных думак. Застаецца надзець шоры і проста ісці наперад, крок за крокам, робячы ўсё магчымае.

— Які самы галоўны ўрок чалавецтва павінна вынесці з сённяшняй сітуацыі?

— Такі самы, як з іншых падобных сітуацый: любоў, салідарнасць, узаемадапамога, жыццё — гэта самае каштоўнае і найлепшае з таго, што чалавек мае ў гэтым свеце. Шкада, што нам патрэбны такі страшны досвед, каб пра гэта ўзгадаць. Але, дзякуй Богу, мы ўзгадалі, і паглядзіце, колькі цудоўных прыкладаў любові, клопату, спачування мы бачым, насуперак усяму. Галоўная думка амаль кожнага галівудскага фільма заключаецца ў тым, што любую праблему, нават іншапланетнае нашэсце, можна вырашыць, калі людзі пачынаюць супрацоўнічаць, аб’ядноўваюцца, забываюць пра сваркі. Але ж гэта і ёсць хрысціянства. Узгадайце старажытны гімн Ubi Caritas: «Там, дзе ёсць узаемная любоў і міласць, там ёсць Бог. Няхай скончацца сваркі, а замест іх запануе Езус, наш Пан».


Размаўляла Юлія Косава
Па матэрыялах часопіса «В пути», 06/2020
Фота: Віталій Палінеўскі, catholic.by

 

 

Цэтлікі: Меркаванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней