Касцёл у Беларусі: «каб усе былі адно»?

У нашай мове слова «касцёл» мае, як вядома, некалькі значэняў: Касцёл як супольнасць, касцёл як будынак, як іерархія ці Апостальская Сталіца. Але ці ёсць у нас яснае разуменне Касцёла як Ἐκκλησία (сходу, супольнасці)? Ці ёсць еднасць паміж дзвюма часткамі гэтай супольнасці: духавенствам і свецкімі? З нагоды 30-годдзя адраджэння касцёльных структураў у Беларусі я вырашыла з дапамогаю саміх католікаў адказаць на гэтыя і іншыя пытанні.


Праз нашыя старонкі «Ave Maria» ў сацыяльных сетках мы распаўсюдзілі апытанку, на якую адказала 72 свецкіх католікі, за што я кожнаму вельмі ўдзячная. У аснову гэтага артыкула легла выбарачная статыстыка з анкеты, а таксама цікавыя заканамернасці, якія ўдалося прасачыць у адказах на пытанні. Мне як чалавеку, у якога вока навострана на праблемы, вельмі хочацца паразмаўляць і пра іх, тым больш што многія з анкетаваных дзяліліся сапраўды важнымі назіраннямі. Спадзяюся, вынікі гэтай апытанкі дазволяць нам убачыць нешта, чаго мы не заўважаем ці не хочам заўважаць, і пакінуць нас з пытаннямі для роздуму.

Пачнем з добрых навінаў. На пытанне «Што для цябе азначае слова „Касцёл“?» амаль 85% апытаных (гэта 60 чалавек) адказалі, што для іх гэта ў першую чаргу супольнасць веруючых у Хрыста. 42 чалавекі сказалі, што для іх быць часткаю Касцёла азначае ўдельнічаць у жыцці супольнасці, 36 чалавек адказалі таксама, што для іх гэта маліцца з іншымі вернікамі, 29 з апытаных адзначылі, што для іх быць часткаю Касцёла — гэта адчуваць сябе патрэбнымі і пачутымі, а для 27- мі чалавек гэта азначае адчуваць сябе часткаю чагосьці вялікага (старажытнай традыцыі, самай распаўсюджанай рэлігіі і г.д.) Так апытаныя разумеюць, што значыць быць часткаю Касцёла. Для 64,8% апытаных (гэта 46 чалавек) гэтыя адказы спраўджваюцца ў іх жыцці, бо на пытанне, ці адчуваюць сябе часткаю Касцёла, яны адказалі «так». 20 чалавек далі адказ «Хутчэй так, чым не». Цікава, што палова з іх — гэта людзі ва ўзросце ад 18-ці да 29-ці гадоў, прытым што наогул у апытанцы прынялі ўдзел 16 чалавек гэтай узроставай катэгорыі. Чаму яны не далі адназначнага адказу?

Магчыма, гэта звязана з асаблівасцямі гэтага пакалення, з больш крытычным стаўленнем да рэчаіснасці, а магчыма, з лічбавай стомленасцю ці стратаю аўтарытэтаў.

Цяжка сказаць, але думаю, што гэта сімптом, на які варта звярнуць увагу.

Для мяне больш цікавай стала невялікая група рэспандэнтаў, якія на пытанне аб тым, ці адчуваюць яны сябе часткаю Касцёла, далі адмоўны адказ ці выбралі варыянт «Хутчэй не, чым так», — гэта 7% апытаных (5 чалавек). У адрозненне ад іншых, у якіх адчуванне сябе часткаю Касцёла звязана з пазітыўнымі эмоцыямі, гэтыя рэспандэнты адчуваюць крыўду, злосць і сорам. Сярод прычынаў, якія не дазваляюць ім адчуваць сябе часткаю Касцёла называюцца: уласная абыякавасць, расчараванне Касцёлам, асабліва духавенствам, у прыватнасці той факт, што ўсё ў парафіі сканцэнтравана ў руках ксяндза. Для тых, хто даў станоўчы адказ, важнымі фактарамі былі названыя служэнне ў парафіі, удзел у сакрамэнтах, вера, еднасць з Богам, малітва. Некаторыя казалі, што, хоць яны і адчуваюць сябе часткаю Касцёла, але не могуць знайсці ў ім свайго месца.

Асабіста для мяне вельмі важнай часткаю анкеты сталі пытанні пра «выклікі гэтага свету». Гэтую фразу часта можна пачуць падчас казанняў, але ці няма дысанансу паміж тым, што мы чуем з амбоны, і тымі выклікамі, з якімі сутыкаюцца самі свецкія? Сярод «выклікаў свету», пра якія рэспандэнты чуюць ад святароў, найбольш часта называюцца: секулярызацыя, бездухоўнасць, матэрыялізм, распуста, праблемы абароны жыцця і сям’і, тэхналагізацыя свету, залежнасці. 

У адказе на пытанне, з якімі выклікамі ў жыцці сутыкаюцца самі рэспандэнты, гучалі і праблемы матэрыяльнага дабрабыту любым коштам, і абортаў, і войнаў, і неспакою ў свеце, і залежнасцяў, і распусты. Гэта значыць, што некаторыя праблемы паўтараліся. Але рэспандэнты пісалі і пра іншыя цяжкасці, і яны, на маю думку, гучаць больш канкрэтна, больш прадметна. Сярод іншага — гэта зайздрасць, эмацыйная нясталасць, няўменне будаваць здаровыя адносіны, абыякавасць да чалавека, стаўленне да асобаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, недахоп прыкладаў жывой веры сярод хрысціянаў, праблема існавання ў нехрысціянскім асяроддзі, пыха і прагнасць, цяжкасці з малітваю, пытанне трываласці ў веры. Большасць рэспандэнтаў на пытанне, ці бачаць яны сувязь паміж рыторыкай духавенства пра «выклікі свету» і рэальнымі праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца, адказала станоўча («так», або «хутчэй так, чым не»), 20% дала адмоўную ацэнку гэтай сувязі.

20% — не такая маленькая лічба, таму паглядзім, як рэспандэнты адказалі на пытанне пра тое, ці вядзе духавенства і іерархія Касцёла дыялог са свецкімі, каб пачуць пра сапраўдныя праблемы, з якімі мы сутыкаемся, і дапамагчы нам з імі справіцца, бо мала праблему назваць: трэба знайці яе вырашэнне. Больш за палову апытаных, а гэта 54,9%, адказала, што дыялог ёсць і духавенства імкнецца дапамагаць свецкім вырашаць іх пытанні. 26,7% рэспандэнтаў адзначылі, што дыялог ёсць, але праблемы ніхто не дапамагае вырашаць. Тут мне хацелася б сказаць і пра пэўныя ўдакладненні, пра якія казалі людзі: напрыклад, пра фармальнасць гэтага дыялогу, ці пра тое, што намаганні дыялогу робяцца, але кожны бок па-свойму яго інтэрпрэтуе, некаторыя адзначалі, што наяўнасць дыялогу залежыць ад адкрытасці святара. 9,9% рэспандэнтаў адказалі, што дыялогу няма і свае праблемы свецкія вырашаюць самі.

У мяне як у аўтаркі гэтай апытанкі не было мэты звярнуць увагу на пэўную пакінутасць свецкіх вернікаў, мне было важна адказаць на пытанне, ці суіснуюць духавенства і свецкія Касцёла ў дыялогу. Усведамляючы нашу беларускую схільнасць да нараканняў, я вырашыла спытаць, якая форма вядзення такога дыялогу была б больш прымальнай для вернікаў. 28% выбралі штогадовае анкетаванне вернікаў парафіі і складанне душпастырскай праграмы ў адпаведнасці з тымі выклікамі, з якімі сутыкаюцца свецкія. 20% прапануюць праводзіць штомесячную раду (у парафіі, а потым з дэлегатамі ад парафій — у дыяцэзіі), дзе свецкія вызначаюць парадак дня. 35% апытаных вернікаў кажуць, што не трэба нічога глабальнага, што павінен будавацца давер паміж душпастырам і парафіянамі. У гэтым выпадку застаецца пытанне, што рабіць, калі святар не адкрыты на дыялог…

Мне было вельмі цікава прасачыць за тым, якія моцныя бакі бачаць католікі ў Касцёле. Сярод іншага былі названыя беларускамоўнасць, смеласць у выказванні сваёй маральнай пазіцыі, катэхізацыя дзяцей і моладзі, блізкасць да людзей, адкры тасць, медыйнасць, ініцыятыў насць, асабліва маладых святароў. Цікава, што пазіцыя Касцёла адносна грамадска-палітычнага крызісу ў дзяржаве выклікала як рэакцыі адабрэння, так і наадварот — некаторыя адзначылі гэта як мінус Касцёла. Сярод іншых праблемаў, якія рэспандэнты назіраюць у сучасным Касцёле ў Беларусі, былі агучаныя: незацікаўленасць святароў у евангелізацыі, слабыя супольнасці, недахоп святароў, у выніку чаго многія парафіяльныя рухі і супольнасці не маюць душпастырскай апекі. Рэспандэнты таксама кажуць пра няўменне святароў дэлегаваць абавязкі ўнутры парафіі і адначасова пра неактыўнасць саміх свецкіх. Іншыя пішуць пра закасцянеласць у традыцыях, недахоп узаемнага клопату, недастатковую катэхізацыю дарослых. Варта згадаць і словы аднаго з рэспандэнтаў, на думку якога «з-за недахопу грошай святары вымушаны займацца пошукам фінансавання будоваў ці рамонту касцёлаў, а гэта аднімае іх час ад таго, дзеля чаго яны сталі святарамі». Не магу не сказаць пра тое, што адзін з апытаных звярнуў увагу на гомасексуалізм сярод святароў. Дык, можа, і ў нас ёсць такія ж з’явы, з якімі сутыкаецца Касцёл за мяжой?

Нягледзячы на мноства пытанняў і праблемаў, католікі мараць. Хтосьці пра тое, каб у Беларусі з’явіўся ўрэшце каталіцкі ўніверсітэт.

Мараць вернікі і служыць Касцёлу сваімі прафесійнымі навыкамі, і адкрыць каталіцкую школу для дзяўчат, і каб кожная парафія была ўключана ў сацыяльнае служэнне.

Хтосьці жадае праводзіць хрысціянскія квэсты з мэтаю евангелізацыі, а хтосьці — стварыць рэсурс па пошуку спецыялістаў католікаў у розных галінах. Адныя думаюць пра тое, каб уключыць у актыўны ўдзел у жыцці Касцёла людзей з інваліднасцю і тых, хто знаходзіцца ў дамах-інтэрнатах, другія — пра стварэнне хатніх групаў з мэтаю ўключэння парафіянаў у жыццё Касцёла. Мараў шмат, і я пералічыла далёка не ўсе, якімі падзяліліся людзі. Але многія пішуць пра тое, што ім не хапае каманды аднадумцаў, а камусьці і часу. Людзі шукаюць прычыну ў сабе, але, не выключаючы і асабістых фактараў, і грамадска-палітычных, мне здаецца, нам як Касцёлу таксама ёсць над чым працаваць унутры супольнасці, каб весці адзін з адным дыялог і падтрымліваць у добрых ініцыятывах.


Дар’я Ахламёнак

Фота: Віталій Пальнеўскі, Catholic.by

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней