Дазволіць прамаўляць Богу

Чарговы раз трываем у часе Вялікага посту, калі Касцёл і кожны вернік, стоячы перад люстэркам Божай святасці і любові, імкнецца аднавіць сябе і сваё пакліканне сярод пагрозаў мітуслівага свету і штодзённых справаў. Час ад часу патрэбныя духоўныя прыпынкі ў нашым жыцці, каб адпачыць і ўдыхнуць свежага паветра Божай прысутнасці і ласкі. Гэтаму асаблівым чынам у часе Вялікага посту служаць малітва, стрыманне, учынкі міласэрнасці, а таксама рэкалекцыі ў нашых парафіях, святарскіх і манаскіх супольнасцях, розныя пакутныя набажэнствы (Крыжовы шлях, Песні жальбы і г. д.). Усё гэта толькі дапамагае чалавеку ў будаванні яго міжасабовых адносінаў з Панам Богам. Трэба, аднак, каб сам чалавек, выкарыстоўваючы святыя практыкі Касцёла, захацеў не толькі гаварыць з Богам, але перадусім слухаць голас Божы ў сваім сэрцы, каб малітва была не маналогам, а жывым дыялогам дзвюх любячых асобаў, якімі з’яўляюцца Бог і чалавек.Таму ў нашых сустрэчах на старонках часопіса ў рубрыцы «Школа малітвы» мы пастараемся заглыбіцца ў гэтую сферу хрысціянскага жыцця.

Кожны верыць… бо аднойчы ён сустрэў Бога — як Абрагам, Майсей, прарокі, Марыя Магдалена, Закхей, Павел, Аўгустын, Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса… Кожную з названых асобаў гэтая сустрэча прывяла да адкрыцця на Бога, пазнання Яго і аддання Яму сябе — прывяла да сяброўства са Стварыцелем. Малітва — гэта лагічнае наступства веры. У людскіх адносінах гэтая сяброўская сувязь можа быць натуральнай. Для сужэнцаў, якія на самай справе любяць адно аднаго, усё, што яны робяць на працягу дня, становіцца нагодай да праяўлення іх узаемнай любові. А гэтае прабыванне разам і ўзаемнае адорванне дабром таксама можна назваць верай. Адначасова чалавек прагне перадаць тое, што схавана ў яго нутры. Сужэнцы таксама на працягу дня чакаюць такога моманту, калі змогуць непасрэдна выказаць сваю ўзаемную любоў. У сваю чаргу гэтую праяву любові ў якасці праяўлення веры ў сябе таксама можна назваць малітвай. Такім чынам, молімся таму, што верым. 

Розныя азначэнні малітвы звяртаюць увагу на некаторыя яе аспекты. Калі падкрэсліваем ролю інтэлекту, то малітва з’яўляецца ўзнясеннем розуму да Бога. Калі кажам пра народную пабожнасць, то малітвай называецца просьба аб тым, што нам вельмі патрэбна… Што ж такое малітва? «Мысленная малітва  ёсць нічым іншым… як выказваннем блізкіх сяброўскіх адносінаў, няспынным аднаўленнем гэтых адносінаў сам-насам з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць», — нагадвае нам св. Тэрэза ад Езуса (Авільская), доктар Касцёла. 

«Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам» (Ян 15, 15). Гэтыя словы Езуса найлепш адлюстроўваюць, якія адносіны Бог прагне стварыць з чалавекам. Чалавек малітвы павінен наблізіцца да Езуса, каб пазнаць Яго, каб зразумець Яго навучанне і рэалізоўваць яго ў жыцці праз наследаванне.

Таму варта памятаць:

• малітва — гэта справа дваіх: Бога, які шукае чалавека, і чалавека, які моліцца, шукаючы Бога;

• падчас малітвы важна, з Кім я прабываю або з Кім прагну быць; што раблю або гавару, мае меншае значэнне;

• у малітве важна перадусім любіць, чым інтэлектуальна разважаць;

• малітва павінна быць сустрэчаю дзвюх асобаў, а не нагодаю для вырашэння справаў.

Бог шукае цябе і стукае ў твае дзверы, каб стаць тваім Сябрам: адчыні! Кожнае прыняцце Бога патрабуе адпаведнага «клімату», таму шукай найлепшага часу, месца і абставінаў, якія спрыяюць малітве. Маліц­ца — значыць трываць у дыялогу, таму пакінь свае бясконцыя малітоўныя маналогі. Вучыся трываць перад Панам Богам, слухаць Яго, не бойся таксама адказваць.  

Малітва вядзе хрысціяніна шляхам адрачэння, крыжа і смерці ягонага «я» да перамянення ў Хрыста і з’яднання з Богам. 

Няхай перыяд Вялікага посту стане добрай нагодаю рабіць духоўныя прыпынкі і напаўняцца паветрам Божай ласкі праз будаванне сяброўскіх адносінаў са Стварыцелем, які аддаў самае каштоўнае — свайго Сына — дзеля адкуплення кожнага з нас.

Айцец Юрый Кулай OCD

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней