Сёння разам з усім Касцёлам мы паўтараем гэтыя словы з асабліваю ўзрушанасцю. Паўтараем іх з тою самаю вераю, з якою менавіта ў гэты дзень яны былі ўпершыню прамоўленыя. Мы прамаўляем іх з тою самаю ўпэўненасцю, якую ў гэтую фразу ўкладвалі непасрэдныя сведкі падзеі...
«На трэці дзень уваскрос».
Гэтаю праўдаю, на якой, нібы на вуглавым камені, трымаецца ўвесь гмах нашай веры, мы хочам сёння наноў дзяліцца паміж сабою. Мы — вызнаўцы Хрыста, мы — хрысціяне, мы — Касцёл.
І разам з тым мы хочам дзяліцца ёю з усімі, хто нас слухае, з усімі людзьмі добрай волі...
Як жа не радавацца перамозе Таго, хто быў замучаны за гэты свет, праз які Ён прайшоў, добра чынячы ўсім (пар. Дз 10, 38) і абвяшчаючы Евангелле валадарства (пар. Мц 4, 24), у якім знайшла ўвасабленне ўся паўната збаўчай дабрыні Бога? У ёй чалавек быў пакліканы да найвышэйшай годнасці.
Як жа не радавацца перамозе Таго, хто так несправядліва быў асуджаны на самую страшную муку і на смерць на крыжы, перамозе Таго, хто з такою нялюдскаю жорсткасцю быў бічаваны і апляваны. Як жа не радавацца аб’яўленню моцы самога Бога, перамозе гэтай моцы над грахом і над засляпеннем людзей? Як не радавацца перамозе, якая канчаткова ўзнесла дабро над злом?
Вось Дзень паўсюднай надзеі. Дзень, у які вакол Уваскрослага збіраюцца і яднаюцца ўсе людскія цярпенні, расчараванні, прыніжэнні, крыжы, патаптаная чалавечая годнасць, абясцэненае людское жыццё, прыгнёт, насілле, усё, што моцным голасам усклікае:
Victimae paschali laudes immolent Christiani. «У светлае свята пасхальнай Ахвяры складайма пашану сваю ёй у дары».
Уваскрослы не аддаляецца ад нас; Уваскрослы вяртаецца да нас... Спакой вам! (пар. Ян 20, 19). Гэта першыя словы Яго пасхальнага паслання.
Якое ж вялікае дабро ў гэтым спакоі, які Ён нам дае і якога свет даць не можа! (пар. Ян 14, 27). Як цесна ён звязаны з Яго прыйсцем і з Яго місіяй!
Як патрэбна свету Яго прысутнасць... парадак, што сыходзіць з Ягонай запаведзі любові, каб людзі, сем’і, народы, кантыненты маглі цешыцца спакоем.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Паводле: Jan Paweł II. Modlitwy i rozważania na każdy dzień roku. Świat ksiażki. — Warszawa,
2009 r.