Беззаганнае Сэрца Марыі змяняе народы і свет

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Марыя абяцала нам асаблівыя дары. Тым, хто ўдзельнічае ў набажэнствах пяці першых суботаў месяца, Яна абяцала, што ў дзень смерці забярэ іх на неба. Гэтыя вернікі могуць таксама разлічваць на дапамогу Марыі, калі будуць маліцца аб ласцы навяртання для грэшнікаў. Беззаганнае Сэрца Марыі дарыць нам цудоўную прыладу, дзякуючы якой мы можам разбурыць зло ў нас і вакол нас.


Першае абяцанне, звязанае з набажэнствам да Беззаганнага Сэрца Марыі, — гэта запэўніванне Маці Божай, што Яна давядзе да неба душы, якія практыкуюць гэтае набажэн­ства. Мы даведваемся пра гэта са словаў Марыі, сказаных Люцыі падчас другога аб’яўлення 13 чэрвеня 1917 года: «Ты павінна яшчэ застацца тут, на зямлі. Бог хоча, каб ты паслужыла Яму, дапамагаючы людзям лепш пазнаць і палюбіць Мяне. Ён хоча, каб па свеце распаўсюдзілася ўшанаванне Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто будзе практыкаваць гэтае набажэнства, Я абяцаю збаўленне». Такім чынам, поўнае любові практыкаванне набажэнства, паглыбленне ў таямніцу Беззаганнага Сэрца Марыі гарантуе, што «гэтыя душы Бог будзе любіць, як кветкі, прызначаныя для аздаблення Яго трону».

Другое абяцанне, пра якое Марыя сказала Люцыі ў тым самым аб’яўленні, у першую чаргу датычыць асобы самой візіянеркі, але дазваляе нам песціць вялікую надзею і нават упэўненасць, што яно распаўсюджваецца таксама на іншых ушанавальнікаў Беззаганнага Сэрца Марыі. Гэтае абяцанне гарантуе пастаянную духоўную прысутнасць Марыі побач з адданымі Ёй дзецьмі ў кожнай патрэбе, а таксама тое, што Яна заўсёды будзе для іх Настаўніцаю, Дарадчыцаю і Кіраўніцаю на ўсіх жыццёвых шляхах, каб Яе ўшанавальнікі дасягнулі вечнага шчасця: «Я цябе ніколі не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які давядзе цябе да неба». З пералічаных абяцанняў можна зрабіць выснову, што Беззаганнае Сэрца Марыі адкрывае перад вучнямі Езуса Хрыста, якія звяртаюцца да Яе па дапамогу, пастаянную і гарантаваную перспектыву неба, а таксама вядзе да яго надзейным і эфектыўным шляхам. Таму не дзіўна, што благаслаўлёная Жасінта перад смерцю настойліва казала Люцыі: «Я ўжо хутка пайду на неба. Ты застанешся тут, каб ска­заць людзям, што Бог адорвае нас ласкамі праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што мы павінны прасіць Яе аб гэтым, што Сэрца Езуса хоча быць умілаваным разам з Беззаганным Сэрцам Марыі. Няхай свет просіць Сэрца Марыі аб супакоі, таму што Бог даручыў гэта менавіта Ёй». З гэтых словаў Жасінты мы дадаткова даведваемся, што ўшанаванне Беззаганнага Сэрца Марыі — гарачае жаданне Сэрца 

Пана Езуса і што гэта Боскае Сэрца хоча быць шанаваным разам з Беззаганным Сэрцам сваёй Маці. Цудоўнае пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у літургіі Касцёла, а дакладней — у тэксце прэфацыі святой Імшы пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Паяднання: «Усемагутны вечны Божа, Ты даў Найсвяцейшай Дзеве, свабоднай ад граху, міласэрнае да грэшнікаў сэрца. Адчуваючы Яе мацярынскую любоў, яны звяртаюцца да Яе і выпрошваюць Тваё прабачэнне. Здзіўляючыся Яе духоўнаму хараству, яны стараюцца ўстрымлівацца ад агіды граху, а разважаючы над Яе словамі і прыкладам, заахвочваюцца да захавання наказаў Твайго Сына». 

Выратаванне ад пекла

У трэцім абяцанні Беззаганнага Сэрца Марыі, дадзеным падчас фацімскіх аб’яўленняў, гаворыцца пра ўзнагароду для тых, хто перапрашае за ўсялякія знявагі, учыненыя Сэрцу Маці Хрыста. Гэта асаблівая ўзнагарода: вернікі могуць разлічваць на дапамогу Марыі ў выпрошванні ласкаў навяртання для грэшнікаў пры ўмове, што яны будуць браць на сябе ахвяры перапрашэння Пана Езуса і Яго Маці, абуджаючы наступную інтэнцыю: «О Езу, я раблю гэта з любові да Цябе для навяртання грэшнікаў і для кампенсацыі грахоў, учыненых супраць Беззаганнага Сэрца Марыі». Пан Езус і Яго Маці, устанаўліваючы такую практыку, не заклікаюць да непатрэбных, пустых дзеянняў і запэўніваюць, што ўзнесеныя просьбы будуць выслуханыя.

Гэта пацвярджаецца чарго­вым абяцаннем, пра якое Марыя сказала 13 ліпеня 1917 г. пасля таго, як паказала фацімскім пастушкам пекла і лёс бедных грэшнікаў: «Вы бачылі пекла, у якое ідуць душы бедных грэшнікаў. Для іх паратунку Бог хоча распаўсюдзіць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі ўсё будзе зроблена так, як Я вам скажу, то многія будуць уратаваныя ад пекла і настане супакой на зямлі». Са словаў Марыі ясна зразумела, што набажэнства да Марыі мае не толькі збаўленча-кампенсацыйны характар. Яно служыць цудоўнай мэце — выратаванню занядбалых душаў, якім пагражае гібель. Гэта таксама надзейны сродак для выпрошвання Божай міла­сэрнасці, таму што ён абвяшчае Божую міласэрнасць для грэшнікаў і дзейснае заступніцтва Беззаганнай. Гэтае набажэн­ства гарантуе душам перамогу ў духоўным змаганні. 

Набажэнства змяняе свет

Такім чынам, гэтае наба­жэнства мае сацыяльную значнасць. Яно прыносіць плён у нацыянальным і нават міжнацыянальным вымярэннях. Праз яго мы можам выпрасіць вызваленне ад грахоў, якія знішчаюць цэлыя грамадствы і народы. Гэта дзейсны спосаб выпрошвання ў Бога супакою і змены міжчалавечых стасункаў. Гэта мірны шлях да перамянення лёсаў народаў і ўсяго свету. Таму папа Пій ХІІ заахвочваў епіскапаты асобных народаў, каб па яго прыкладзе яны даручалі давераныя ім народы і свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Вялікай увагі заслугоўвае яшчэ адно абяцанне Марыі: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе». Памятайма, што трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі — гэта трыумф сапраўднай веры, любові і збаўлення, трыумф поўнай паслухмянасці Богу, Яго Праў­дзе і Любові, трыумф Божага Валадарства.

Напрыканцы хачу згадаць пра т. зв. Вялікае абяцанне Беззаганнага Сэрца Марыі. Яно было перададзена сястры Люцыі падчас візіі, што адбылася 10 снежня 1925 г. у кляштарнай келлі дома імя св. Дароты ў Пантэвэдра. Гэтае абяцанне гарантуе людзям, якія будуць выконваць згаданыя ўмовы, надзвычайную, шчодрую і міласэрную апеку Марыі ў гадзіну іх смерці. Падчас аб’яўлення сястра Люцыя ўбачыла і пачула Дзіцятка Езуса, якое ўказвала на Сэрца Марыі ў цярновым вянку і нагадала Люцыі: «Пашкадуй Сэрца Найсвяцейшай Маці, усё ў цернях, якімі няўдзячныя людзі ўвесь час яго раняць, і няма нікога, хто вызваліў бы яго ад гэтых церняў праз акт ахвяравання». Затым Маці Божая дадала: «Дачка Мая, глянь на Маё сэрца, абвітае цернямі, якімі грэшныя людзі зноў і зноў раняць яго праз блюзнерствы і ня­ўдзячнасць. Хаця б ты старайся суцешыць Мяне і перадай усім, што ў гадзіну смерці Я абяцаю прыйсці з дапамогаю і ўсімі неабходнымі для збаўлення ласкамі да тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да сакрамэнту пакаяння, прыме святую Камунію, памоліцца адну частку Ружанца і 15 хвілін будзе прабываць са Мною, разважаючы над пятнаццаццю ружанцовымі таямніцамі з мэтаю кампенсацыі за грахі».

Пра абяцанне Маці Божай трэба нястомна, старанна і мудра распавядаць усім лю­дзям, у тым ліку неахрышчаным. Няхай кожны даведаецца пра гэты надзвычай дзейсны спосаб дасягнуць не толькі свайго збаўлення, але і спрычыніцца да збаўлення іншых. 


Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: www.naszdziennik.pl.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней