Musica Sacra. «Rorate caeli desuper...» - «Нябёсы, дайце росы нам...» [відэа]

Адвэнтовай раніцай уваходзіш з запаленай свечкай у касцёл, і чуюцца чароўныя таямнічыя словы спеву пра расу, якая праліваецца з нябёсаў і справядлівасць, якая сыходзіць з аблокаў. Адсюль, з лацінскіх словаў антыфоны «Rorate caeli…» ўласна і сама назва гэтых незвычайных ранішніх службаў, асабліва прысвечаных Дзеве Марыі, — Рараты. Ёсць звесткі, што раратнія службы бяруць пачатак яшчэ з ХІІІ стагоддзя.


Спачатку існавала толькі адвэнтовая антыфона на ўваход:

Кантар: Rorate coeli desuper et nubes pluant justum
(Нябесы, дайце росы нам, а хмары справядлівасць)

Усе: Aperiatur terra et germinet salvatorem
(Няхай адкрыецца зямля і народзіць Збаўцу).

Тэкст знаёмых нам куплетаў дадаўся да антфыоны нашмат пазней. Гімн «Rorate caeli…», як і большасць старажытных літургічных спеваў, заснаваны на тэкстах Святога Пісання, тут у асноўным цытуецца кніга прарока Ісаі. Менавіта ў яго прароцтвах найчасцей гучаць словы аб прыйсці Месіі, нездарма у Адвэнце так шмат літургічных чытанняў з гэтай кнігі (таксама яна чытаецца і ў Літургіі гадзінаў у гэты перыяд). Кніга пісалася ў часы, калі народ Ізраэля знаходзіўся ў вавілонскім палоне за свае грахі, таму ў ёй так пранізліва гучыць матыў чакання дапамогі ад Бога і з’яўлення Збаўцы. Антыфона, якая стала рэфрэнам гімна, — гэта цытата з 45 раздзелу кнігі прарока Ісаі: «Крапіце, нябёсы, з вышыняў, і хмары няхай пральюць справядлівасць» (Іс 45, 8). Мы просім, каб раса з нябёсаў — сімвал Божай ласкі, акрапіла нас і ачысціла ад граху, а на зямлю вылілася Справядлівасць — гэтым словам ізраэльцяне здаўна называлі Месію. «Rorate caeli…» — спеў аб чаканні і міласэрнасці, магутная мальба да Бога аб прыйсці Збаўцы. Так было ў тыя часы, так ёсць і цяпер, на кожнай раратняй службе.

  1. Ne irascáris Dómine, ne ultra memíneris iniquitiatis,
    ecce cívitas Sáncti est deserta: Síon desérta facta est,
    Jerúsalem desolata est, domus sanctificatiónis túae et glóriae tuae,
    ubi laudavérunt te pátres nóstri.

    Стрымай свой гнеў, о Пане наш, не ўзгадвай пра нашы цяжкія правіны.
    Апусцеў горад Твой святы, стаў пакінуты: Сіён тады бязлюдным стаў,
    Ерузалем быў спустошаны, найсвяцейшы дом Твой, у якім прабывае веліч і слава,
    дзе нашыя айцы Цябе праслаўлялі (пар. Іс 64, 8–10)

  2. Peccávimus, et fácti sumus tamquam immúndus nos,
    et cecídimus quasi fólium univérsi,
    et iniquitátes nostrae quasi ventus abstulérunt nos,
    abscondisti fáciem tuam a nobis, et allisísti nos in manu iniquitátis nostrae.

    Вось зграшылі мы і сталіся быццам нячыстыя,
    і ўсе мы ўпалі, нібыта лісце, што пажоўкла.
    І ўсе нашыя беззаконні панеслі быццам вецер нас.
    Схаваў, Божа, аблічча сваё Ты ад нас і ў рукі несправядлівасці нашай кінуў Ты нас (пар. Іс 64, 4–6).

  3. Vide, Dómine afflictiónem pópuli tui,
    et mítte quem missúrus es;
    emítte Agnum dominatórem terrae, de Pétra desérti ad móntem fíliae Sion,
    ut áuferat ípse iúgum captivitátis nostrae.

    Узглянь жа, Пане, на ўціск і нядолю народа (пар. Зых 3, 7).
    Хай прыйдзе, хто прыйсці мае (пар. Зых 4, 13).
    І спашлі Баранка, Валадара зямлі ўсёй, ад скалы пустыннай да гары дачкі Сіёна, (пар. Іс 16, 1)
    каб зняў ён цяжкае ярмо няволі нашай (пар. Іс 14, 25).

  4. Consolámini, consolámini, pópule meus,
    cito véniet sálus túa,
    quare maeróre consúmeris, quia innovávit te dólor?
    Salvábo te, nóli timere, ego enim sum Dóminus Deus tuus, Sanctus Israel, Redémptor tuus.

    Будзь суцешаны, будзь суцешаны, о Мой народзе (пар. Іс 40, 1):
    Надыходзіць тваё збаўленне.
    Чаму сум цябе з’ядае ўсцяж, чаму зноў боль ахапіў цябе? (пар. Міх 4, 9)
    Не бойся, ужо збаўлю Я цябе, таму што Я — Пан Бог твой усемагутны, Святы Ізраэля і твой Збаўца (пар. Іс 43, 1. 3)

Спяваюць дамінікане з Оксфарда:

«Нябёсы, дайце росы нам», гімн па-беларуску:

Гісторыя ўзнікнення аднагалоснага гімна «Rorate caeli…» даволі цьмяная. У сярэднявечных нотных крыніцах няма ўзгадак пра гімн «Rorate caeli…». Да таго ж, стыль напісання манадычнай — аднагалоснай — мелодыі гімна адрозніваецца ад старажытных грыгарыянскіх харалаў. Па пэўных прыкметах спецыялісты вызначаюць, што радзіма мелодыі — Францыя, а час — пачатак 1600-х гадоў. Незвычайна для часоў, калі ўжо пісалася дасканалая паліфонія, калі ўжо жылі і пісалі нябесную музыку геніяльныя кампазітары-паліфаністы. Некаторыя музыказнаўцы называюць нават дакладную дату і аўтара: 1615 г, айцец Буржэ з парыжскага кляштара Езуса і Беззаганнай Дзевы Марыі. Пазней мелодыя стала з’яўляцца ў розных выданнях «Graduale» і «Liber Usualis».

Словы старажытнага гімна сталі асноваю для многіх іншых адвэнтовых спеваў, сярод іх «О Збаўца, неба разарві…» і, вядома ж, «Дайце нябёсы росы з вышыняў…».

Мноства кампазітараў з розных краінаў натхняліся пранікнёнымі словамі «Rorate caeli…» і пакінулі нам каштоўныя скарбы духоўнай музыкі. Прапануем вам паслухаць некаторыя з іх, каб яшчэ глыбей перажыць Адвэнтовае чаканне.

Хернык Ізак (1450–1517), Нідэрланды:

Джаванні Пьерлуіджы да Палестрына  (1525 або 1526–1594), Італія:

Уільям Бёрд (1543 або 1544–1623), Англія:

Генрых Шутц (1585–1672), Германія:

Рона Кларке (1958), Ірландыя:


Юлія Шэдзько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней