Які самы вядомы калядны спеў, што выконваецца ва ўсім свеце? Няцяжка здагадацца, гэта — «Ціхая ноч...», у арыгінале, па-нямецку — «Stille Nacht...». Сёння, у Вігілію Божага Нараджэння, ёй спаўняецца 200 гадоў.
Так, упершыню «Ціхая ноч...» прагучала 24 снежня 1818 г. у касцёле св. Мікалая ў маленькім аўстрыйскім мястэчку Оберндорф недалёка ад Зальцбурга. Мясцовы настаўнік пачатковай школы і арганіст Франц Ксавьер Грубер не мог чакаць, што простая мелодыя, якую ён напісаў амаль адразу, убачыўшы тэкст, кране сэрцы мільёнаў людзей, стане сапраўдным гімнам Раства. У Вігілію святар з касцёла св. Мікалая Ёзаф Мор прыйшоў да яго з тэкстам паэмы, які напісаў два гады таму, і папрасіў прыдумаць для яго мелодыю для двух галасоў і гітары. У тую ж ноч на ўрачыстай святой Імшы яны ўдвух і заспявалі «Ціхую ноч...», а хор паўтараў за імі два апошнія радкі кожнага куплета.
Кажуць, што ў той дзень у касцёле зламаліся арганы, і айцец Ёзаф шукаў хоць нейкай магчымасці ўпрыгожыць спевам святочную Імшу. А магчыма, яму проста хацелася прапанаваць нешта новае парафіянам з дапамогаю ўлюбёнага інструмента — гітары. Што б ні стала прычынаю, гэта быў сапраўды шчаслівы выпадак, які падарыў нам найпрыгажэйшы гімн Божага Нараджэння.
Яшчэ праз 100 гадоў «Ціхая ноч...» разам з іншымі каляднымі спевамі нечакана сыграла ролю ў драматычных гістарычных падзеях, вядомых як перамір’е Божага Нараджэння 1914 года, назаўжды стаўшы сімвалам імкнення да супакою і міру. Гэтая гісторыя добра апісваецца ў фільме «Шчаслівага Раства» (Joyeux Noël), знятым у 2005 годзе. Ішла І сусветная вайна, жорсткія баі, тэрыторыя Францыі і Бельгіі была акупаваная. Перад Божым Нараджэннем папа Бэнэдыкт XV заклікаў ваяўнічыя бакі заключыць перамір’е хаця б у святочную ноч, сказаўшы, што «гарматы могуць замаўчаць хаця б у ноч, калі спяваюць анёлы», аднак яго прапанова была адхіленая. Усё адбылося нечакана: людзі проста не захацелі ваяваць у гэтыя дні. Па ўсіх франтах жаўнеры з ваяўнічых бакоў адкладалі зброю і замест гэтага сустракалі Божае Нараджэнне разам, знаёмячыся, абменьваючыся падарункамі, ежаю і… спяваючы разам калядкі. У тым ліку і вядомую многім «Ціхую ноч...»
Калядка вельмі палюбілася, і яе сталі перакладаць і выконваць на Божае Нараджэння на розных мовах, але яна не страціла сваёй чароўнай прыгажосці.
Самае вядомае англамоўнае выкананне калядкі належыць Бінгу Кросбі:
Вось сучасная апрацоўка гурта Pentatonix:
«Ціхая ноч...» па-італьянску ў выкананні Андрэа Бачэллі:
Адна з самых незвычайных інтэрпрэтацый калядкі належыць вакалістам акапэла-гурта Accent:
;feature=youtu.be
Існуе і некалькі беларускіх перакладаў. Самы вядомы належыць паэтцы Наталлі Арсенневай. Можна выбраць той варыянт, які вам больш падабаецца, і гэтая простая, але такая прыгожая і сапраўды трапяткая мелодыя перанясе вас у цішыню той чароўнай ночы, калі прыйшоў у свет Збаўца.
***
Ціхая ноч, святая ноч!
Спіць усё, сніць даўно.
Толькі Маці Святая ўсцяж
ціха ў яслях люляе Дзіця:
«Спі, Сыночак малы,
Спі, Сыночак малы!»
А ўгары ўсё гарыць
Серабром зорных крыг.
Хор анёлаў пяе пастухом
Аб Дзіцяці, што будзе Хрыстом,
Светлай песняй хвалы
Славяць Збаўцу Зямлі.
Ціхая ноч, святая ноч,
У родны край завітай,
Людзям сум і тугу разгані,
Хай жа цешацца ў гэтыя дні,
Ў ціхую, святую ноч,
Ў ціхую, святую ноч!
(Наталля Арсеннева)
***
Ціхая ноч, святая ноч!
Спіць усё, спіць даўно.
Толькі Маці Святая ўсцяж
ціха ў яслях люляе Дзіця:
«Спі, Сыночак малы,
Спі, Сыночак малы!»
Ціхая ноч, святая ноч!
Божы Сын, Ты адзін
дорыш людзям з усмешкай любоў,
час шчаслівы для свету прыйшоў
з нараджэннем Тваім,
з нараджэннем Тваім.
Ціхая ноч, святая ноч!
Бог прыйшоў да людзей.
Хор анёлаў спявае з нябёс:
«Нарадзіўся вам Збаўца-Хрыстос,
Ён збаўленне прынёс.
Ён збаўленне прынёс!»
Ціхая ноч, святая ноч!
Божы Сын, шчасці нам;
і у сэрцах любоў запалі,
супакоем наш край адары.
Поўню радасці дай.
Поўню радасці дай!
***
Ціхая ноч, дзіўная ноч,
дрэмле ўсё, дый не спіць.
Па-над жолабам Панна стаіць,
на Дзіцятка з усмешкай глядзіць.
Радасць у сэрцах гарыць,
радасць у сэрцах гарыць.
Ціхая ноч, дзіўная ноч,
голас з неба зыйшоў:
Сёння нам нарадзіўся Хрыстос.
Ад грахоў Ён збаўленне прынёс.
Праўда прарочых слоў,
праўда прарочых слоў.
Ціхая ноч, дзіўная ноч,
анёл вёў пастушкоў
да хлявочка, там, дзе Божы Сын
меў палац у час сваіх нарадзін
горшы за бедакоў
горшы за бедакоў.
Прапануем вам паслухаць «Ціхую ноч...» па-беларуску і віншуем з Божым Нараджэннем!
Багдан Андрусішын (Данчык):
Хор касцёла св. Роха ў Мінску на Залатой горцы:
Юлія Шэдзько