Літургічныя чытанні Велікоднага перыяду малююць перад намі “партрэт” Духа Святога. Хто такі Дух Святы, для чаго Ён нам спасланы? Чаму Езус раіць нам у першую чаргу прасіць аб Духу Святым? Тыя, хто не верыць у Бога, скажуць: мы дбаем найперш аб здароўі, бо здароўе найважнейшае для чалавека, а мы павінны сказаць — дбаем аб Духу Святым, бо Ён найважнейшы, гэта найбольшы дар, які можа даць нам Бог.
Сапраўды, няма большага дару, і мы атрымліваем Духа Святога заўсёды, калі просім аб гэтым. Дух Святы адкрывае нам вочы на блізкасць Бога, паказвае, што Бог ужо не Той далёкі, да якога я звяртаюся ў малітве, чыю прысутнасць прагну адчуць. Ён паказвае, што я ўжо ў Ім, заглыблены ў Тройцу, прабываю ўнутры гэтай цеснай сувязі Айца, Сына і Святога Духа. Кожны раз, робячы знак Крыжа, мы вызнаем гэтую фундаментальную частку хрысціянскай веры: тое, што мы прабываем у Айцу, Сыну і Святым Духу.
Езус абяцае, што будзе заступацца за сваіх вучняў (гл. Ян, 14) і прасіць у Айца Духа Суцяшальніка для іх. Мы часта ўяўляем малітву прыблізна так: Бог сядзіць, склаўшы рукі, а мы стаім перад Ім і просім пра розныя рэчы. Але гэта Езус першы моліцца за нас. Менавіта пра заступніцкую святарскую малітву Езуса піша св. Ян. Дух Святы дазваляе нам адкрыць тое, што Езус няспынна моліцца і заступаецца за нас перад Айцом. Ён ведае найлепш, што кожнаму з нас патрэбна для нашага дабра і развіцця ў той ці іншы момант жыцця, і таму Езус просіць Бога спаслаць нам Духа Суцяшальніка, нашага Абаронцу. Гэтаму Духу супрацьпастаўлены іншы дух — дух абвінаваўца, бацька хлусні, які, як піша св. Ян у кнізе Апакаліпсіса, няспынна абвінавачвае нас і нашых братоў.
Таму людзі, якія жадаюць жыць Божым Духам,
павінны зрабіць выбар, за кім ісці:
за духам праўды ці за духам хлусні.
Нельга застацца на скрыжаванні, нібыта крыху і на тым, і на іншым баку. Стоячы на гэтым скрыжаванні, мы не здольныя рухацца далей, гэта рэгрэс, стагнацыя. Чалавек заўсёды імкнецца пазбегнуць жыццёвага выбару, нічога не вырашаць, але неабходна прыняць рашэнне, каго я слухаю ў сваім жыцці, каму веру, каго вызнаю: духа праўды ці духа хлусні. Думаю, найбольшая нашая праблема ў адносінах з Духам Святым заключаецца ў тым, што Ён заўсёды ставіць чалавека ў канфрантацыю з праўдаю, паказвае, як усё ёсць насамрэч, выкладвае “ўсе карты на стол” і гаворыць: «Вось гэта праўда пра цябе, пра тваё жыццё, таму не падманвай сябе, перастань жыць хлуснёю, фальшывымі надзеямі і марамі, якія не споўняцца». Аднак Дух праўды заўсёды паказвае нам рашэнне сітуацыі, Ён гаворыць: «Ты хворы, а вось лек», у адрозненне ад духа хлусні, які гаворыць: «Ты хворы, кладзіся на ложак і чакай смерці». Дух падману заўсёды прыніжае нас і падгаворвае гэтак жа прыніжаць іншых людзей. Немагчыма абвяшчаць Евангелле, Бога, Духа Святога і адначасова прыніжаць іншых.
Жывучы Духам Святым, Духам праўды, мы становімся здольнымі сказаць іншаму чалавеку праўду і адначасова працягнуць яму руку, кажучы: «Хадзем разам шукаць дапамогі». Дух праўды — Дух, які скажа нам, хто мы ёсць. Нам моцна пашкодзіў першародны грэх, мы чулі шмат непрыемнага на свой конт ад іншых, нас пазбавілі годнасці і праўды ў жыцці, і таму мы думаем, што Дух праўды пакажа нам гэтае найгоршае ў нас.
Але ўсё наадварот:
Дух праўды пакажа праўду:
мы створаныя па Яго вобразе і падабенстве,
і нішто не здольнае гэта змяніць,
ніякае рашэнне і выбар,
ніякі грэх.
Гэтак жа Дух праўды прымусіць нас зусім інкаш глядзець на іншых людзей, што можа быць няпроста. Дух Святы дзейнічае на трох узроўнях, як сказана ў запаведзі любові, і Ён адкрые нам вочы на тое, кім сапраўды ёсць Бог, кім мы ёсць і кім ёсць іншыя людзі. Без Духа Святога мы заўсёды імкнемся крытыкаваць, вышукваць чужыя хібы і віны, прыніжаць, паказваць пальцам — мы вельмі ўсё гэта любім, бо гэта дазваляе хоць на імгненне адчуць сябе лепшымі за іншых! Мы рэдка ўзгадваем пра іншых, каб ім дапамагчы, а хутчэй, узгадваем, каб паглядзець на іх зверху ўніз, але гэта — не ад Духа праўды.
Не варта баяцца Параклета, Духа Святога, Духа праўды, Духа Суцяшальніка. Заклікаю вас звярнуцца да Яго і даведацца праўду пра сваё жыццё. Станьце на малітве перад люстэркам, паглядзіце на сябе і ўбачце ў праўдзе, якія вы ёсць. Вашая вартасць не вымяраецца тым, што вы зрабілі ў жыцці, добрым і злым, поспехамі і паразамі, а ў тым, што вы — дочкі і сыны Божыя. Без Духа Святога мы нічога не можам учыніць. Без Духа Святога праз усё жыццё мы не ведаем, хто мы. Мы часта падобныя да жабракоў, якім здаецца, што іншыя людзі скажуць, у чым нашая вартасць, і мы гатовыя на ўсё, нават на грэх, толькі дзеля таго, каб нас прынялі іншыя людзі. Але гэта не Дух праўды.
Дух праўды заўсёды паказвае, у чым праўда. Таму я заўсёды папярэджваю студэнтаў: перад экзаменамі вельмі асцярожна прасіце аб Духу Святым, бо Ён пакажа праўду на экзамене, бо Ён — Дух праўды. Мы, дамініканцы, у цяжкія моманты раім прасіць дапамогі ў Маці Божай Міласэрнай. Дух Святы нічога не хавае, не ўпрыгожвае, не дапускае фальшы, а паказвае рэчы такімі, якія яны ёсць. Дзякуючы гэтаму мы можам усведамляць, што сапраўды жывем.
Айцец Мацей Біскуп OP
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько, паводле матэрыялаў партала Maskacjusz TV.