Навучы нас служыць людзям

Разважанне на Адвэнт 21 снежня 2021 г. Калі мы разважаем пра сказанае Марыяй «так» Богу і набліжаемся да дня Нараджэння Яе Сына, ці можам мы праверыць нашу гатоўнасць пакінуць уласны камфорт, каб служыць іншым, якія жывуць у нястачы?

Якую прыгожую і праніклівую падзею мы перажываем у сённяшнім Евангеллі: адведзіны Марыяй Яе стрыечнай сястры Альжбеты! Такая цудоўная місіянерская гісторыя маладой габрэйскай дзяўчыны, якая з хваляваннем і радасцю пакідае свой утульны дом, каб падарожнічаць і падзяліцца дзіўнай Добрай Навіной... што Езус прыходзіць, каб падзяліцца з намі сваім жыццём!..

Сёння ў Кнізе прарока Сафоніі мы чытаем: «Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень». Гэты ўрывак з Бібліі, безумоўна, мог прыйсці ў галаву Марыі і Альжбеце, калі яны радасна абдымаліся ў той дзень у горадзе Юды.

Спачылая сястра Джэніс Маклафлін, вядомая місіянерка і абаронца правоў чалавека, адзначала, што, нават радуючыся, Марыя павінна была ведаць, што гэтая нечаканая падзея, безумоўна, зменіць і парушыць увесь Яе свет. Марыя была вырваная з усяго, што Яна ведала, і з будучыні, якую Яна ўяўляла для сябе. Тым не менш, Яна верыла ў Божую волю і давярала Яго слову.

Заўважце, што пасля таго, як анёл распавёў Ёй пра цяжарнасць Альжбеты, Марыя зноў дазваляе «вырваць» сябе, каб паспяшыць і дапамагчы сваёй немаладой стрыечнай сятры, нягледзячы на сваё становішча. Прыйшоўшы, Яна вітае Альжбету і абвяшчае «Magnificat», гімн Божай любові, якая перамяняе і вызваляе.

Як гаворыць нам сястра Джэніс, наша ўласнае «так» Богу таксама патрабуе, каб мы адмовіліся ад уласнага камфорту, каб дапамагаць іншым, дзе б яны ні былі: побач ці далёка, адзінокія і забытыя, мігранты, зняволеныя, тыя, хто знаходзіцца ў прытулках для бяздомных, дамах састарэлых, бальніцах...


Малітва: О Марыя, Маці Езуса, зрабі нашыя сэрцы, розум і душы падобнымі да Тваіх, каб яны заўсёды былі гатовыя казаць Богу «так». Натхні нас дзяліцца Добрай Навіной Твайго Сына пра спачуванне і вызваленне праз нашы дзеянні, словы і жыццё, нават калі гэта нам нязручна. Навучы нас служыць людзям з любоўю і радасцю Твайго Сына!


Доктар Майк Гэйбл.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней