Пакаянне і мука Пана — галоўныя тэмы Вялікага посту

Пакаянне

Вялікі пост — важны перыяд у нашым жыцці, бо яго асаблівасцю з’яўляецца пакаянне. Велікапоснае пакаянне не азначае толькі пост (пост — толькі адна з формаў пакаяння). Пакаянне — гэта навяртанне з грахоў, унутраная перамена, змена спосабу мыслення, якое нараджае пакаянныя ўчынкі. Хрысціянства ведае шмат формаў пакаяння, якія загладжваюць грахі,— малітва, міласціна, пост і іншыя чыны міласэрнасці. Назва перыяду «Вялікі пост» пашырае наша разуменне посту як абмежавання ў спажыванні мясной ежы. Штодзённае жыццё прыносіць нам шмат мажлівасцяў да іншых «постаў» — устрымання, напрыклад, ад алкаголю, цыгарэтаў, ад празмернай страты часу каля тэлевізара і ў інтэрнэце, ад непатрэбных размоваў і г.д. Да пакаяння належаць таксама паглыбленне рэлігійнага жыцця праз чытанне Святога Пісання і іншых рэлігійных кніг ці часопісаў; паглыбленне прафесійных ведаў, а таксама паглыбленне сямейнай повязі праз узаемадапамогу, памяркоўнасць, цярплівасць, добразычлівасць, добрае слова і г.д.

У перыяд Вялікага посту вернікі павінны часцей удзельнічаць у святой Імшы, слухаць слова Божае, каб пачуць заклік да навяртання і ажыўлення штодзённай любові, каб у сакрамэнце пакаяння паяднацца з Богам і з бліжнімі. Трэба скіраваць усю сваю істоту да Бога. Кожны павінен спраўджваць сваю дарогу, пытаючыся ў самога сябе, ці сапраўды ён паступае згодна з воляю Божаю? Ці, можа, павінен змяніць кірунак, вярнуцца на тую дарогу, якую Пан вызначыў для яго жыцця? Знамянальныя словы Беззаганнай Маці Божай, якія Яна прамовіла падчас аб’яўленняў у Люрдзе: «Пакаяння, пакаяння, пакаяння», Яна прывяла сябе ў прыклад св. Бэрнадэце: «Ведаеш, Я, хоць Беззаганна Зачатая, чыніла пакаянне...»

Мука Пана

Сам Езус Хрыстус жадае нашага ўдзелу ў Яго збаўчай місіі і таксама ў Яго цярпенні: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (Лк 9, 23). Хрысціянін церпіць не толькі дзеля сябе і не адзін, а як частка Містычнага цела Хрыста працягвае Яго збаўчую справу. Аднак заўсёды трэба памятаць, што мука і смерць Збаўцы не былі самамэтаю, яны былі дарогаю, якая вядзе да ўваскрасення.

Галоўныя набажэнствы ў Вялікім посце — Крыжовы шлях — разважанне над мукаю і смерцю Пана пры 14 стацыях (сучасная форма набажэнства ўзнікла ў ХVІІ ст.) і Песні жальбы, велікапосныя спевы з казаннем (гэтае набажэнства пачало практыкавацца ксяндзамі місіянерамі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст.).

«Крыж заўсёды павінен быць падпораю і дапамогаю ў маёй слабасці. Пан Езус распасцёр рукі на крыжы, каб абняць грэшнікаў. Калі зраблю нешта нядобрае і буду адчуваць неспакой, упаду ў думках разам з Магдаленаю да падножжа крыжа і пастараюся ўявіць сабе, што на маю галаву сплываюць Кроў і Вада, якія выплылі з прабітага Сэрца Збаўцы. Кальварыя, паводле выказвання св. Францішка Сальскага, — гэта ўзвышша і школа любові. I я павінен наблізіцца да яе, наблізіцца таму, што тут споўнілася першае і самае ўрачыстае аб’яўленне Сэрца Езуса» (Ян XXIII).


Надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 3, 1995 г.

Цэтлікі: Вялікі пост

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней