З паслання Святога Айца Францішка на Вялікі пост 2014 года
<...> Што сёння кажуць нам, сучасным хрысціянам, гэтыя словы святога Паўла? Што сёння значыць для нас заклік да ўбоства ў евангельскім сэнсе слова? <...>
Езус стаў убогім не дзеля ўбоства самога па сабе, а для таго, каб мы «ўзбагаціліся Ягоным убоствам». Гэта не гульня словаў і не эфектная фігура рыторыкі! Наадварот, гэта спалучэнне Божай логікі, логікі любові, логікі Уцелаўлення і Крыжа. Бог не пажадаў, каб збаўленне звалілася на нас з нябёсаў, як міласціна, якую дае добры філантроп, дзелячыся лішкамі свайго багацця. Не такая любоў Хрыста! Уваходзячы ў воды Ярдана і прымаючы хрост з рук Яна Хрысціцеля, Езус чыніць гэта не таму, што Яму неабходная скруха або навяртанне; Ён такім чынам хоча стаць у шэраг людзей, якім патрэбнае прабачэнне, стаць сярод нас, грэшнікаў, і ўзяць на свае плечы цяжар нашых грахоў. Ён выбраў такі шлях, каб суцешыць нас, збавіць і вызваліць ад нашай нястачы. Дзіўныя гэтыя словы Апостала аб тым, што мы збаўленыя не багаццем Хрыста, а Ягоным убоствам, бо святы Павел добра знаёмы з «невычэрпным багаццем Хрыста» (Эф 3, 8), «спадкаемцы ўсяго» (Гбр 1, 2).
<...> Чым жа ёсць тое ўбоства, якім Езус вызваляе і ўзбагачае нас? Гэта тое, як Езус любіць нас, як становіцца нашым бліжнім, нібы добры самаранін, які схіляецца над параненым чалавекам, кінутым на ўскрайку дарогі (гл. Лк 10, 25). Тое, што дае нам сапраўдную свабоду, сапраўднае збаўленне і сапраўднае шчасце — гэта Яго любоў, поўная спачування, чуласці і суперажывання. Хрыстус узбагачае нас праз сваё ўцелаўленне, беручы на сябе нашыя слабасці і грахі, удзяляючы нам бясконцую Божую міласэрнасць. Убоства Хрыста — Яго найбольшае багацце. Езус багаты сваім бязмерным даверам да Айца і заўжды шукае толькі Яго волі і Яго хвалы. Ён багаты, як дзіця, якое адчувае, што яго любяць, само любіць бацькоў і ні на хвіліну не сумняваецца ў іх любові і пяшчоце. Багацце Езуса заснаванае на Яго сыноўстве. <...> Езус заклікае нас <...> узбагаціцца Яго «багатым убоствам», або «ўбогім багаццем», каб разам з Ім прыняць удзел у Яго сыноўскім і братэрскім Духу, стаць сынамі ў Сыне, братамі ў першародным Браце (пар. Рым 8, 29).
Агульнавядомы выраз пра тое, што адзінае сапраўднае засмучэнне — не быць святым. Можна таксама сказаць, што існуе адна сапраўдная нястача — не быць такім, як сыны Бога і браты Хрыста.
Можна падумаць, што такі шлях убоства быў натуральны для Езуса, мы ж, прыйшоўшы ў свет пасля Яго, можам збаўляць адпаведнымі чалавечымі сродкамі. Гэта памылка. У кожную хвіліну ў кожным месцы Бог і надалей збаўляе людзей і свет праз убоства Хрыста, бо Ён становіцца ўбогім у сакрамэнтах, у слове і ў сваім Касцёле, які ёсць народам убогіх. Багацце Божае нельга ўдзяліць з дапамогаю нашага багацця, а заўжды і выключна з дапамогаю нашага ўбоства, асабістага і супольнага, якое чэрпае моц з Духа Хрыста.
На ўзор нашага Настаўніка мы, як хрысціяне, пакліканыя да таго, каб пазнаваць розныя віды нястачы, што засмучае нашых братоў, кранаць іх сваёю далонню, браць іх на свае плечы і імкнуцца да канкрэтнай дапамогі. Нястача — гэта не тое самае, што ўбоства. Нястача — гэта ўбоства без веры ў будучыню, без салідарнасці, без надзеі. Можна вылучыць тры віды нястачы: матэрыяльную, маральную і духоўную.
Матэрыяльная нястача — тая, што паўсюль называецца беднасцю і тычыцца людзей, якія жывуць ва ўмовах, нявартых для чалавечых істотаў, пазбаўленых асноўных правоў і рэчаў першай неабходнасці: ежы, вады, гігіены, працы, шанцаў на развіццё і культуру. Перад абліччам гэтай нястачы Касцёл спяшаецца са сваім служэннем, каб супакоіць патрэбы і лячыць раны, якія нявечаць твар чалавецтва, бачачы ва ўбогіх аблічча Хрыста. <...> Мы дзейнічаем таксама і так, каб у свеце перасталі таптаць чалавечую годнасць, каб спыніліся дыскрымінацыя і гвалт, якія часта ляжаць ля вытокаў нястачы. Калі ўлада, раскоша і грошы становяцца ідаламі, іх ставяць па-над законам справядлівага падзелу дабротаў. Таму трэба, каб чалавечае сумленне навярнулася на шлях справядлівасці, роўнасці, стрыманасці і дзялення дабротамі.
Таксама непакоіць нястача маральная, што чыніць чалавека нявольнікам залежнасці і граху. Колькі сем’яў жыве ў засмучэнні ад таго, што іх родныя, часта моладзь, трапілі ў няволю алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў і парнаграфіі! Колькі людзей страцілі сэнс жыцця, пазбаўленыя перспектываў на будучыню, страцілі надзею! Колькі людзей трапіла ў гэткую нястачу з прычыны грамадскай несправядлівасці, беспрацоўя, <...> няроўнасці ў галіне права на навучанне і ахову здароўя.
Такую маральную нястачу можна справядліва назваць пачаткам самазабойства.
І гэтая нястача, ведучы да руйнавання эканомікі, цесна звязаная з духоўнай нястачай, якая закранае нас, калі мы аддаляемся ад Бога і адкідаем Яго любоў. Лічачы сябе самадастатковымі, думаючы, што нам не патрэбны Бог, які ў асобе Хрыста працягвае нам руку, мы выходзім на шлях паразы. Толькі Бог сапраўды збаўляе і вызваляе.
<...> Дарагія браты і сёстры, няхай падчас Вялікага посту ўвесь Касцёл будзе гатовы несці ўсім, хто жыве ў матэрыяльнай, маральнай і духоўнай нястачы, шчырае сведчанне аб евангельскім закліку, сутнасць якога ў любові міласэрнага Айца, гатовага ў Хрысце прытуліць да сябе кожнага чалавека. Будзем здольнымі да гэтага ў той ступені, у якой прыпадобнімся да Хрыста, які стаў убогім і ўзбагаціў нас сваім багаццем. Вялікі пост — час пазбаўлення, і будзе добра паразважаць, ад чаго мы можам пазбавіцца, каб дапамагчы іншым і ўзбагаціць іх нашым убоствам. Не забываймася, што сапраўднае ўбоства балючае: пазбаўленне ад нечага не мае сэнсу, калі не мае вымярэння пакуты. Я не давяраю міласціне, якая не баліць.
Няхай Дух Святы, дзякуючы якому мы «нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем» (2 Кар 6, 10), умацоўвае нас у гэтых пастановах, умацоўвае ў нас чуллівасць да чалавечай нястачы і пачуццё адказнасці, каб мы станавіліся міласэрнымі і рабілі ўчынкі міласэрнасці. Я буду маліцца ў інтэнцыі, каб кожны вернік і кожная супольнасць Касцёла маглі плённа перажыць час Вялікага посту, і прашу вас маліцца за мяне. Няхай Хрыстус вас благаслаўляе, а Маці Божая вамі апякуецца.
Папа Францішак,
Ватыкан,
26 снежня 2013 года.
Падрыхтавала
Юлія Шэдзько.
Паводле КАІ.