Бог адзіны і адначасова Тройца. Гэта ж нонсэнс?

Існуючы ў трох Асобах, Бог дзеліць у сабе любоў паміж Айцом, Сынам і Святым Духам. Ён жадае падзяліцца гэтаю любоўю і з вамі таксама!


Ёсць толькі адзін Бог, але ў Ім тры асобы: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Святы Дух. Разам гэта Святая Тройца. Але як ўявіць нешта, што адначасова з’яўляецца адзіным і складаецца з трох? У рэшце рэшт, мы няздольныя зразумець гэтага ў поўні. 

Аднойчы святы Аўгустын шпацыраваў уздоўж марскога ўзбярэжжа, разважаючы пра Святую Тройцу. Ён сустрэў маленькага хлопчыка, які хадзіў туды-сюды з маленькім вядзерцам. Хлопчык распавёў, што жадае пераліць усё мора ў ямку, якую выкапаў у пяску. Калі Аўгустын запярэчыў, што мора ніколі не змесціцца ў ямку, хлопчык адказаў, што гэтак жа і Аўгустын ніколі не здолее змясціць усю таямніцу Тройцы ў сваім розуме. 

#Вобразы Бога

Аднак некаторыя вобразы могуць дапамагчы нам хаця б часткова зразумець, што значыць, што Бог адзіны ў трох Асобах. Напрыклад, трохвугольнік мае тры бакі, застаючыся адной геаметрычнай фігураю. У пэўным сэнсе яны — адно цэлае, бо, калі прыбраць адзін з бакоў, трохвугольніка не будзе. Таксама і прастора, і кожная матэрыяльная рэч з’яўляюцца цэласным адзінствам, але маюць тры вымярэнні. 

У V ст. святы Патрык выкарыстаў трыліснік, каб растлумачыць сэнс Тройцы: раслінка канюшыны адна, але мае тры лісткі. На некаторых выявах Тройцы Бога Айца намалявалі як старога з белаю барадою, а Езуса — як юнака. Такія выявы могуць дапамагачы нам у разважанні пра айцоўства Бога і мужнасць Сына ў Езусе, але Асобы Тройцы існавалі заўжды і будуць існаваць ва ўсе часы: Яны не маюць ні пачатку, ні канца. 

#Дзяліцца любоўю

У адносінах любові паміж Айцом, Сынам і Святым Духам — сутнасць Божай істоты, і Ён не жадае захоўваюць гэтую любоў выключна для сябе. Ён стварыў нас для таго, каб мы маглі прыняць удзел у Ягонай любові. Яднаючыся з Езусам, мы ўваходзім у камунію, супольнасць любові, якою ёсць Тройца. 

#Асаблівая сувязь

На вядомым абразе Тройцы, намаляваным Андрэем Рублёвым († каля 1430), мы бачым трох анёлаў, якія наведалі Абрагама і прадказалі нараджэнне Ісаака (гл. Быц 18, 1–15). яны сімвалізуюць Айца, Сына і Святога Духа (гл. малюнак).

Іх постаці і выгляд дэманструюць сувязь паміж імі, і Абрагам далучыўся да іх супольнасці, калі яны разам раздзялілі ежу. На абразе анёлы злучаныя ў поўны любові звяз, але кожны з іх з’яўляецца паўнавартаснаю асобаю. З левага боку намаляваны Бог Айцец, над галавою якога нябеснае жытло, дзе нас усіх сардэчна чакаюць (гл. Ян 14, 2–3). З правага боку — Святы Дух, а над Ім — гара, якая сімвалізуе наш узыход да Бога праз малітву (гл. Лк 6, 12). Сын сядзіць пасярэдзіне, а над ім узвышаецца дрэва жыцця, якое сімвалізуе крыж. Ён паказвае на келіх, сімвал ахвяры, здзейсненай замест нас. Прастора паміж постацямі Айца і Духа ўтварае келіх, у якім знаходзіцца Сын. Гэтак жа, як Асобы Тройцы, у небе мы атрымаем дасканалую сувязь з Богам і адно з адным, і цалкам станем самімі сабою. 

Чытай больш:
Святая Тройца: ККК 232–267; КККК 45–49; YOUCAT 35–39. 


 Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько 

© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2017
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней