Чалавек ва ўлонні Касцёла — узвышэнне чалавека

 

Аналізуючы сувязі паміж міласэрнай любоўю Бога і годнасцю чалавека і паказваючы бядотнае становішча заняпалага чалавека, Ян Павел II імкнецца адказаць на пытанне, кім для нас з’яўляецца Хрыстус і якую ролю выконвае Касцёл, створаны Ім для нашага збаўлення, у жыцці ўсяго чалавецтва і кожнага з нас у аднаўленні нашай чалавечай годнасці.

Шматразова падкрэсліваючы, «што Хрыстус злучаны з кожным чалавекам», Папа хоча растлумачыць нам, што гэта не злучэнне з кожным чалавекам наогул альбо з усім чалавецтвам, а з кожным з нас, з намі такімі, якімі мы ёсць, а значыць, з чалавекам паўшым, якога Ён, як Збаўца, прыйшоў выратаваць, да якога Ён хоча наблізіць міласэр­ную любоў Бога. З гэтага вынікае, што менавіта таму «неабходна ў Касцёле мець цесную сувязь з кожным чалавекам, што з ім злучаны Хрыстус  у Таямніцы Адкуплення». 

Вось чаму ўся дзейнасць Касцёла скіраваная на чалавека і «чалавек з’яўляецца першай і асноўнай мэтай Касцёла, мэтай, указанай самім Хрыстом, мэтай, якая вядзе да Таямніцы Богаўцелаўлення і Адкуплення». 

Сярод канкрэтных задач, якія Касцёл павінен выканаць і выконвае ў адносінах да чалавека, Папа вылучае адказнасць за ісціну, бо ў творчым і поўным хвалявання і трывог імкненні чалавека да Бога «б’е і пульсуе ўсё самае патаемнае ў чалавеку: пошук праўды, неадольная прага да дабра і свабоды, сум па прыгожаму, голас сумлення». Разумеючы ўсю сваю адказнасць за праўду Божую, Касцёл імкнецца прапаведаваць гэту ісціну, несучы яе кожнаму чалавеку, і імкнецца абуджаць у кожным чалавеку Дух Праўды, Які «надзяліў увесь Люд Божы асаблівым пачуццём веры». Гэтае пачуццё веры не толькі азначае здольнасць пазнаць ісціну, успрымаць яе і кіравацца ёю ў жыцці, але і робіць нас «удзельнікамі місіі Хрыста як Прарока, дзякуючы якой мы разам з Ім выконваем абавязак служэння праўдзе ва ўлонні Касцёла». Удзел кожнага залежыць ад асабістых функцый і атрыманых Божых ласкаў. Разам са спецыяльнымі задачамі іерархічнага Касцёла Папа абмяр­коўвае таксама прадвызначэнне і пакліканне тэолагаў і людзей навукі, дзякуючы якім Касцёл выконвае сваю прароцкую місію ў адносінах да кожнага чалавека, абуджаючы ў ім свядомае пачуццё годнасці, заклікаючы яго і дапамагаючы яму здабыць сабе любоў і міласэрнасць, якія не дазваляюць яму страціць гэтую годнасць. 

Другая асноўная задача Касцёла ў адносінах да чалавека ў тым, каб засведчыць аб міласэрнасці Божай, спасылацца на яе і заклікаць яе перад абліччам зла ва ўсіх яго фізічных і маральных праявах і небяспецы, якія так моцна пагражаюць сучаснаму чалавеку. «Бо Касцёл жыве сваім сапраўдным жыццём, калі прапаведуе міласэрнасць — найлепшую якасць Творцы і Адкупіцеля — і калі набліжае людзей да крыніц міласэрнасці, абаронцай і распарадчыкам якіх ён з’ўляецца». 

Дапамагаючы людзям адкрываць для сябе міласэрнасць, Касцёл заклікае да навяртання — прамога выніку такога адкрыцця, бо, прыняўшы веру, чалавек такім чынам знаходзіць Айца, які «шчодры на міласэрнасць». Гэты ўдзел ў міласэрнасці Збаўцы адбываецца перш за ўсё ў таямніцы Эўхарыстыі і ў таямніцы пакаяння і прабачэння. Але Касцёл заклікае таксама веруючых быць  міласэрнымі да бліжніх і да ўсёпрабачэння і згоды з імі, гэта значыць да практычнага ўвасаблення «любові як яднаючай і разам з тым рухаючай сілы — любові міласэрнай». 

Міласэрнасці да братоў у Хрысце Папа надае вялікае значэнне не толькі таму, што міласэрнасць робіць справядлівасць больш поўнай і змякчае пакуты чалавека ў грамадстве, але і таму, што яна аб’ядноўвае нас з Хрыстом і з бліжнімі, што гэта форма праяўлення любові на самай справе, актуалізацыя яе прысутнасці ў чалавечым свеце. Аднак Папа ў гэтым разважанні робіць яшчэ адзін крок наперад і ў цікавым глыбокім аналізе паказвае нам, якім чынам праз праяўленне міласэрнасці да бліжніх падыходзіць да адкрыцця і здабывання сваёй уласнай годнасці, укрытай цяжарам граху. 

Папа бачыць сутнасць любові ў самаахвяраванні, падобна да таго, як Хрыстус узлюбіў нас і аддаў нам самога сябе; грэх у такім разуменні — супрацьлегласць любові, спроба захапіць тое, што нам не належыць, таксама як і грэх нашых прабацькоў быў спробай захапіць тое, што належала самому Богу: «...вы будзеце, як богі, якія ведаюць дабро і зло». Такім чынам, праяўляючы любоў і міласэрнасць да іншых, чалавек як бы нанова падымаецца да ўзроўню Божай любові, ахвяруючы сабой дзеля іншага чалавека, а Бог гэтую міласэрнасць «прымае як праяўленую да Яго самога»

Задача Касцёла, нарэшце, у тым, каб весці людзей да згоды з Айцом, які надзяліў іх сваёй міласэрнай любоўю, і з бліжнімі, да якіх Хрыстус адносіцца як да сваіх братоў, узлюбіўшы і аддаўшы сябе за іх, — увесці іх у сферу любові, якая мацнейшая за грэх. Папа звяртае ўвагу на незаменную ролю сакрамэнту пакаяння ў збаўленчай місіі Касцёла. Гэтая роля можа быць рэалізаванай толькі пры ўмове, што чалавек адкрывае ў сабе пачуццё граху і нанова яго ўсведамляе, бо толькі такім чынам ён можа ізноў адчуць імкненне атрымаць Божыя ласкі. Пры гэтым Ян Павел IІ падкрэслівае цесную сувязь паміж пакаяннем і Эўхарыстыяй, якую ён называе святой таямніцай з’яднання з Хрыстом. Менавіта яна ўвасабляе таямніцу ахвяры, якую Ён прынёс Айцу сваёй смерцю на крыжы і на якую Айцец адказаў уваскрасеннем — дараваннем новага, вечнага жыцця. 

Касцёл, наследуючы прыклад Хрыста, вучыць людзей самаўдасканаленню і здабыванню святасці ў працы, якая ёсць нічым іншым, як удзелам у дзеянні самога Творцы. 

Усе гэтыя дзеянні Касцёла скіраваныя на тое, каб міласэрная любоў Бога ізноў у поўнай меры заняла сваё месца ў чалавечым свеце, каб яна служыла еднасці і згодзе людзей з Богамі і з братамі і каб у выніку гэтага годнасць і вартасць чалавека ізноў заззялі ў поўным бляску, бо хто прабачае, і той, хто атрымлівае прабачэнне, сыходзяцца ў адным прынцыповым моманце: гэтым момантам з’ўляецца годнасць як асноўная каштоўнасць чалавека. 

Ганна Страшкевіч,

доктар сацыяльных навук.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней