Як маліцца, калі страшна? На гэтае пытанне кожны мусіць адказаць сам сабе, бо ўніверсальнага адказу на яго няма. Ад таго, які страх мы адчуваем, будзе залежаць і спосаб нашай малітвы. Ёсць страхі, якія з’яўляюцца вынікам граху. У Кнізе Быцця паказана, як цесна звязаны страх першых людзей з грахом, які яны ўчынілі: «Калі пачулі яны голас Пана Бога, які хадзіў па садзе падчас дзённай прахалоды, тады схаваўся Адам і яго жонка ад Пана Бога сярод дрэў раю» (Быц 3, 8). Але ёсць і трывога Хрыста: прыгнечаны Езус маліўся яшчэ руплівей, а Яго пот сцякаў на зямлю і быў чырвоны, як кроплі крыві (гл. Лк 22, 44). Баючыся ажно да крывавага поту, Езус не ўцякае ад Айца, а наадварот, упарта Яго шукае.
Можна распазнаць крыніцу страху па яго пладах. Калі страх змушае нас аддаліцца ад Бога, выклікае маладушнасць, гэта азначае, што ён цесна звязаны з грахом, можа, такім, які мы яшчэ самі не ўсвядомілі. Найбольшы грэх, які часта хаваецца ў глыбінях душы і які мы не ўсведамляем, — гэта пыха.
Існуюць таксама страхі, звязаныя не з грахом, а з нетрываласцю чалавека, які жыве «ў даліне слёз». Езус адчуваў страх і трывогу, хоць быў самым нявінным з нявінных. Ён учыніў нашыя грахі сваімі, як сказаў прарок Ісая: «Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе» (Іс 53, 5). Нашыя грахі трывожылі Хрыста. Яны сталі для Яго ўдарам і пагрозаю для Яго зямнога жыцця.
Страх — гэта рэакцыя,
якая «служыць» абароне жыцця.
Зямное жыццё — гэта каштоўнасць, дар.
Таму натуральна баяцца,
што нехта можа яго параніць, знішчыць.
Мы бываем безразважлівыя і неразумныя, самі знішчаючы сваё жыццё і неразумна рызыкуючы ім. А таму страх часта мае дзве прычыны: з аднаго боку, ён з’яўляецца натуральнаю абарончаю рэакцыяй, а з іншага — звязаны з нашымі грахамі, часта неўсвядомленымі.
Духоўнаму жыццю патрэбна духоўнае распазнанне, уважлівая ацэнка ўнутраных перажыванняў. Неабходна асцярожна ставіцца да ўсіх нашых адчуванняў і эмоцый, магчыма, нават з пэўнай падазронасцю і недаверам. Трэба «баяцца сябе, не давяраць сабе, быць падазроным і асцярожным да розных неадназначных натхненняў, якія спараджаюцца ў глыбінях нашай падсвядомасці».
Страх, зайздрасць, гнеў і іншыя адмоўныя пачуцці — гэта балючы досвед. У такім стане, перажываючы моцныя негатыўныя эмоцыі, мы можам спакусіцца і выбраць для сябе пазіцыю ахвяры: вінаваціць іншых людзей, адмаўляцца ад адказнасці за сваё жыццё і перакладаць яе на іншых.
Пісьменнік Густаў Херлінг-Грудзінскі распавядаў пра тое, як сустрэўся ў Рыме з адным чалавекам адразу пасля вайны. Гэты чалавек разам з ім быў вязнем у савецкім лагеры. У даверлівай размове былы сулагернік прызнаўся, што ў той час кіраўніцтва лагера паставіла яго перад трагічным выбарам: або ён даносіць на сваіх чатырох сяброў, і іх чакае пагібель, або адмаўляецца і гіне сам. Ён распавядаў: «І я зрабіў выбар… Я быў ужо сыты лесам і гэтым страшным штодзённым выкручваннем з пасткі смерці, я хацеў жыць. І таму данёс. Іх расстралялі за зонаю праз два дні. Ты ж ведаеш, да чаго нас тады давялі. Скажы толькі: я цябе разумею». Але Густаў не сказаў гэтых словаў. Ён узгадвае: «Я ўстаў і, не гледзячы яму ў вочы, падышоў да вакна. Не паварочваючыся, я чуў, як ён выйшаў і ціха зачыніў дзверы».
Нельга апраўдаць здраду, злачынства і хлусню, якія чыняцца пад уплывам страху за сваё жыццё. Толькі Пан Бог мог бы сказаць гэтыя словы: «Я цябе разумею». Ён сапраўды разумее здрады, якія мы чынім ад страху, зайздрасці і гневу. Найскладанейшыя сітуацыі, якія пужаюць нас, — гэта цяжкі крыж. Аднак гэта не вызваляе нас ад маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Усвядомленыя, яны могуць стаць для нас ачышчэннем. У страху нам трэба маліцца аб паставе вернасці Богу, людзям і свайму сумленню.
Айцец Юзаф Аўгустын SJ
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле кнігі «Пра духоўнае жыццё і малітву»,
Wydawnictwo M, Кракаў, 2014.